Лепей бы маўчалі…

Нашы чыноўнікі ўсё пішуць планы, якім ад нараджэння не лёс ажыццявіцца. Асабліва парадавала навіна з Мінэканомікі. Яно распрацоўвае стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на перыяд аж да 2030 года!

 

«Загадам Мінэканомікі №59 ад 16 мая 2016 года зацверджаны склад рабочай групы па распрацоўцы стратэгіі пад кіраўніцтвам намесніка міністра Ірыны Касцевіч. Таксама ўдзельнікамі рабочай групы сталі прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, бізнес-супольнасцяў і прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

 

Мінэканомікі тлумачыць, што распрацоўка стратэгіі «абумоўлена неабходнасцю вызначэння прыярытэтных напрамкаў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Беларусі на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву і шляхоў іх рэалізацыі, стварэння спрыяльных умоў фармавання і функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя, фарміравання і рэалізацыі мэтавых праграм і планаў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, забеспячэння ўзгодненасці дзеянняў органаў дзяржаўнай улады розных узроўняў і малога і сярэдняга прадпрымальніцтва».

 

Пасля 222-га ўказу, сертыфікацый і ліцэнзій, беларускія гандлёвыя цэнтры і рынкі дагэтуль стаяць напаўпустыя. Прадпрымальнікаў паспрабавалі знішчыць як клас, і напалову гэта ўдалося. Другая палова настане ў чэрвені, калі, па словах аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху, заканчваецца своеасаблівы мараторый на праверкі сертыфікацыі тавараў. Пасля гэтага чыноўнікі зноў пойдуць адбіраць тавар у ІП. А Мінэканомікі нічога гэтага не бачыць. Яно распрацоўвае «прыярытэты» развіцця прадпрымальнікаў, прычым, аж да 2030 года.

 

Па маю думку, перш чым распрацоўваць «стварэнне спрыяльных умоў фармавання і функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя» ў наступным дзесяцігоддзі, трэба зрабіць так, каб такое асяроддзе было зараз. Яго ж проста няма. Ці ў Мінэканомікі ўзялі за аснову «Інтэрнацыянал»: «Увесь свет гвалту мы разбурым, дашчэнту, а затым, мы наш, мы новы свет збудуем...» То бок, спачатку вынішчым прадпрымальніцтва, а на яго месцы будзем ствараць новае.

 

З іншага бок, развіццё прадпрымальніцтва — задача двухбаковая. Гэта не толькі стварэнне ўмоў для ініцыятывы, чым марыць заняцца Мінэканомікі, гэта яшчэ і пытанне пакупніка. 


Практыка пачатку гэтага года паказала: любыя праграмы і палёгкі для ІП бессэнсоўныя, калі ў патэнцыйных пакупнікоў проста няма грошай, каб набыць тавары.

 

А грошай сапраўды няма. Паводле дадзеных найбуйнейшай у свеце базы кантэнту Numbeo, Беларусь заняла 54-е месца сярод 86 краін па ўзроўні жыцця. Гэта яшчэ няблага, бо лепш, чым у Расіі, якая заняла 72-е месца.

 

Паводле падлікаў Белстата, налічаная сярэдняя зарплата работнікаў у красавіку склала 7 мільёнаў 85 тысяч 990 рублёў. Такім чынам, яна зменшылася на 8500 рублёў. Аднак у валюце заробак вырас за кошт зніжэння курсу долара. Калі браць сярэднеўзважаны курс за красавік, то сярэдні налічаны заробак складае 356 долараў.

 

Але гэта «налічаны» заробак, а не рэальны, і тым болей не даход на душу насельніцтва. Паводле падлікаў інтэрнэт-газеты «Салідарнасць», за студзень-сакавік у пераліку на душу насельніцтва сярэдні беларус атрымліваў 4 мільёны 869 тысяч рублёў у месяц, што крыху больш за $236.

 

«Афіцыйная статыстыка, як правіла, імкнецца падфарбаваць стан рэчаў, таму рэальная карціна можа быць яшчэ горш», — патлумачыў эканаміст Барыс Жаліба. І нагадаў, што ў жніўні 2014 года ў нас сярэдняя зарплата па краіне была 612 долараў у эквіваленце.

 

А ўзяцца грошам няма адкуль. Наш асноўны партнёр — Расія, — сама ў крызісе (наконт яе ўзроўню жыцця глядзіце вышэй). Што моцна б’е па нашых прадпрыемствах.

 

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала справаздачы адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны за 2015 год. З іх бачна, што нават «гаспадары жыцця» імкліва бяднеюць. «Наша Ніва» склала топ-20 самых прыбытковых і стратных кампаній.

 

Лідарамі эканомікі засталіся «Беларуськалій» і «Мазырскі НПЗ». «Нафтан», які ў пазамінулым годзе зарабіў $200 млн., у мінулым годзе меў менш як $4 млн.

 

У 2014 годзе ў топ прыбытковых кампаній уваходзіў «Трайпл» Юрыя Чыжа з $65 млн. прыбытку. Па выніках 2015 года прыбытак усох да $3,3 млн. «Савушкін» Аляксандра Машэнскага зарабіў толькі $93 тысячы (!), тады як у пазамінулым годзе было больш за $40 млн. Анатоль Тарнаўскі са сваім «Юнівест-М» страціў $11,2 млн., а Аляксандр Шакуцін з «Амкадорам» — $13,7 млн. «Ростэм» Юрыя Авер’янава меў чыстых страт $2,6 млн.

 

Калі ўжо бяднеюць мільянеры, то што можна казаць пра простых грамадзян? Ці будзе каму і за што купляць у прадпрымальнікаў іх прадукцыю ў 2030 годзе?

 

Яшчэ адну цікавую прапанову выказала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яна прапанавала ўвесці страхоўкі па беспрацоўі. Як запэўніў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін ФПБ Максім Каршакевіч, страхоўкі «дапамогуць змагацца з беднасцю». ФПБ выступае за тое, каб распрацоўваць адпаведны законапраект пачалі ўжо ў наступным годзе, перадае БЕЛТА.

 

Як кажуць амерыканцы, «упс!». А што тады рабіць з фондам сацыяльнай абароны, якому ўсе пералічваюць працэнт заробку «на беспрацоўе»? Па ідэі, гэта і павінна быць той самай страхоўкай ад беспрацоўя. А чаму ФПБ маўчала, калі прымаўся дэкрэт пра лайдацтва? І што рабіць з самім дэкрэтам, калі лайдак атрымлівае страхоўку па беспрацоўі?

 

Я прапаную адразу страхаваць ад дэкрэта пра лайдацтва. Хай гэты падатак выплочваюць страхавыя кампаніі. Праўда, ніводная кампанія, у якой ёсць нармальнае кіраўніцтва, не возьмецца за рэалізацыю гэтай ініцыятывы ў той час, калі краіна па росце беспрацоўя лідзіруе сярод дзяржаў СНД.

 

Праўда, заўсёды ёсць «Белдзяржстрах», які можна прымусіць. Але ў такім выпадку ён проста збанкрутуе, і мы рызыкуем атрымаць беспрацоўных страхавальнікаў.

Каментаваць