Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Лукашэнка: Такія дзеячы, як Данкверт, аплююць, абылгуць і абгадзяць

На нарадзе па праекце дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза 9 снежня Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў прэтэнзіі кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта да беларускага харчавання.

Фота: Андрэй Епіхін/ТАСС


"У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, ці шклянка малака, ці кавалак хлеба захрасаюць, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.


5 снежня ў інтэрв'ю РБК кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт папракнуў Беларусь у нядобрасумленнасці. "Беларусь — наш найбліжэйшы партнёр, які вельмі актыўна хоча скарыстацца сітуацыяй, калі расійскі рынак закрылі для паставак з ЕС, з Украіны. І ён вельмі часта паводзіць сябе нядобрасумленна, — заявіў ён. — Ці адбываюцца рэчы, якія сталі ўжо хадзячай назвай, напрыклад, пастаўкі крэветак з Беларусі. Крэветкі, вядома, самае смешнае. Але беларусы яшчэ, напрыклад, вязуць вялікую колькасць яблыкаў. Потым пытаешся: "Як жа вы іх вырасцілі ў такім аб'ёме?" Яны адказваюць: "Не, мы іх экспартуем". Але пачакайце, вы ж пісалі ў дакументах, што гэта ваша вытворчасць? Калі год прайшоў, ужо можна прызнавацца [у рээкспарце], таму што гэта ўсё ў мінулым".


Але галоўныя прэтэнзіі Рассельгаснагляду, паводле слоў Данкверта, звязаныя з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі. "Толькі за апошні час мы адклікалі 40 дэкларацый на беларускую прадукцыю, таму што яна не адпавядае паказчыкам па тлушчы і бялку. Нашы беларускія калегі не могуць выпускаць прадукцыю з нармальным утрыманнем бялкоў і ў сілу, напэўна, пэўнай сквапнасці пачынаюць "хімічыць". Згодна з нашым даследаваннем, больш за 40% пробаў пітнога малака з Беларусі паказалі наяўнасць сухога малака. Пры тым што гэта забаронена тэхрэгламентам Мытнага саюза", — адзначыў расійскі чыноўнік.


Як заявіў сёння на нарадзе Лукашэнка, Беларусь у плане мытных працэдур "прастрэльваецца" з усіх бакоў. "У нас відаць усё, нічога не схаваеш. У нас нават бяспошлінна аўтамабіль не завязеш — гэта будзе вядома", — сказаў ён. А вось Казахстан і Расія маюць велізарныя тэрыторыі і працяглыя мяжы, дзе пракантраляваць усе працэсы часам цяжка, дадаў кіраўнік дзяржавы.


Ён падкрэсліў, што пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС (дакумент плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу) усё павінна быць улічана. "Мы нічога не павінны страціць. У нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюза — Расія і Казахстан — могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы", — заявіў Лукашэнка.

БелаПАН


Каментаваць