Лукашэнка пагражае бізнэсоўцам

Падчас нарады па пытанню дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі, якая прайшла 26 лютага, кіраўнік дзяржавы недвухсэнсоўна прыгразіў беларускім бізнэсоўцам, калі тыя наважацца аказваць фінансавую дапамогу апанентам дзеючай улады.



“Хачу падкрэсліць: калі хтосьці з бізнэсоўцаў будзе фінансаваць “пятую калону”або нейкім іншым чынам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — А там свае законы, няхай потым не крыўдзяцца падобныя бізнэсоўцы”.

Як адзначыў у інтэрв’ю “Новаму часу” старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, словы афіцыйнага лідара  ёсць “ксеракопія фінансавага, эканамічнага і псіхалагічнага настрою ўлады”.

"Ён (настрой) — паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Не ад добрага жыцця Аляксандр Лукашэнка робіць такія заявы, якія жахлівыя з пункту гледжання заканадаўства і здаровага сэнсу, — падкрэсліў палітык. — Гэта адкрытая пагроза, і калі б у нас быў рэальны свабодны бізнэс, то адзін за другім паляцелі б іскі да Аляксандра Лукашэнкі. З іншага боку, гэта ёсць сведчаннем таго, што для апазіцыі зараз сітуація ў краіне з пункту гледжання перспектывы падтрымкі людзей вельмі добрая. Відаць, мінімум некалькі аналітычных запісак ляжыць у Аляксандра Лукашэнкі, і там адлюстраваныя рызыкі і пагрозы, настрой, які ёсць у грамадстве. А ў апазіцыі ёсць што сказаць і данесці людзям. Пытанне, як гэта зрабіць, і вось тут бізнэс з ягонымі рэсурсамі і фінансамі мог бы моцна садзейнічаць. І Лукашэнка робіць такі прэвентыўны ўдар, ён хоча гэтага не дапусціць. А па-другое, ёсць усё ж планы “прахватызацыі”. Я думаю, самыя лепшыя і смакавітыя кавалкі разбяруць сабе тыя, хто сядзіць у Чырвоным доме, але нешта дастанецца таксама малому і сярэдняму бізнэсу. Гэта будзе азначаць яго эканамічнае ўмацаванне, што можа прывесці і да вылучэння палітычных амбіцыяў. І тут Лукашэнка таксама спрабуе гуляць на апярэджванне. У любым выпадку, тое, што было заяўлена, гэта праява слабасці і няпэўнасці ўлады ў сабе, а гэта ёсць шанец для апазіцыі. У той жа час я думаю, што рэалізаваць зробленыя Лукашэнкам пагрозы на практыцы немагчыма”.

Па словах Анатоля Лябедзькі, хоць і зусім невялікая, але падтрымка апанентаў улады з боку бізнэсоўцаў існуе.

У першую чаргу, яна сыходзіць ад беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі краіны. Яны застаюцца грамадзянамі Беларусі, але такія пагрозы на іх паўплываць ніяк не могуць. На іх фірму не прыйдуць беларускія падаткавікі, прадстаўнікі КДБ ці пажарнікі. Але Лукашэнка ведае, што гэта можа быць пагрозай. Надоячы выпадкова ў кавярні, дзе я піў каву, да мяне падсеў бізнэсовец. Аказалася, што ён ведае і пра нашу Антыкрызісную праграму, пра Нацыянальную платформу падтрымкі малога і сярэдняга бізнэса. Ягоныя сімпатыі відавочна на нашым баку. І ў прынцыпе ён можа і гатовы даваць 100-200 даляраў, напрыклад, на друк, і гэта не забаронена заканадаўствам. Вось з такога і можа пачацца вялікі працэс падтрымкі”, — мяркуе кіраўнік АГП.

Дарэчы, што кінулася ў вочы, дык гэта тое, што афіцыйны лідар атаясамлівае палітычную барацьбу з барацьбой супраць дзяржавы. То бок, калі следаваць ягонай логіцы, то любая барацьба за ўладу пераўтвараецца ў антыдзяржаўную, антызаконную дзейнасць. Нейкая дзіўная гэта логіка.  

Каментаваць