Леанід Злотнікаў: Беларусь павінна перайсці ад каманднай да адкрытай эканомікі

Беларусь павінна перайсці ад каманднай да адкрытай эканомікі з прыватнай уласнасцю на зямлю і правядзеннем аграрнай рэформы. Пра гэта ў Мінску на I сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, прысвечанай эканамічным праблемам краіны, заявіў кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

 



Леанід Злотнікаў звярнуў увагу на тое, што пасля атрымання краінай незалежнасці айчынная наменклатура адвярнулася ад рыначных рэформаў і ўзяла курс на захаванне каманднай эканомікі згодна германскай мадэлі сацыялізму перыяду 1930-х гадоў, заснаванай на асабістай залежнасці кожнага ад дзяржавы. Аднак сусветны вопыт сведчыць, што магчымасці каманднай эканомікі даволі абмежаваныя. Так, апошнія 20 год у СССР адсутнічаў тэхналагічны прагрэс і пад’ём сельскай гаспадаркі.

Прыкладна такая ж сітуацыя сістэмнага крызісу ў апошнія 10 год складваецца ў Беларусі, дзе ўліванні вялізных сродкаў у мадэрнізацыю прамысловасці і сельскай гаспадаркі не даюць належнай аддачы. Прычым з кожным годам прадукцыя беларускай прамысловасці становіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай. Захоўваюць попыт толькі карысныя выкапні і прадукцыя першаснай перапрацоўкі (у тым ліку драўніна і металы), якую цяжка сапсаваць. Краіна ў прынцыпе не ўспрымае тэхналагічны прагрэс. Падаюць заробкі.

Навукоўца бачыць адзінае выйсце ў здзяйсненні ліберальнага праекту — пераходзе ад каманднай да адкрытай сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі згодна мадэлі, якую ажыццявіла ФРГ ў пасляваенныя гады.       

На думку доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, беларуская эканоміка заўсёды знаходзілася ў перманентным крызісе, а зараз назіраецца яго чарговае абвастрэнне. Калі ў 2008–2009 гадах адбываўся сусветны эканамічны крызіс, дык сёння эканамічны крызіс ахоплівае толькі краіны СНД і ідзе ад Расіі.

Асаблівасцю сённяшняй сітуацыі ў Расіі і краінах СНД з’яўляецца ўзаемасувязь эканамічнага і ваенна-палітычнага фактараў. Анексія Крыму прывяла да санкцый Захаду, зніжэнню ўдвая сусветных коштаў на нафту, абвалу эканамічнай сітуацыі ў Расіі і краінах СНД, у першую чаргу — эканомікі Беларусі, найбольш звязанай з расійскай.

Выхад з крызісу Жаліба бачыць у пакрокавым адыходзе ад расійскай эканамічнай залежнасці. Гаворка ідзе пра дыверсіфікацыю рынку вуглевадародаў, пра дыверсіфікацыю экспарту праз вяртанне айчыннай прамысловасці да формулы “прымальная якасць і невысокі кошт”, а таксама пра сур’ёзную мадэрнізацыю традыцыйных для краіны галінаў машынабудавання з дапамогай заходняга капіталу, які дае не толькі грошы, але і сучасныя тэхналогіі. Апроч таго, як лічыць Барыс Жаліба, дзяржава павінна адмовіцца ад палітыкі ўціску на айчынны прыватны бізнэс, каб ён змог паглынуць залішнія працоўныя рэсурсы.

Доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч гаворыць, што не ўсё так кепска ў айчыннай эканоміцы. Зацверджаны бюджэт на бягучы год з прафіцытам у 1 трл рублёў, нізкім узроўнем беспрацоўя, ураўнаважаным знешнегандлёвым балансам і стабілізаваным курсам беларускага рубля. Мае месца дыялог спецыялістаў з уладай. Урад распрацаваў праграму дзеянняў на 2015 год з цудоўным дэкларацыямі і слушнымі палажэннямі па ўсіх накірунках развіцця эканомікі.

Аднак важны недахоп праграмы — няма аналізу праблемы рэнтабельнасці прадпрыемстваў і шляхоў яе вырашэння. На думку навукоўцы, неабходна мяняць базавую мадэль эканамічнага развіцця Беларусі, для зніжэння коштаў забяспечыць дэцэнтралізацыю эканомікі і свабодную канкурэнцыю малога і сярэдняга бізнэсу, вырашыць праблему стабільнага валютнага курсу праз скарачэнне інфляцыі да 3-5 адсоткаў, дзеля чаго ўстанавіць жорсткі кантроль за ростам грашовай масы. 

Каментаваць