Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Мільён долараў з «дармаеда»

Якіх грошай пазбаўляюцца беларусы праз неэфектыўную мадэль дзяржаўнага кіравання эканомікай і як спыніць гэты працэс?

Павел Данейка 

Дырэктар бізнэс-школы ІПМ Павел Данейка на канферэнцыі Reshape 2017 ў Мінску заявіў аб тым, што калі перастаць марнаваць бюджэтныя грошы на дапамогу стратным прадпрыемствам у Беларусі, то кожны беспрацоўны грамадзянін краіны зможа атрымліваць дапамогу сумкай $200 на месяц.

Якіх яшчэ грошай пазбаўляюцца беларусы праз неэфектыўную мадэль дзяржаўнага кіравання эканомікай і як спыніць гэты працэс? На гэтыя пытанні Charter97.org адказаў эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

— Наколькі верагодныя такія лічбы — 200 долараў на месяц на чалавека? Бо нават заробкі часта не дацягваюць да такіх паказчыкаў.

— Гэтую лічбу можа лёгка атрымаць кожны студэнт: дастаткова ўзяць афіцыйную лічбу беспрацоўных 40 тысяч чалавек і сумы штогадовых субсідый дзяржаўным прадпрыемствам. А потым уявіць, што ўсе гэтыя грошы адправілі на дапамогі беспрацоўным.

Але напраўду сумы, якія прайшлі міма кішэні кожнага беларуса, значна большыя. Напрыклад, можна ўзяць усю дзяржаўную завінавачанасць (а гэта на сёння блізу 40 мільярдаў даляраў) і падзяліць на колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Тады мы наогул атрымаем шалёныя грошы — па мільёну долараў для кожнага!

А ў дадатак да гэтага можна палічыць, колькі грошай атрымаў бы кожны беспрацоўны, калі б не было ў краіне плоймы чыноўнікаў-дармаедаў з іх даходамі...

Але рэч у тым, што ніхто такіх сум на дапамогі беларусам не выдасць. Гэта азначала б імгненны крах усёй эканомікі: бо ў нас у раёнах і невялікіх гарадах заробкі па 75–100 долараў. Адразу пачнецца бунт працоўных за права быць беспрацоўнымі і людзі натоўпамі рушаць штурмаваць біржы для пастаноўкі на ўлік.

— Зразумела, што сцэнар «аддаць людзям» цяпер у Беларусі немагчымы, але рана ці позна новай уладзе давядзецца рэфармаваць стратны дзяржсектар. Як, на вашу думку, павінен праходзіць гэты працэс?

— У кожнага стратнага прадпрыемства ў Беларусі ёсць свая «гісторыя хваробы». Пакуль дзяржаўнае субсідаванне адыгрывае выключна сацыяльную ролю, забяспечваючы тое, каб іх працаўнікі не папоўнілі шэрагі пратэстоўцаў.

Што ж тычыцца будучых рэформаў, я б прапанаваў наогул не чапаць гэтыя буйныя прадпрыемствы, а стымуляваць развіццё прыватнай эканомікі. Тое, чаму трэба адмерці, адамрэ само сабой, а развіццё краіны будзе забяспечваць новая эканоміка.

Людзям проста трэба даць свабоду: на сённяшніх стратных прадпрыемствах, думаю, знойдзецца крытычная маса людзей, якія самі захочуць іх рэструктураваць. Ініцыятыва ў эканоміцы павінна ісці знізу — тады будуць улічвацца асаблівасці прадпрыемства ў кожным канкрэтным выпадку.

Пытанне толькі ў тым, што цяперашні ўрад на такія рэформы не наважыцца, бо людзі выйдуць на Плошчу і закідаюць іх гнілымі апельсінамі.

Таму што Беларусь мае вострую патрэбу ў фармаванні новай эканомікі. Усё, што тычыцца традыцыйных мясарэзак, трактароў, камбайнаў — гэта састарэлы калгасна-саўгасны варыянт. А новая эканоміка — гэта эканоміка ведаў. Гэта 3D-друкаркі, гэта робаты, гэта электратранспарт. Стварэнне працоўных месцаў у гэтых галінах і дасць станоўчы эфект.

А рэструктураваць той жа завод лядоўняў на дзяржаўным узроўні — проста няма сэнсу. Ёсць у нас такі прэм'ер-міністр Уладзімір Сямашка, ён быў дырэктарам завода тэлевізараў «Гарызонт». З дырэктарскага крэсла ён перасеў у прэм’ерскае, а завод у гэты час ляснуўся. Гэта — прыклад «рэструктурызацыі» цяперашняй улады.

А фактычна, тэлевізары і лядоўні — гэта даўно ўжо ўчарашні дзень. Наогул, лёс такіх прадпрыемстваў не павінен быць у цэнтры ўвагі. Гэта нашае мінулае, а глядзець трэба ў будучыню.

— Што перашкаджае Беларусі ствараць эканоміку ведаў?

— Я аптымістычна ацэньваю будучыню і магчымасці Беларусі. Проста трэба адправіць у адстаўку 183 чалавекі з найвышэйшага кіраўніцтва краіны. І яшчэ чалавек 900 чыноўнікаў ніжэйшых рангам. Можна нават купіць ім катэджы на Канарах — абы вымеліся далей і не перашкаджалі. І тады справа пойдзе на лад.

charter97.org



Каментаваць