Лёгкае жыццё скончылася

Дзяржаве вельмі патрэбныя грошы. Але, каб атрымаць крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), афіцыйнаму Мінску давядзецца ісці на такія захады, якія не выклічуць задавальнення ў шараговых грамадзян.



Фота: sb.by


Так, да прыкладу, тутэйшы ўрад плануе найбліжэйшым часам вярнуцца да абмеркавання тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Пра гэта 1 снежня паведаміў віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, каментуючы вынікі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі пра ход перамоваў па праграме пашырэння фінансавання з Міжнародным валютным фондам (інфармацыя БЕЛТА). «Кіраўнік дзяржавы на пачатку размовы сказаў, што не бачыць нейкіх супярэчнасцяў у самой праграме з тым, што мы планавалі для сябе. Іншая справа — хуткасць рэалізацыі тых ці іншых дзеянняў. Размова была вельмі не простай, але цікавай для ўсіх бакоў. Засталося яшчэ вельмі далікатнае пытанне — гэта жыллёва-камунальная гаспадарка, тарыфы. Найбліжэйшым часам мы вернемся да гэтае тэмы і выйдзем на нейкае канчатковае рашэнне», — сказаў Мацюшэўскі.

А тым часам зрухі ў аплаце паслугаў для абывацеляў ужо пачаліся. Як падняліся і кошты. Так, ад 1 снежня выраслі расцэнкі для насельніцтва на прыродны і звадкаваны газ, тарыфы на электрычную і цеплавую энергію. Напрыклад, тарыф на энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння ўстаноўлены ў памеры 100 088 беларускіх рублёў за 1 гігакалорыю — падаражанне склала 3,8%.

Апроч таго, 1 снежня павысіліся кошты на большасць марак цыгарэт, у залежнасці ад маркі цэны выраслі на 200–5000 рублёў.

«Узрадаваў» беларусаў і «Белтэлекам», які павысіў цэны на частку тарыфных планаў byfly: на 5–10,3% выраслі кошты на тарыфныя планы «Дамасед», «Дамасед Класік», «Дамасед плюс» і «Дамасед старт». Павялічыў кошты на інтэрнэт-тарыфы правайдар «Дзелавая сетка»: залежна ад тарыфу, кошт вырастае на 10–25%, а большасць тарыфных планаў падаражала на 25%.

Не застаўся ўбаку і аператар мабільнай сувязі Velcom, як 1 снежня павысіў кошт сваіх паслуг. Так, абаненцкая плата на большасць тарыфных планаў павялічылася на 3–8 тысяч рублёў. Гэтага аператара на дзень апярэдзіў ягоны канкурэнт МТС, які 30 лістапада павысіў кошты на большасць тарыфных планаў.

Да таго ж, ёсць інфармацыя, што Адміністрацыя прэзідэнта разглядае пытанне аб уключэнні ў тарыфы на газ і электрычнасць падатку на дададзеную вартасць. Цяпер жа для насельніцтва дзейнічаюць пэўныя ільготы.

На думку эканаміста Льва Марголіна, пра абвешчаную афіцыйным беларускім лідарам сацыяльную дзяржаву ўжо можна забыць, бо ад яе практычна нічога не засталося.

«Сацыяльна арыентаванай можа быць толькі моцная эканоміка. У скандынаўскіх краінах сацыяльна арыентаваная эканоміка, бо там ёсць з чаго ажыццяўляць сацыяльную абарону насельніцтва. У нас гэтага няма. У далейшым будзе толькі горш. Невыпадкова нядаўна на гэтую тэму выказалася Антаніна Морава (сустаршыня ГА «Беларускі саюз жанчын — Г. К.), якая выступіла за скарачэнне адпачынку па даглядзе за дзецьмі. Прычым характэрна, што выказаўся не міністр, не прэм’ер ураду ці кіраўнік эканамічнага блока, але чалавек, які займае ледзь не ўсе грамадскія пасады, звязаныя з абаронай жанчын і дзіцяці, — звяртае ўвагу эксперт. — Я думаю, што мы будзем пастаянна сутыкацца са скарачэннем гэтай сацыяльнай функцыі дзяржавы. Бо дзяржава больш не ў стане ажыццяўляць гэтую функцыю».

Што да коштаў на паслугі ЖКГ, то яшчэ нядаўна кіраўнік дзяржавы патрабаваў ад чыноўнікаў патлумачыць, якім чынам фарміруюцца расцэнкі на камунальныя паслугі. Але хутка гэтая тэма знікла з адміністрацыйных даляглядаў.

«Гэтую тэму праглынуў, найперш, сам Лукашэнка. Да сёння яна — таямніца таямніцаў структураў, якія аказваюць камунальныя паслугі. Гэта і энерга-, вода- і газаабслугоўванне і гэтак далей. Ніхто не ведае, з чаго тут складаюцца кошты. Хаця мы б маглі многа цікавага даведацца, якія выдаткі сюды ўваходзяць, колькі там адміністрацыйна-кіраўнічых выдаткаў, якая там штатная колькасць, што яшчэ туды ўваходзіць, — адзначае Леў Марголін. — У свой час была інфармацыя, што на балансе аблэнерга сядзяць ці то хакейныя, ці то футбольныя клубы. Безумоўна, туды ж уваходзяць даражэзныя рамонты і набыццё аўтатранспарту і шмат чаго іншага. Але, на жаль, гэта вельмі непразрыстыя лічбы, таму ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа».

За гэтую непразрыстаць, упэўнены эканаміст, улады будуць трымацца зубамі да апошняга, бо яны разумеюць, што калі народ даведаецца, з чаго складаецца сабекошт камунальных паслугаў, то яны пазбавяцца апошняга аргумента наконт іх павышэння.

«На вялікі жаль, і МВФ, патрабуючы большай кампенсацыі насельніцтвам коштаў гэтых паслугаў, не настойвае на большай празрыстасці і на стварэнні канкурэнтнага асяродку ў гэтых паслугах. А гэта сведчыць пра тое, што мы плацілі і будзем плаціць столькі, колькі пажадае наша ўлада», — рэзюмуе Леў Марголін. 

Каментаваць