Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Майніць беларусам ці не майніць?

Апошнім часам вакол крыптавалютаў у Беларусі шмат нездаровага ажыятажу. Людзі нібыта пашалелі — толькі і размоваў пра тое, як «зрабіць ферму ды намайніць біткоў». Чым усё гэта можа скончыцца? І што ж такое крыптавалюта?

Фота newspotok.ru

Гадоў 30 таму разумныя на першы погляд людзі раптам пачалі лячыць трафічныя язвы Кашпіроўкім ці заражалі Аланам Чумаком перад тэлевізарам слоікі з вадой. А яшчэ ад усіх самых страшных пошасцяў ратаваліся меднымі бранзалетамі і вадой, якую настаялі на чорных крэмнях. Потым гэтыя ж людзі неслі грошы ў МММ і галасавалі за Лукашэнку.

Мінулі гады — і вось ужо вар’яцеюць іх дзеці (а часам і ўнукі). Псіхоз нашых дзён — мара хутка разбагацець, правёўшы на сваім кампутары нейкія матэматычныя вылічэнні і атрымаўшы ў якасці грошай вынікі гэтых самых вылічэнняў. Якія потым абавязкова падаражэюць і пральюць залаты дождж на свайго ўладальніка.

Пры гэтым у кожнага, захопленага гэтай ідэяй, абавязкова знойдзецца брат жонкі знаёмага калегі па працы, які «накупляў відэакарт і паставіў у сябе ў доме ферму, зараз майніць грошы і працу даўно закінуў, па пяць разоў на год ездзіць з жонкай і дзецьмі ў Егіпет і ўжо купіў кватэру ў Балгарыі».

У фірмах па продажы кампутарных камплектуючых не купіць відэакарт (само пытанне пра іх ужо выклікае істэрыку на тым канцы тэлефона), а электрыкі не могуць зразумець дзіўную колькасць замоў на правядзенне ў звычайныя кватэры магутных сілавых кабеляў. Маладыя людзі толькі і гавораць, што пра майнінг ды «курс бітка да альткойнаў». 

Крыху тэорыі

Што ж такое крыптавалюта? Насамрэч, гэта вынік вылічэнняў па вельмі складаных формулах, пасля якіх атрымліваецца складаны код. Дзякуючы гэтаму кожная адзінка такой валюты абсалютна ўнікальная і не можа быць падробленая або прадубляваная. Памацаць крыптавалюту нельга — яна існуе толькі ў выглядзе набору нулёў і адзінак у глабальнай сетцы. Хоць пры гэтым мае сваю каштоўнасць. Часткова з-за таго, што для атрымання кожнай такой «грашовай адзінкі» (і адначасова спраўджвання аперацый у сістэме) патрабуюцца велізарныя вылічальныя магутнасці, а часткова — з-за глабальнага ажыятажу вакол гэтых самых крыптавалют.

Яшчэ адна перавага крыптавалюты ў тым, што немагчыма штучна яе абясцэніць, выкінуўшы на рынак вялікі яе аб'ём. Бо адмысловы алгарытм абмяжоўвае магчымасць эмісіі раз і назаўжды зададзенай колькасцю. То бок генераванне новых адзінак крыптавалюты не бясконцае, а абмежавана максімальнай лічбай, пасля чаго аб'ём гэтай валюты ў абарачэнні расці перастане.


Стварэнне новых аб'ёмаў крыптавалюты — гэта рашэнне матэматычнай задачы, якая адпавядае шэрагу ўмоў. Код, што ляжыць у аснове валюты, паступова змяняецца — да яго далучаюцца ўсё новыя і новыя камбінацыі.

«Клубок», які ўтвараецца, — аналаг усёй грашовай масы крыптавалюты, што знаходзіцца ў абарачэнні на дадзены момант, разам з гісторыяй усіх аперацый па перадачы валюты ад аднаго ўладальніка да іншага і хэш-сумамі — завецца ланцугом блокаў (англ. blockchain). Каб стварыць новы аб’ём крыптавалюты, дадаўшы яго да ўжо існуючай, пры дапамозе кампутара адшукваюць запаветную лічбавую паслядоўнасць, склаўшы якую з папярэдняй хэш-сумай, атрымліваюць ужо новую, якая задавальняе зададзеным умовам.

Паколькі рашэнне гэтай задачы патрабуе сур'ёзных кампутарных рэсурсаў, прадугледжана ўзнагарода. Карыстальнік вырашае задачу і, калі дамагаецца поспеху, атрымлівае тую або іншую колькасць крыптавалюты, а ўся яе маса, змешчаная ў звароце, узрастае якраз на гэтую велічыню.

Апісаны працэс завецца майнінгам, а той, хто ім займаецца, — майнерам. Слова «майнінг» (mining) у перакладзе з англійскай азначае «здабыча карысных выкапняў», а слова «майнер» (miner) раней перакладалася як шахцёр.

Сёння існуе цэлы шэраг крыптавалют, самая вядомая з якіх — біткойн (bitcoin). Дык вось, колькасць біткойнаў у прынцыпе не можа перавысіць 21 мільён (так запраграмаваны алгарытм). Больш таго, з генераваннем кожнага новага блока біткойнаў выдаткі кампутарных рэсурсаў растуць, таму патрабуецца ўсё больш сур'ёзнае апаратнае забеспячэнне. 

Як беларусы ў шахцёры падаліся

Калі яшчэ пару гадоў таму працэс майнінга быў даступны на хатніх кампутарах з 2-ма і 4-ядзернымі працэсарамі, то зараз гэтага не дастаткова. Сёння для вылічэнняў выкарыстоўваюць магутныя гульнявыя і прафесійныя відэакарты NVIDIA або AMD. Справа ў тым, што сучасныя відэакарты маюць працэсар, адмыслова арыентаваны на выкананне найскладаных матэматычных вылічэнняў, якія цэнтральны працэсар кампутара выконвае ў шмат разоў павольней.

Такія відэакарты аб'ядноўваюць у вялікія блокі, а з блокаў будуюць так званыя «фермы». Стварэнне адной фермы абыходзіцца ў пару дзясяткаў тысяч долараў, а электрычнасці яна спажывае, як вялікі жылы дом. Але гэта не спыняе людзей, якія паверылі, што дастаткова сабраць досыць магутную ферму — і яна сама ў прамым сэнсе «налічыць» табе грошай.


Вельмі шмат такіх паверыўшых сёння і ў Беларусі. Хаця да нас, як гэта часта бывае, хваля дакацілася амаль што ў апошнюю чаргу. Сёння асноўныя магутнасці майнінгавых фермаў засяроджаныя ў Кітаі і ўяўляюць сабой сапраўдныя фабрыкі, «прадукцыяй» якіх з'яўляюцца згенераваныя біткойны. А беларусы, атрымліваецца, хочуць з імі канкураваць?

Нагадаю пра матэматыку. Узнагарода, якую майнер атрымлівае за рашэнне задачы, увесь час памяншаецца, бо майнераў усё больш, а яшчэ не згенераваных біткойнаў — усё меней. Яшчэ ў 2013 годзе за знойдзены новы блок майнер атрымліваў узнагароду ў 50 біткойнаў, у 2015-м яна знізілася да 25, а ў 2017-м складае ўжо 12,5. Займацца майнінгам індывідуальна ўжо практычна бессэнсоўна: верагоднасць поспеху мізэрная.

Вядома, у рэальнасці ўсё больш складана. Майніць можна не толькі біткойны, але і іншыя крыптавалюты (зборны назоў «альткойны»), якіх за апошнія пару гадоў напладзілася вялікае мноства. Вось толькі пакуль толькі адна з іх — Ethereum («Эфір») — стала сапраўды папулярнай і каштоўнай. Большасць іншых крыптавалют — проста эксперыменты, болей або меней паспяховыя. Яны могуць вельмі моцна падаражэць (як біткойн тры гады таму і ўвесну 2017 года), а могуць апынуцца нічога не каштуючым наборам нулёў і адзінак.

Што мы атрымліваем у выніку? Укладаць грошы трэба ўжо сёння — у апаратуру, электрычнасць, іншыя выдаткі. А калі тыя новыя альткойны падаражэюць — немаведама. Як невядома, і ці падаражэюць яны ўвогуле. 

Гісторыя Сцяпана

Сцяпан жыве ў маім доме, і гэта з-за яго літаральна кожны месяц на паўдня знікае святло — вылятае старая трансфарматарная будка ў двары. Сцяпан трымае ў кватэры майнінгавую ферму, якая спажывае процьму электрычнасці. Даводзіцца маніпуляваць з электраправодкай, з лічыльнікам, каб паказчыкі не выглядалі неверагоднымі.

Сцяпан, мякка кажучы, не гаваркі чалавек, але аднойчы распавёў мне сваю гісторыю: «Усё пачалося напрыканцы 2012-га, тады біткойн каштаваў яшчэ зусім мала, хоць адмыслоўцы ўжо бачылі яго вялікі патэнцыял. Я тады працаваў сістэмным адміністратарам у адным міністэрстве, у мяне была сетка з 500 кампутараў, шмат вольнага часу і прафесійная неабходнасць цікавіцца ўсім новым. Даведаўшыся пра біткойн, я вырашыў — цікавасці дзеля — майніць яго на міністэрскіх кампутарах. На ноч я іх не выключаў. Удзень на іх людзі працавалі, а ўначы тыя ж машыны здабывалі для мяне біткойны. Балазе, электрычнасць там ніхто не лічыў. Увесну 2013-га курс біткойна рэзка ўзляцеў, грошы сталі сур'ёзнымі. Але і ў міністэрстве займацца гэтым стала немагчыма».

Тады Сцяпан сабраў першую ферму ў сябе дома яшчэ са звычайных ПК. У студзені 2014-га курс біткойна ўзляцеў да 1100 долараў, Сцяпан стаў багатым. Але неўзабаве курс зваліўся больш чым у два разы. Сцяпан паспеў купіць добрую машыну, але іншыя яго біткойны абясцэніліся. Наш герой плюнуў і вырашыў завязаць. Але курс зноў пачаў расці — больш павольна, затое стабільна. Сцяпан кінуў працу і стаў скупляць відэакарты, перарабляць сваю ферму, эксперыментаваць з іншымі крыптавалютамі. Час ідзе, выдаткі растуць, прыбыткі падаюць, але спыніцца Сцяпан ужо не можа.

«Разумееш, гэта залежнасць, самая сапраўдная. Прачынаешся ўначы і бяжыш глядзець курс бітка да долара, эфіра да долара. Ужо жывеш гэтым, — распавядае ён. — Але самае крыўднае: ты быццам як і багаты, а грошы атрымаць не можаш. Беларускае заканадаўства біткойн не прызнае, для яго ён — нішто. Але калі выведзеш у рэальныя грошы — атрымаецца прыбытак з паветра. І да цябе адразу прыйдуць. А знойдуць ферму — гэта як мінімум незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць…»


Вялікая праблема ўсіх, хто спрабуе зарабіць на крыптавалютах у Беларусі — немагчымасць легальна атрымаць заробленае. Афіцыйнага статусу “новыя грошы” ў Беларусі не маюць, законам ніяк не рэгулююцца, таму і банкі з імі не працуюць. Каб перавесці той жа біткойн у звычайныя грошы, давядзецца ехаць за мяжу ды ўвязвацца ў розныя сумнеўныя схемы.

Але, калі дзяржава нарэшце акрэсліць правілы гульні на рынку крыптавалют — яны адразу страцяць сённяшнюю рамантычную прывабнасць. Да таго ж, мы ведаем, як звычайна ў нас гэта робіцца — праз прызначэнне адмысловага адказнага чыноўніка.

Хаця Сцяпан чакаць гэтага не будзе. Па словах яго жонкі, ён ужо зноў шукае працу сістэмнага адміністратара.

 

Каментаваць