Лукашэнка «ніколі не ставіў задачы» зрабіць заробкі «па пяцьсот», — міністар эканомікі

Міністр эканомікі Беларусі Уладзімер Зіноўскі даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, у якім закрануў тэму сярэдняга заробку ў 1000 рублёў, або 500 долараў, паведамляе «Радыё Свабода».

Вядоўца заявіў, што «тэарэтычна, мы жа можам заўтра зрабіць сярэдні заробак у краіне ў 1000 рублёў, бо шмат на якіх ключавых прадпрыемствах дзяржава выступае ў якасці кіраўніка», але спытаў Уладзімера Зіноўскага, ці не нясе гэта нейкіх пагрозаў.

 

Уладзімер Зіноўскі, архіўнае фота

«Я проста вам хачу сказаць, што ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзідэнт не ставілі такой задачы, — заявіў Зіноўскі ў адказ. — На канкрэтных прадпрыемствах павінна ўсё ж прадукцыйнасць працы апераджаць рост заробкаў, тады гэта атрымаецца добры баланс, тады будуць расці заробкі».

Ён таксама адзначыў, што прыбыткі, атрыманыя ад росту прадукцыйнасці працы і росту валавога ўнутранага прадукту, маюць ісці не толькі на падвышэнне заробкаў, але найперш на скарачэнне знешняй запазычанасці прадпрыемстваў.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню «анансаваў» заробкі «па пяцьсот» долараў у 2005 годзе, з таго часу рэгулярна абяцае дасягненне такіх сярэдніх заробкаў і ставіць задачы дасягнуць такіх лічбаў (у доларавым эквіваленце «па пяцьсот» атрымлівалася толькі на некалькі месяцаў, пасля або беларускі рубель падаў да долара, або заробкі змяншаліся).

Так, у мінулую сераду Лукашэнка заявіў, што патрабаванне росту заробкаў — гэта «не нейкі папулізм» і ён не патрабуе «зряплаты». У той жа дзень Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў беларусаў, які паскарае інфляцыю.

На наступны дзень Лукашэнка абураўся неэфэктыўнасцю дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў, бо «мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і лекараў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца, і наадварот накіроўвацца ў бюджэт».

Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку склаў 926 рублёў 80 капеек — амаль «па пяцьсот» у доларавым эквіваленце. У мінулым лістападзе Лукашэнка адклаў заробкі «па пяцьсот» на ІІ квартал 2018 года. Паводле звестак Белстату, на лістапад 2017 году (больш новых лічбаў няма) толькі 13,7% беларусаў мелі сярэдні заробак у 1000 рублёў і больш. Медыянны заробак (гэта значыць, не сярэдні з усіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) быў роўны 635,4 рубля.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць