Міністраў — на нары

Маштабная кампанія па разгрузцы беларускіх складоў ад самага пачатку з’яўлялася невыканальнай. Гэта ўсё роўна, што прымусіць падняць сельскую гаспадарку. За правал невыканальнай місіі, падаецца, адкажа ўрад.



На нарадзе па бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Аляксандр Лукашэнка нечакана ўзгадаў пра свае даручэнні па разгрузцы складскіх запасаў. Яшчэ напачатку лета былі прызначаныя адказныя за гэтую справу — ад чыноўнікаў Мінгарвыканкама да міністра замежных спраў. І разгрузка пайшла: ад лета складскія запасы павольна, але няўмольна зніжаліся.

Па дадзеных Белстата, па стане на 1 верасня 2013 года на складах прамысловых прадпрыемстваў Беларусі назапасілася гатовай прадукцыі на 28 трыльёнаў 435,1 мільярда рублёў. Гэта вялізная сума і вялізныя аб’ёмы — 71,4% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Але ж, як адзначае той жа Белстат, колькасць запасаў зменшылася за жнівень на 3%.

Але «працэнты» Лукашэнку не задаволілі. Здаецца, ён усё ж пачуў недзяржаўных эканамістаў, якія казалі: варта не проста «разгружаць» склады, але і атрымліваць грошы за гэтую прадукцыю. Атрымаць грошы, як высветлілася, — вялікая праблема.

Пра гэтыя нібыта заробленыя грошы жорстка ўзгадаў Лукашэнка. «Я папрасіў бы вас, Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), а яшчэ больш — міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, мець на ўвазе. Уся гэта хлусня па разгрузцы складоў, як гэта выглядае сёння ў нас — вывезлі ў Літву, Расію, яшчэ кудысьці, грошай не атрымалі, а склалі там у дылераў на складах трактары, аўтамабілі... Скажу публічна, гэта абернецца камусьці камерай», — заявіў Лукашэнка.

«Каму вы акуляры ўціраеце, я не разумею. У мяне дастаткова людзей, якія прааналізуюць і заўтра дакладуць. Аднаго Рудага (памочніка прэзідэнта) хопіць, які праедзе па прадпрыемствах, запатрабуе як памочнік прэзідэнта справаздачы, праверыць і дакладзе мне, што адбываецца», — сказаў Лукашэнка.

«Галоўнае — гэта грошы ў краіну, а не тавар за мяжу выкінулі і паставілі там недзе пад плотам. Куды хочаце вязіце, але грошы павінны ў краіну паступіць. І раю вам звярнуць увагу на якасць працы нашых прадпрыемстваў», — адзначыў Лукашэнка.

Рудаму не трэба нікуды ездзіць. Па тых жа дадзеных Белстата, у студзені-жніўні 2013 года сальда знешняга гандлю таварамі апынулася адмоўным і склала 2 мільярда 781,1 мільёна долараў супраць прафіцыту ў памеры 1 мільярд 804,2 мільёна ў аналагічным перыядзе мінулага года. Атрымліваецца, што наш экспартны тавар раптам стаў нікому не патрэбны, у той час, які імпартуем мы ўсё больш. Пры захаванні існуючай дынамікі, да канца бягучага года мінусавае сальда можа перавысіць 5 мільярдаў долараў.

Гэтыя лічбы не былі б такімі катастрафічнымі, калі б з намі за наш тавар расплачваліся. Аб гэтым урад папярэджвалі: меры па разгрузцы складоў у перспектыве павінны прывесці да росту дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў, бо ім прыйдзецца адпраўляць больш прадукцыі з адтэрміноўкай плацяжу. Вынік: знешняя дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў Беларусі на 1 жніўня склала 2,88 трыльёна рублёў. За сем месяцаў яна вырасла на 41,4%.

Рыторыку Лукашэнкі пра адстаўкі і камеры мы чуем не ў першы раз. У маі ў разгар «складскога крызісу» Аляксандр Лукашэнка абяцаўся адправіць урад у адстаўку, калі склады не будуць разгружаныя. 12 чэрвеня ён вызначыў два этапы разгрузкі: лета і трэці квартал года. Трэці квартал заканчваецца, а трактары і аўтамабілі — усё там жа. А да 1 студзеня 2014 года мы павінныя былі выйсці на «нармальныя нарматывы» са складскім запасам. І амаль на сто працэнтаў — не выйдзем. Для гэтага патрэбны цуд, а чараўнікі засталіся ў дзіцячых казках.

Адстаўку ўраду прадказваюць ужо даўно. Але тое, што яна адбудзецца бліжэйшым часам — гэта ў галіне фантастыкі. Проста таму, што зараз — не вельмі спрыяльны час для ператасоўвання Саўміну. Ад таго, што выставіш за дзверы ўрад зараз, нічога не зменіцца. Прэзідэнту трэба пачакаць значна больш балючых узрушэнняў у эканоміцы краіны.

Адстаўку ўрада можна прагназаваць адразу за дэвальвацыяй беларускага рубля. Тады на ўрад Мясніковіча можна будзе вешаць усіх сабакаў: і неразгружаныя склады, і дэвальвацыю, і так і не дасягнуты (ад самага пачатку ніхто не верыў, што ён будзе дасягнуты) ВУП памерам у 8,5%, правал перамоваў па нафце з Расіяй, якая наўрад ці пагодзіцца падпісаць гадавы баланс, і гэтак далей.

Новы ўрад апынецца ў шакаладзе. Рашэнне пра дэвальвацыю прымусіць патаннець беларускую прадукцыю да той ступені, што праблемаў з разгрузкай складоў не будзе. Валютныя паступленні ў краіну будуць дастаткова значныя за кошт Чэмпіянату свету па хакеі. Негатыўныя наступствы дэвальвацыі для насельніцтва будуць заторкнутыя чарговымі сацыяльнымі падачкамі, якія ў перадвыбарчы год адбудуцца абавязкова-традыцыйна. І ў чарговы раз перад чарговым Народным сходам Аляксандр Лукашэнка будзе казаць, што «мы годна выстаялі ў гэты няпросты час эканамічнага крызісу». Хаця кожнаму зразумела, што гэты крызіс мы стварылі ледзьве не сваімі рукамі.

Так што час для адстаўкі ўрада яшчэ не наспеў. Міністрам пакуль можна расслабіцца і атрымліваць задавальненне. А як жа словы Лукашэнкі пра камеры? Ды не будзе ніякіх камер. Пакрычыць і супакоіцца.

Каментаваць