Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Колькасць ІП у Беларусі скарацілася на 6 тысяч

На 1 ліпеня 2017 года ў Беларусі дзейнічала 140,2 тыс. юрыдычных асоб і 245,3 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.



Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 ліпеня 2016 года знізілася на 1,4%, ІП — скарацілася на 6 тыс., або на 2,4%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб знізілася на 1,7%, ІП — зменшылася на 0,9%, паведамляе belapan.com.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Мінску — 49.469 (за год іх колькасць скарацілася на 1,1%). У Мінскай вобласці іх было 26.081 (скарачэнне на 1,1%), у Берасцейскай — 14.481 (на 0,6% менш), Гомельскай — 13.896 (на 0,5% менш), Віцебскай — 13.013 (на 3,3% менш), Магілёўскай — 11.776 (на 3,8% менш), Гарадзенскай — 11.533 (на 1,4% менш). Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Мінску — 79.731 (за год іх колькасць знізілася на 0,3%). У Мінскай вобласці іх налічвалася 37.001 (змяншэнне на 1,1%), у Берасцейскай — 32.301 (на 2,9% менш), Гомельскай — 26.686 (на 1,5% менш), Гарадзенскай — 25.018 (на 5,7% менш ), Магілёўскай — 22.679 (на 3,7% менш), Віцебскай — 21.857 (на 6,9% менш).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,8% у агульнай колькасці дзейных арганізацый (на 1 ліпеня 2016 года — 12,8%). З 140,2 тыс. дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 31,8 тыс. (22,7% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 108,4 тыс. (77,3%). У першым паўгоддзі 2017 года зарэгістравана 5.438 юрыдычных асоб і 17.199 індывідуальных прадпрымальнікаў. Ліквідавана 4.055 юрыдычных асоб, спынілі сваю дзейнасць 18.583 ІП.

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Перспектыва” Анатоль Шумчанка раней у каментары БелаПАН адзначаў, што скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў звязана з "адсутнасцю належных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці — для таго каб людзі адкрывалі свой бізнес і працавалі без залішніх адміністрацыйных і падатковых перашкод”.
"Няма стымулюючых фактараў для развіцця, няма магчымасці бяспечна ажыццяўляць сваю дзейнасць”,
— лічыць Шумчанка.

На яго думку, прадпрымальнікі не давяраюць дзяржаве і, каб засцерагчы раней укладзеныя ў справу сродкі, спыняюць дзейнасць. На зніжэнне колькасці ІП паўплывала і прыняцце ўказа прэзідэнта № 222, які ўскладніў працу.

Падобнае да гэтага меркаванне выказваў і дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч. Ён звязаў скарачэнне ІП з нестабільнай заканадаўчай базай, якая рэгулюе іх дзейнасць. "Умовы працы пастаянна змяняюцца. Як толькі нейкая катэгорыя прадпрымальнікаў пачынае "жыць добра” з пункту гледжання ўладаў, тут жа для іх робяць невыносныя ўмовы”, — лічыць дырэктар цэнтра.


Каментаваць