Курс беларускага рубля і надалей будзе залежаць ад курса рубля расійскага

На пачатку тыдня беларускі рубель упэўнена ўзмацняў свае пазіцыі ў дачыненні да долара і еўра. Аднак ужо ў сераду беларуская нацыянальная валюта зноў здала свае пазіцыі.



Так, долар падскочыў на 228 пунктаў і каштаваў 21 914 рублёў. У сваю чаргу, еўра стаў даражэй на 247 пунктаў і набраў 24 438 рублёў. А вось расійскі рубель патаннеў на 3,22 пункта і склаў 281,1 беларускага рубля. Што будзе далей?

Па каментар «Новы Час» звярнуўся да аналітыка даследчае групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі.

Паводле эксперта, Беларусь шмат у чым прывязалася да расійскага рубля, зараз можна назіраць вельмі цесную карэляцыю паміж дынамікай абменнага курса расійскага рубля да долара ЗША і курса беларускага рубля да амерыканскага долара.

«Па сутнасці, Нацыянальны банк Беларусі здолеў перамясціць абменны курс беларускага рубля да расійскага ў больш прымальны дыяпазон, у раён 280 рублёў за 1 расійскі рубель, і гэты курс выглядае больш прымальным для беларускіх экспарцёраў, што працуюць на расійскім рынку, чым курс 245–250 беларускіх адзінак. Нацбанк, як можна назіраць, прывязаў дыяпазон курса беларускага рубля ў памеры 259–296 рублёў за адзін расійскі рубель, каб падтрымаць канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў на беларускім рынку, — адзначае эканаміст. — Крыху незвычайна выглядае дыяпазон, у той жа час гэта сведчыць не аб жорсткай прывязцы».

Але, працягвае суразмоўца, мы назіраем даволі цесную карэляцыю, і далейшая дынаміка беларускага рубля да курса долара і еўра будзе істотна залежаць ад курса расійскага рубля да амерыканскага долара, які, у сваю чаргу, будзе залежаць ад кошту нафты на міжнародным рынку.

«Але самі кошты на нафту зведваюць апошнім часам валацільнасць, і я мяркую, што гэтае кароткачасовае ўмацаванне беларускага рубля было звязана з умацаваннем на міжнародным рынку расійскае валюты на тле лакальнага росту цэн на нафту. Таму надалей варта глядзець на кошты на нафту і на расійскі рубель», — раіць эканаміст.

Бо калі будзе ўмацоўвацца расійскі рубель, то і рубель беларускі можа пачаць умацоўвацца. «Аднак, я мяркую, што ён узмоцніцца ў меншай ступені параўнальна з расійскім. Нацбанк, магчыма, пад ціскам ураду можа яшчэ больш прасунуць курс беларускага рубля ў меншы бок да расійскага, нават да 300 адзінак за расійскі рубель, каб крыху аблегчыць жыццё беларускім экспарцёрам на расійскім рынку, павысіць узровень канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў, якія працуюць на расійскім рынку, і беларускіх прамысловых гігантаў, якія цяпер абсарбуюць дастаткова вялікую колькасць працаўнікоў. То бок, тут яшчэ і пытанні сацыяльныя», — падкрэслівае Аляксандр Муха. 

            

І ўсё ж эксперт прапануе сачыць за нафтавымі коштамі на сусветным рынку. У выпадку іх падвышэння — беларускі рубель будзе расці, хоць і не так хутка, як расійскі. Але найбліжэйшым часам гэта малаверагодна. 

Каментаваць