Курс рубля зноў падтрымліваецца штучна. Што будзе?

У сакавіку попыт на долары перавысіў прапанову. Каб не дапусціць паслаблення беларускага рубля, Нацыянальнаму банку зноў давялося звярнуцца да валютных інтэрвенцый.

У сакавіку попыт на долары перавысіў прапанову. Каб не дапусціць паслаблення беларускага рубля, Нацыянальнаму банку зноў давялося звярнуцца да валютных інтэрвенцый.

Такую выснову робіць interfax.by, грунтуючыся на дадзеных Беларускай валютна-фондавай біржы. У перыяд з 1 па 26 сакавіка на таргах БВФБ валавы попыт на долары перавысіў прапанову амаль на 94 мільёнаў USD. Па логіцы курс беларускага рубля ў адносінах да амерыканскай валюты павінен быў знізіцца. Але на практыцы ён вырас, хоць і нязначна, што «сведчыць аб аднаўленні валютных інтэрвенцый з боку НББ пасля амаль 4-месячнага перапынку».


Ёсць і іншыя падставы меркаваць, што курс рубля падтрымліваецца штучна. Як піша «Белгазета», «паказчыкі грашовай масы пайшлі ўгару тэмпамі, якія бянтэжаць».


У лютым аб'ём наяўных грошай (паказчык М0) павялічыўся на 12,7%, грашовы агрэгат М1 — на 13,4%, рублёвая грашовая маса (М2) — на 9%. Шырокая грашовая маса на пачатак сакавіка склала 114,9 трыльёна рублёў — большага паказчыка М3 ў гісторыі Беларусі не было.


Тым, для каго ўсе гэтыя М0, М1 і гэтак далей — цёмны лес, растлумачым: друкаваны станок зноў уключыўся. І гэта яшчэ да пасяўной, на якую спатрэбіцца амаль 10 трыльёнаў рублёў.


Дарэчы, інфляцыя ў Беларусі з пачатку года склала ўжо каля 5%, а вось рубель за гэты ж перыяд не патаннеў, а падаражэў у адносінах да долара больш, чым на 4%. Звычайна так не бывае.


Аднак усё гэта кветачкі ў параўнанні з нашымі «бліскучымі» перспектывамі. Акрамя валютных інтэрвенцый на біржы, Нацыянальны банк зараз стэрылізуе рублёвую масу шляхам дэпазітаў і кароткатэрміновых аблігацыйных пазык аж пад 30%. Але доўга так працягвацца не можа. Тым больш, што ўжо абвешчана пра планаванае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. А разам з ёй ўпадуць і працэнты па дэпазітах, як для суб'ектаў гаспадарання, так і фізічных асоб. Што аўтаматычна зробіць уклады ў нацыянальнай валюце менш прывабнымі. У выніку частка трымальнікаў пачне пазбаўляцца ад беларускіх рублёў. Узрасце попыт на замежную валюту. А ў выніку — чарговая дэвальвацыя: плаўная або абвальная.


Нават калі вышэй выкладзены сцэнар нейкім цудам атрымаецца прадухіліць, рубель гэта ў сярэднетэрміновай перспектыве не ратуе. Рэформы ў эканоміцы зноў адкладзеныя ў доўгую скрыню, а гэта значыць, што прычыны, якія прывялі да дэвальвацыі 2009 і 2011 гг., не ліквідаваны, піша «Салідарнасць». Больш за тое, улады зноў ўласнаручна арганізоўваюць чарговы крызіс, настойваючы на павышэнні заробку да 500 долараў на працягу года. Так што, чарговы абвал беларускага рубля — гэта толькі пытанне часу.

Паводле pyx.by

Каментаваць