Лысая гара беларускай эканомікі

Адбудуцца прэзідэнцкія выбары ў вызначаны тэрмін ці раней — можна гадаць. Ці будзе на іх адзіны кандыдат ад апазіцыі — можна спрачацца. Але 500–600 долараў сярэднемесячнай зарплаты — гэта абсалютны факт.



Статыстыка заробкаў, хоць налічаных, хоць выплачаных і выкарыстаных у хатніх бюджэтах, дае даволі дакладны рэальны малюнак.

Сярод тых, хто, як казалі раней, жыве на адну зарплату, няма ні багацеяў, ні відавочных беднякоў. Зыходзячы з дадзеных Белстата, урад спецыяльна клапоціцца аб роўнасці. Прыкладам, сярэдні заробак па краіне склаў 5,73 мільёна рублёў, у тым ліку 7,83 мільёна рублёў у Мінску, і прыблізна 5 мільёнаў рублёў у абласцях. Зразумела, што ў Мінскай вобласці атрымліваюць больш, чым у іншых абласцях. Гэтак жа, як у Салігорску і Жодзіна. На 400–500 тысяч меней, чым насельнікі сталічнай вобласці, атрымліваюць жыхары Брэсцкай і Гарадзенскай абласцей.

Горш працуюць? Зламыснікі могуць сказаць, што і так. Але галоўнае: заходнікі маюць наладжаныя бізнэсы ў бліжнім памежжы, даходная частка якіх не ўся трапляе ў статыстычныя справаздачы. Ёсць арыфметыка, ёсць алгебра, а ёсць статыстычны ўлік. Адпаведна гэтаму ўліку, сярэдні заробак у сталіцы ў 1,35 разу перавышае сярэдні заробак у абласцях. На першы погляд, гэта зразумела — у Мінску больш грошай, больш арганізацый і бізнэсаў, таму ў сярэднім мінчане працуюць болей, болей і атрымліваюць. Але ж і больш выдаткоўваюць, за адны і тыя ж паслугі і тавары яны плацяць больш, чым астатнія.

Але, паўтару, улады пільна адсочваюць баланс, каб не парушылася раўнавага. Палітычная, скажу вам, справа. Прыкладам, напярэдадні апошніх выбараў мінскі і абласныя вертыкальныя начальнікі рабілі тое ж самае. За 9 месяцаў да 500 долараў давялі сярэдні заробак у Мінску, а пасля адзін за адным выцягвалі планку да 500 долараў у абласцях. Савецкі прынцып ураўнілаўкі непахісны.

Было відавочна, што 500-доларавы сярэдні заробак меў пэўнае дачыненне да эканомікі, да вытворчасці, да рэалізацыі, да рэнтабельнасці, прыбытковасці ці стратнасці — усіх гэтых эканамічных варункаў, без якіх увогуле не бывае грошай.

Але менавіта гэты, канкрэтны сярэдні заробак у 500 долараў меў да эканомікі толькі тое дачыненне, што сваім існаваннем паказваў — эканоміка не дазваляе сярэднім работнікам зарабляць сярэдні заробак у 500 долараў. Як высветлілася пасля трохкратнай дэвальвацыі рубля (з 3.000 да 9.000 за долар), рэальны заробак да канца года зменшыўся да 170–200 долараў.

На такім узроўні аднавіліся рынкавыя стасункі ў эканоміцы. Як падлічылі спецыялісты, Беларусь па аплаце працы скацілася да паказчыкаў Кіргізіі, Малдовы, Арменіі. Вось які жах!

На самай справе, трэба не палохацца, а цвяроза зразумець, што, калі прымаць да ўвагі толькі рынкавыя варункі, беларуская эканоміка валодае не большымі патэнцыямі, не большай дынамікай, чым краіны, з якімі праводзіліся параўнанні. 200–300 долараў працаўнік можа зарабіць на сваім рабочым месцы, 100–150 долараў у яго кішэню кладуць так званыя “губернатары”, яшчэ 100–200 дае вярхоўны правіцель, які бярэ грошы ў пазыкі.

Місія МВФ, ад якой беларускаму правіцелю часам трапляе некалькі мільярдаў крэдыту пад абяцанне сістэмных рэформаў, таксама заўважыла, што ў бягучым годзе нельга падвышаць заробкі. Па той відавочнай прычыне, што ні прамысловасць, ні сельская гаспадарка да падвышэння прадукцыйнасці працы не гатовыя. І ты больш не гатовыя да падвышэння самой вытворчасці.

Дзіўная рэч, што робіць час з людзьмі, як ён змяняе іх норавы і характары. Раней Лукашэнка спецыялістаў называў выключна “жулікамі”, а зараз прыслухоўваецца да кожнага іх слова. Як у колішнім савецкім анекдоце — як сказаў райкам, так і будзе. Вось выказаўся МВФ, што беларус не мае магчымасці ў рэальнай беларускай эканамічнай мадэлі зарабіць болей, з тым пагадзіўся і Лукашэнка. На сваёй мове: “Хай мы будзем 500–600 долараў зарабляць, але мы стабільна будзем працаваць у цэхах”.

Хоць на вадзе і пад вадой, на зямлі і пад зямлёй, хоць у паветры, ці ў космасе. Бо беларуская эканоміка сваёй вышыні ўжо дасягнула. Вышыні знакамітай Лысай гары, адпаведнай маштабам беларускай эканомікі, разуменню начальства спажывецкім стандартам для сябе любімых і для народца. 

Каментаваць