Коцімся ў палонку

Ледзьве не кожны дзень у народа адно пытанне: калі і па якім курсе з’явяцца замежныя грошы ў абменніках? Але грошы — гэта толькі адзін са складнікаў злучаных пасудзінаў усёй эканамічнай сістэмы.



Нацбанк дзейнічае ў звычайным ключы, спрабуючы даць палёгку ўсёй эканоміцы, і фактычна, робіць тое, пра што казалі незалежныя эканамісты і эксперты ўвесь мінулы год. За мінулы тыдзень галоўнае фінансавае ведамства прыняло шэраг рашэнняў, якія павінны падштурхнуць краіну да выхаду з таго калапсу, у якім яна загразла.

Найперш, Нацбанк параіў банкам знізіць стаўкі па дэпазітах. На фоне ранейшага абвалу беларускага рубля ён патрабаваў іншае — прыцягваць грошы насельніцтва пад шалёныя стаўкі, якія заходзілі за 50% гадавых. Зараз рэгулятар зразумеў, што ў такім выпадку крэдыты будуць «каштаваць» не менш чым 60%. І іх ніхто браць не будзе. Таму і была выдадзеная новая дырэктыва, і дэпазітныя стаўкі пайшлі ўніз.

Гэта значыць, што ўніз пайшлі і крэдытныя працэнты. То бок, лягчэй узяць крэдыт прадпрыемству і аднавіць сваю дзейнасць. Гэта разумна.

У той жа час Нацбанк, як і было спрагназавана тымі ж незалежнымі эканамістамі, на 30% дэвальвацыі не спыніўся. У сераду, 14 студзеня, на Беларускай валютна-фондавай біржы рубель спусціўся адразу на 4,7%, перасягнуўшы новую псіхалагічную мяжу ў 15 тысячаў за долар. Такім чынам, распачатая 18 снежня мінулага года дэвальвацыя беларускага рубля ўжо склала амаль 38%.

Чым ніжэй падае рубель, тым далей мы ад «абяцанага гарантаванага заробку» ў $500. Пра тое, што ў гэтым годзе Чацверты ўсебеларускі сход 2010 года нам абяцаў заробак пад $1000, казаць і не варта.

Затое дэвальвацыя імкліва абясцэньвае нашы складскія запасы, і больш шансаў ад іх пазбавіцца, то бок прадаць гэтую прадукцыю, атрымаўшы хоць і зменшаныя, але ж грошы.

Але па-ранейшаму ва ўрадзе, нават у абноўленым Аляксандрам Рыгоравічам напярэдадні 2015-га, — «плюралізм у адной галаве». Пакуль Нацбанк імкнецца ратаваць беларускія прадпрыемствы, Міністэрства гандлю працягвае спробы пакласці іх у труну і як мага хутчэй закапаць.

Мы ўжо пісалі пра «калядны падарунак» Аляксандра Лукашэнкі, які забараніў падымаць кошты да 15 студзеня, каб беларусы маглі годна адсвяткаваць Новы год. І казалі, што на фоне росту курсу долара такое рашэнне забівае імпарцёраў. Мінгандаль пайшоў далей, і забараніў падымаць кошты не толькі да 15 студзеня, а ўвогуле.

«Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 19 снежня 2014 №1207 «Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку» ўсталяваная забарона на павышэнне коштаў. Пры гэтым тэрмін яе (пастановы — аўт.) дзеяння не абмежаваны часавымі рамкамі. Такім чынам, суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці пры фарміраванні цэн на спажывецкія тавары абавязаны кіравацца дзейным заканадаўствам аб цэнаўтварэнні, у тым ліку пастановай №1207», — гаворыцца ў паведамленні Мінгандлю РБ.

То бок, кошты забаронена павышаць увогуле! І гэта, як казалася раней, труна прамысловасці. Таму што эканамічныя пасудзіны — злучаныя.

Наша эканоміка, як кажуць у вядомым інтэрнэт-меме, «крыху меней чым поўнасцю» залежыць ад імпарту. Зайдзіце ў краму, паглядзіце. Яблыкі — польскія, грушы — італьянскія, маянэз — расійскі, сланечнікавы алей — украінскі. Нават хлеб у нас напалову імпартны. І электрычнасць — не цалкам свая. Як на тыдні паведаміла прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Беларусі Жанна Зянькевіч, Беларусь плануе ў гэтым годзе імпартаваць з Расіі каля 2,8 млрд. кВт/гадзінаў электраэнергіі.

Калі не падвышаць кошты на прадукцыю, якая мае ў сабе «доларавы складнік» (а гэта, як высвятляецца, амаль усё), як працаваць вытворцам? Долар даражэе, выдаткі на вытворчасць узрастаюць. Вось 13 студзеня павысілася цана бензіну, не крытычна, але на 4,7%. Зараз літр «эталоннага» АІ-92 (К5) каштуе 11.100 рублёў супраць 10.600 раней. А гэта ўсё — выдаткі, прынамсі, на тое, каб развезці прадукцыю па крамах!

Выдаткі, як ужо казалася, растуць, прыбытак з-за замарозкі цэнаў — на нулі, калі не ў мінусе. У выніку той самы «рэальны сектар», якім мы так ганарыліся, проста збанкручваецца. А хто будзе ратаваць яго ад гэтага банкруцтва? Найперш, той жа самы Нацбанк, разам з астатнім урадам, даруючы прадпрыемствам «незваротныя» крэдыты, і выдаючы ім новыя.

Але адкуль возьмуцца грошы на гэтыя незваротныя крэдыты? Нічога не застанецца, як уключыць друкарскі станок, нарабіць новых грошай, і зноў — прывітанне, інфляцыя, і новая дэвальвацыя! «Пасудзіны» жа злучаныя, і неразрыўныя, як Штаты.

Можа быць, Мінгандаль яшчэ разбярэцца ў гэтай сітуёвіне і, калі апынецца ў халоднай палонцы, будзе больш цвяроза і глабальна глядзець на рэчы.

Але ва ўсім трэба шукаць не толькі адмоўнае, але і станоўчае. Валютна-фінансавы крызіс ударыў не толькі па шараговых беларусах і беларускаму бізнэсу. Пад ягоны каток трапіў і іншы «бізнэс». Як паведаміў у сераду ў Мінску на прэс-канферэнцыі начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч, у крызісе апынуліся беларускія наркагандляры. Паводле ягоных словаў, айчынныя «распаўсюднікі смерці» зазналі дэфіцыт кадраў. «Мы сталі выходзіць на аб’явы, калі распаўсюднікі наркотыкаў ужо шукаюць «закладнікаў» (тых, хто робіць «закладкі» разавых дозаў наркотыкаў у схованках)», — паведаміў Лосіч. Ён адзначыў, што наркараспаўсюджвальнікі маюць зараз «дэфіцыт» у такой «пяхоце» і спрабуюць у сваіх аб’явах прыцягнуць «пешак» заробкамі і бонусамі.

Праўда, які «сацпакет» у наркагандляроў, Лосіч не агучыў. Але, паводле новага дэкрэту, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня, за распаўсюд наркотыкаў можна атрымаць ад 8 да 25 год «дзяржаўнага ўтрымання».

Каментаваць