МАП ацэніць сітуацыю з прымусовай працай у Беларусі

Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) 6 чэрвеня дасць заключэнне адносна сітуацыі з прымусовай працай у Беларусі.
Міжнародная арганізацыя працы (МАП)

Міжнародная арганізацыя працы (МАП)



Пра гэта было заяўлена па выніках разгляду беларускага пытання на пасяджэнні камітэта ў межах 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе 2 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Афіцыйная ўрадавая дэлегацыя на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар'янай Шчоткінай 2 чэрвеня прадставіла камітэту краінавы даклад, у якім адхіліла абвінавачанне ва ўжыванні прымусовай працы ў Беларусі.

Сёлета прадстаўнікі беларускага ўрада ўпершыню адказвалі на прэтэнзіі ўпаўнаважанага органа МАП па выкананні канвенцыі № 29, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу.

Падставай для таго, каб разглядаць беларускае пытанне ў кантэксце гэтай канвенцыі, сталі асобныя палажэнні дэкрэтаў прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці", № 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у непаспяховых сем`ях" і закона № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх".

Увагу МАП таксама прыцягнулі дэкрэты прэзідэнта № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны" і № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".

Як зазначае прэс-служба БКДП са спасылкай на свайго старшыню Аляксандра Ярашука, які прысутнічае на канферэнцыі ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, беларускае пытанне "выклікала вострую дыскусію" сярод прадстаўнікоў урадаў, аб`яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні камітэта.

Так, паводле інфармацыі Ярашука, практыку прымусовай працы ў Беларусі "крытычна асудзілі" ўрадавыя дэлегацыі ўсіх краін Еўрасаюза, Нарвегіі і Швейцарыі. Іх меркаванне падзялілі таксама прадстаўнікі Канфедэрацыі працы Расіі (КПР) і польскага прафсаюза "Салідарнасць".

У сваю чаргу ўрады Азербайджана, Венесуэлы, Індыі, Казахстана, Кітая, Кубы, Расіі і Туркменістана, а таксама прафсаюзы Венесуэлы і Малайзіі ўсталі на бок беларускіх уладаў.

Прэзідэнт КПР Барыс Краўчанка станоўча ацаніў адмену дэкрэта прэзідэнта № 9 "Аб мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўчай прамысловасці". Разам з тым ён з трывогай адзначыў, што захоўваюць дзеянне дэкрэты № 3 і № 5, заявіўшы, што "можна казаць не толькі пра асобныя факты, але пра ўвядзенне цэлай сістэмы, якая ўзнаўляе практыку прымусовай працы [у Беларусі] і якая робіць яе нормай".

"Цяпер урад Беларусі прыкладае пэўныя намаганні для фактычнага замацавання шэрагу адыёзных нормаў у галіне прымусовай працы са згаданых указаў кіраўніка выканаўчай улады ў нацыянальнае працоўнае заканадаўства. Мы салідарныя з пазіцыяй Камітэта экспертаў, які настойвае на неабходнасці поўнага выкаранення падобных практык у працоўнай сферы Беларусі", — сказаў Краўчанка.

Ад імя КПР Краўчанка заклікаў урад Беларусі адкарэктаваць заканадаўства, "не адпаведнае палажэнням канвенцыі № 29, у адпаведнасці з заключэннем Камітэта экспертаў".

Доўгія гады Беларусь знаходзілася ў спісе МАП з 25 дзяржаў, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных. Пачынаючы з 2000 года на сесіях Міжнароднай канферэнцыі працы ставілася пытанне аб парушэннях Беларуссю канвенцый № 87 і № 98, якія тычацца правоў працоўных аб`ядноўвацца ў прафсаюзы і ўдзельнічаць у калектыўных працоўных перамовах. У 2004 годзе Камісія па расследаванні МАП выдала беларускаму ўраду рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў, аднак значная частка гэтых рэкамендацый дагэтуль не выкананая.


Захар Шчарбакоў, БелаПАН


Абмеркаванне:

  • Нина
  • 2016-06-04 21:08:19
Штрафы за участие в несанкционированных мероприятиях - это тоже рабство. Потому что это не предусмотрено ни Конституцией РБ ни международным правом. Очень много разного рода рабства скрытого - на предприятиях и в организациях - когда происходят изменения в условиях труда, предусмотренные договорами. Люди боятся остаться без работы - поэтому молчат. В разного рода коррупции также имеется рабство. За коррупционные действия госпредприятия (например УП Минскволоканал) не наказывают. У людей незаконно изымаются деньги за якобы долги. Долги люди выплачивают, потому что могут лишить имущества (к примеру жилья). Много всего. Рабская страна

Каментаваць