Купляйце беларускае!

Мы ізноўку на мяжы «малочнай вайны». Гэтым разам ужо не з Расіяй — з Казахстанам. Нурсултана Абішавіча Назарбаева, бачыце, хвалюе, якое малако п’юць казахі. Хай п'юь кумыс!



Назарбаеў паскардзіўся Пуціну, што Лукашэнка закідвае Казахстан сухім малаком і ўводзіць у зман мясцовага спажыўца. «Так, элементарна няма выразнай мяжы паміж натуральным і адноўленым малаком. Мы з нашым сябрам Аляксандрам Рыгоравічам спрачаемся. Ён шпарыць туды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца. Гэта зусім не цэльнае малако, гэта малочны напой, ён на Захадзе такім і лічыцца, а прадаецца па такіх жа коштах, па якіх прадаецца наша малако», — енчыў Назарбаеў.

Чаму Нурсултан Абішавіч скардзіўся на гэта Уладзіміру Уладзіміравічу — невядома. Па ідэі, ён бы мог вырашыць гэтую праблему з беларускім калегам сам-насам. Але ён прымусіў Аляксандра Рыгоравіча даць публічны адказ.

З гэттага адказу вынікае, што натуральнага малака ўвогуле ў прыродзе не існуе. «Няма такога вызначэння «натуральнае малако». Усе выдатна разумеюць, што і Расія, і Беларусь узаемна «сушаць» гэта малако, выдаляюць ваду. Калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расія заказвае ў Беларусі, мы часта купляем у Расіі гэта малако, разводзім яго, гэта значыць дадаючы ваду, і атрымліваецца нармалізаванае малако», — абвінаваціў Лукашэнка Назарбаева ў некампетэнтнасці.

Хаця, насамрэч, я б на месцы Аляксандра Рыгоравіча не даваў бы адказу Нурсултану Абішавічу ўвогуле. Не хочуць беларускага малака — хай п’юць кумыс. Ці купляюць малако ў Расіі.

Але ў Расіі гэтае малако не купіш. Усе звыклі, што Рассельгаснагляд — страшэнная і жудасная кантора. Яна заўсёды прыдзіраецца да беларускіх прадуктаў: то адно там не так, то іншае. Пэўна, каб пазбегнуць абвінавачанняў у заангажаванасці, той самы Рассельгаснагляд у жніўні праверыў расійскую прадукцыю. Эксперты даследавалі ўзоры расійскага малака, малочнай прадукцыі, свініны і птушкі.

Вынікі аказаліся жудаснымі. У 100% (ста працэнтах!) доследных узораў расійскай прадукцыі эксперты выявілі ўтрыманне амфеніколаў, антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы і метабаліты нітрафуранаў.

Так што: альбо беларускае — альбо кумыс.

Гэта была б прыватная спрэчка двух кіраўнікоў дзяржаваў, калі б не далёка ідучыя высновы, якія зрабіў беларускі правадыр з гэтай размовы. А высновы такія: сінявокай не трэба ўступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, куды ўжо ўвайшлі Казахстан і Расія.

«Я шчыра вам скажу, мы не спяшаемся ўступіць у СГА. Я думаю, што нам трэба моцна прааналізаваць сітуацыю. Можа быць няўдзел Беларусі ў СГА прынясе карысць большую, чым ўступленне ў СГА», — заявіў Лукашэнка.

Ён негатыўна адгукнуўся пра ўмовы, на якіх Казахстан ўступіў у СГА. «Апошнія дамоўленасці Казахстана з СГА і тыя мытныя пошліны, пра якія яны дамовіліся, стварылі рэальную праблему функцыянавання нашага адзінага эканамічнага саюза. І мы вымушаны прыстасавацца да таго, што там навараціў з СГА Казахстан. І гэта будзе не проста, таму што там панізілі пошліны так, што можа хлынуць прадукцыя на расійскі і беларускі рынкі», — адзначыў ён.

Такім чынам Лукашэнка яўна і недвухсэнсоўна выказаўся: ён будзе абараняць свае прадпрыемствы і сваю прадукцыю любымі сродкамі. Зразумела, што ўмовы СГА — гэта свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслугаў, у выніку чаго больш танныя і больш якасныя тавары проста заб’юць айчынную прамысловасць. Уступленне ў СГА — адначасна і адмова ад рэгулявання імпарту, што зараз любымі сродкамі спрабуюць зрабіць улады. А абмежаванне імпарту — гэта значыць амаль прымусова «купляйце беларускае».

Апроч таго, уступленне ў СГА накладае і абавязкі. Напрыклад, абавязкі сур’ёзна абмежаваць падтрымку дзяржаўнай вытворчасці. А тое мы так датуем тое ж малако, што яно каштуе значна менш за імпартныя аналагі, і адпаведна, можа быць абвінавачанае ў недобрасумленнай канкурэнцыі. Гэтыя датацыі таксама прыйдзецца спыніць, што роўназначна загібелі такой мілай сэрцу Жрэара Дэпард’ё сельскай гаспадарцы.

А з іншага боку: як не ўступіць у СГА, калі ўсе нашыя асноўныя эканамічныя партнёры ўжо там? Чаму з падзеннем расійскага рубля нашыя грамадзяне ірванулі на шопінг у Расію? Менавіта таму, што яна ў СГА, і там можна было танней набыць тыя ж тавары, што і ў Літве, і ў Польшчы. Нашая адмова ад СГА будзе спрыяць вымыванню валюты з краіны, — прычым, не толькі ў заходнім, а ўжо і ва ўсходнім напрамку.

Вось такая дылема ў беларускага кіраўніцтва. З аднаго боку кепска, і з іншага не лепей.

А яшчэ супраць падтрымцы беларускага вытворцы выступіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Падавалася б, нядаўна Аляксандр Рыгоравіч правёў нараду па алкагольным рынку Беларусі, у выніку чаго былі знятыя рэгіянальныя абмежаванні на час продажу алкаголю, а розныя кавярні і рэстарацыі прымусілі прадаваць гарэлку хіба што не па сабекошце. Што з гэтага атрымліваецца?

СААЗ канстатуе: Беларусь зноўку апынулася сярод лідэраў па спажыванні алкаголю. 14,4 літра чыстага спірта ў год на чалавека. Адначасна сінявокая разам з Літвою з’яўляюцца лідэрами па колькасці самагубстваў. Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі, Расіі і Малдове складае 71 год, —  у Францыі, Італіі і Іспаніі гэты паказчык на 11 гадоў большы.

Пасля такіх лічбаў трэба тэрмінова вяртаць усе алкагольныя абмежаванні, і праводзіць новую нараду па абароце алкагольнай прадукцыі.

Але пакуль што мы рухаемся ў адваротным кірунку. Як паведаміў намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун, у краіне могуць быць адмененыя абмежаванні, уведзеныя на інтэрнэт-гандаль алкагольнай прадукцыяй і цыгарэтамі.

На думку чыноўніка, любыя меры рэгулявання ў гандлі накіраваныя на найбольш поўнае задавальненне патрэбаў насельніцтва, а таксама на тое, каб засцерагчы пакупніка ад няякаснага, несертыфікаванага і кантрафактнага тавару. «Нельга не прызнаць, што абмежаванні на гандаль алкаголем і цыгарэтамі ў інтэрнэце звужаюць магчымасці пакупнікоў, асабліва тых групаў насельніцтва, для якіх дыстанцыйны заказ і дастаўка тавараў найбольш актуальныя», — адзначыў намеснік міністра.

Вось узрадуецца «шкалата»! Праз інтэрнэт жа не бачна, ці дасягнуў пакупнік алкаголю і цыгарэтаў 18-гадовага ўзросту. І не аддаць гарэлку непаўналетняму, які ўжо аплаціў заказ банкаўскай карткай, таксама нельга. Бо аплочана!

Так што будзем мы хадзіць у беларускім, п’яныя і дурныя.

Каментаваць