Куды сыходзяць свінні

Усе ведаюць, што галоўнай прычынай для нездавальняючага стану айчыннай прамысловасці з’яўляецца празмернае павялічэнне складскіх запасаў гатовай прадукцыі.



У адрозненні ад прамысловасці, сельская гаспадарка мае ўстойлівы збыт. Прыкладам, аграрнікі разам з перапрацоўшчыкамі, якім хоць і даво­дзіцца весці з пакупнікамі «лакальныя войны» за збыт, урэшце дабіваюцца свайго. Скажам, у мінулым годзе доля сельскагаспадарчай прадукцыі склала амаль 60% усяго спажывецкага тавару Беларусі. Больш, чым бытавой тэхнікі, тканін, адзення, абутку, вырабаў бытавой хіміі. Карацей, больш, чым уся прамысло­васць...

Вядома, што сярод іншых галін эканомікі аграпрамысловы комплекс лічыцца прыярытэтным, і таму ад яго чакаюць надзвычайных поспехаў. І, калі ўжо гаварыць пра тэндэнцыі, яны павінны мець выразныя прыкметы. І прыкметы ёсць, аднак яны не радуюць. Па дадзеных Белстата, у мінулым годзе вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі скарацілася на 6%. Але пры гэтым вытворчасць зерневых і зернебабовых склала толькі 82,2% у параўнанні з 2012 годам, бульбы — 85,5%. А гэта базавыя культуры. Па зерневых разлічваюць узровень нацыянальнай харчовай бяспекі. А бульба, якая лічыцца «другім хлебам», акрамя скарачэння вытворчасці вызначаецца і катастрафічным падзеннем якасці. Нездарма айчынныя аграрыі патрабуюць падвысіць мытныя бар’еры для імпарту бульбы ў Беларусь.

Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі больш незалежная ад надвор’я. Таму мае сэнс разважаць аб працяглых тэндэнцыях, якія існуюць для вызначэння стратэгічнага развіцця галіны. Прыкладам, у малочнай жывёлагадоўлі рабілася стаўка на ўстойлівае падвышэнне эфектыўнасці да 7–10 літраў малака ад каровы, што абяцала канчаткова вырашыць гэту праблему, выйсці на сярэднееўрапейскі ўзровень. Аказалася, трэба пачакаць. Як кажуць спецыялісты, не год і не два, а нашмат болей.

Што тычыцца птушкаводства, то гэта больш «фабрычная» вытворчасць, чым сялянская, і таму патрабуе амаль што выключна фінансавых рэсурсаў. Зразумела, дзяржаўных рэсурсаў, бо гэта вытворчасць таннага мяса для насельніцтва, якое не мае высокіх прыбыткаў.

Рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой склала 108,3% у параўнанні з 2012 годам. Але радавацца няма чаму. Прыкладам, у асобных раёнах рэалізацыя павысілася на 25–29% (Кобрынскі, Пінскі, Пружанскі), на 20,2% — у Чашніцкім раёне, на 38–39% (!) — Лельчыцкім і Кармянскім раёнах.

У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці рэалізацыя жывёлы і птушкі падскочыла ў параўнанні з 2012 годам на 46,9%. Відавочны форс-мажор у «асобна ўзятым» сельскім раёне, дзе давялося пусціць пад нож палову свінога статку, якому пагражала магчымасць за хварэць ад АФЧ.

Па стану на 1 студзеня 2013 года грамадскія гаспадаркі мелі 3,304 мільёна свіней, на 1 студзеня 2014 года засталася 2,797 мільёна (84,6%). У Брэсцкай вобласці засталося 82% статку, у Віцебскай — 64,7%, у Гомельскай — 97,6%, у Гродзенскай — 89,3%, у Мінскай — 87%, у Магілёўскай — 87,4%.

А пагалоўе свінога статку ў гаспадарках Баранавіцкага раёна паменшылася з 82,26 да 35,03 тысяч галоў (да 42%). З гэтай жа нагоды ўпершыню за ўсю гісторыю калгаснай эканомікі Беларусі з’явіліся «свабодныя ад свіней» раёны. Яшчэ год таму кожны раён меў хоць маленькую свінаферму, зараз яны пазакрываныя ў 17 раёнах усіх абласцей.

Памятаю, як у 1999 годзе, калі гаспадаркі не назапасілі дастатковай колькасці кармоў, было прынята рашэнне вывезці кароў з бедных калгасаў на зімоўку ў багатыя. З прыходам вясны большая частка гэтай скаціны не вярнулася дахаты. Трапіла на мясакамбінаты.

Здаецца, і свінні больш не вернуцца ў тыя 17 раёнаў.

Каментаваць