Малочныя рэкі ў сілавых берагах

Беларусь увяла ўзмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэннем грузаў на асноўных расійска-беларускіх магістралях. З малочна-тварожнага канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй разліўся ў сферу геапалітычных інтарэсаў. Але, хутчэй, з яе і пачаўся.



Беларусь увяла ўзмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэннем грузаў на асноўных расійска-беларускіх магістралях. З малочна-тварожнага канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй разліўся ў сферу геапалітычных інтарэсаў. Але, хутчэй, з яе і пачаўся.

У чарадзе ўзаемных шпілек паміж дзвюма дзяржавамі выплылі факты, якія да гэтага чамусьці старанна замоўчваліся. Відаць, так было выгодна абодвум бакам. Напрыклад, увядзенне пунктаў кантролю на мяжы з Расіяй абгрунтавалі плынямі кантрабандных тавараў. “За 15 дзён чэрвеня 2009 года мытнымі органамі ў звычайным рэжыме працы затрымана кантрабандных тавараў на суму 8 мільярдаў 620 мільёнаў беларускіх рублёў. За 2008 год на калінінградскім кірунку знікла грузаў на 10 мільёнаў долараў, — паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Юры Жадобін заявіў, што прынятыя меры — усяго толькі сіметрычны адказ на дзеянні Расіі. “Беларусь вымушаная ўвесці ў бліжэйшы час узмоцнены кантроль за перамяшчэннем тавараў на асноўных аўтамабільных магістралях, якія злучаюць нашы краіны. Гэтыя крокі будуць цалкам аналагічныя тым дзеянням, якія ўжо на працягу многіх гадоў практыкуе расійскі бок у асобе органаў Федэральнай мытнай службы, — зазначыў сакратар Саўбеза. Распараджэнне пра ўзмацненне мытнага кантролю даваў асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Сумнеўна, што дагэтуль пра мытныя махінацыі ніхто не ведаў. Чакалі патрэбнага моманту. Але ўзнікаюць лагічныя пытанні: хто адкажа за кантрабанду і чаму вінаватыя не былі дагэтуль пакараныя?

Адкрытае ігнараванне Беларуссю саміту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, які праходзіў 14 чэрвеня ў Маскве, не прымусіла расійскі бок пайсці на саступкі. Самі правялі без Беларусі, падпісалі пакет дакументаў, у тым ліку Дамову аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. МЗС Беларусі абвясціў, што гэтыя дакументы “па сваёй юрыдычнай прыродзе з’яўляюцца дакументамі групы дзяржаў і не маюць статусу і сілы рашэнняў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, аднак меркаванне беларускага знешнепалітычнага ведамства ў Беларусі мала каго зацікавіла.

Галоўны і самы каштоўны рэсурс Беларусі — яе тэрыторыю і інфраструктуру — задзейнічалі ў міждзяржаўных спрэчках як найбольш важкі аргумент. Але ў Расіі супраць лому свае прыёмы. Не паспелі на мяжы арганізаваць пункты кантролю, як ААТ “Газпрам запатрабаваў ад ААТ “Белтрансгаз пагасіць запазычанасць у суме больш за 230 мільёнаў долараў за пастаўлены ў студзені — красавіку газ, без уліку пені і штрафаў за нявыбарку газу ў прадугледжаным аб’ёме. Між іншым, афіцыйныя асобы дагэтуль заяўлялі, што Беларусь не мае запазычанасцяў па аплаце за расійскі газ. Хлусілі? Паводле кантракту, Беларусь павінна была плаціць па 210 долараў за тысячу кубаметраў, аднак фактычна плаціла толькі па 150 долараў. Такая сістэма аплаты грунтавалася на вуснай дамове прэзідэнтаў дзвюх дзяржаў, ніякіх дакументаў падпісана не было. Відавочна, гэтую розніцу і прад’явіў “Газпрам.

Эксперт Станіслаў Гусак на канфлікт паміж “будаўнікамі Саюзнай дзяржавы глядзіць з іроніяй. “Усе гэта — спектакль для народа на тэму таго, што Лукашэнка — вялікі барацьбіт за незалежнасць. Не выключаю, што малочная вайна хутка скончыцца, і ўсё стане на свае месцы, гэта не варта было і выедзенага яйка. Думаю, скандал гэты штучны і зроблены па просьбе беларускага боку. Праблемы, што стаяць за Саюзам, на некалькі парадкаў вышэйшыя за тыя, што зараз маем з малаком і смятанай. Зброя, ахова кардонаў, геапалітычныя і ваенныя пытанні — вось што насамрэч хвалюе кіраўнікоў дзяржаў. Калі Беларусь перастане быць санітарным кардонам ад Захаду, чым Расія прыкрые Маскву?

Каментаваць