Мытня дабро не дае

Па афіцыйных звестках, за 7 месяцаў бягучага года гандлёвае сальда Беларусі ў межах Мытнага саюза было адмоўнае ў памеры 5 703,8 мільёна долараў.

Прычым, у гандлі з Расіяй імпартовыя выдаткі пераўзышлі экспартныя набыткі на 5 958,7 млн. долараў, у гандлі з Казахстанам вартасць беларускага экспарту на 254,9 млн. долараў перавысіла выдаткі на імпарт з гэтай краіны. Велічыня дадатная, але несупастаўная з першай — адмоўнай.



Па афіцыйных звестках, за 7 месяцаў бягучага года гандлёвае сальда Беларусі ў межах Мытнага саюза было адмоўнае ў памеры 5 703,8 мільёна долараў.

Прычым, у гандлі з Расіяй імпартовыя выдаткі пераўзышлі экспартныя набыткі на 5 958,7 млн. долараў, у гандлі з Казахстанам вартасць беларускага экспарту на 254,9 млн. долараў перавысіла выдаткі на імпарт з гэтай краіны. Велічыня дадатная, але несупастаўная з першай — адмоўнай.

Зыходзячы з гэтага, ужо сёння можна смела сказаць — уступленне Беларусі ў Мытны саюз ніякіх асаблівых выгод Беларусі не прынесла. На самай справе, памер таваразвароту Беларусі ў гандлі з Расіяй і Казахстанам падвысіўся на 41,6% (экспарту — на 42,3%, імпарту — на 41,2%), але ж і мінулагодняе (за сем месяцаў) адмоўнае сальда (4 079,5 млн. долараў), так бы мовіць, стала яшчэ больш адмоўным — гандлёвы дысбаланс павялічыўся больш чым на 1,5 мільярда долараў.

Атрымліваецца дакладна па класіку — лезу я наперад, асадзі назад. Карацей, гандлёвыя стасункі Беларусі на гэтай рынкавай прасторы засталіся такімі, якімі былі і падчас пракламацыі Саюзнай дзяржавы. Кожны год пачынаўся перамовамі наконт льготных паставак у Беларусь нафтагазавай сыравіны, льготы вызначаліся, але ў выніку кожны гаспадарчы год эканоміка Беларусі пачынала працаваць на больш жорсткіх умовах. У выніку адмоўнае сальда значна павялічвалася, і трэба было зноў дамаўляцца наконт льготных стабілізацыйных крэдытах, пад фактычны заклад беларускіх актываў і абяцанкі палітычнай лаяльнасці да дзяржавы-хаўрусніцы.

Рашэнні, якія прымаліся, ніколі не былі прынцыпова вычарпальнымі, насуперак шматлікім заявам Лукашэнкі — з аднаго боку, Ельцына, Пуціна, Мядзведзева — з другога. У выніку Беларусь так і не атрымала газ «па кошце Смаленскай вобласці», Расія — «фамільнага срэбра» беларусаў.

І Лукашэнка, і яго расійскія калегі не аднойчы падкрэслівалі, што «в отношениях между братскими странами и народами торг неуместен», але ж таргуюцца ў лепшых традыцыях звычайнага базару. З узаемнымі абразамі, праклёнамі, з пажаданнямі, кшталту, каб у цябе ўсё пагніло, каб твая кабыла нагу зламала...

Але праз паўзу, сыходзяцца зноў.

Такім чынам, бакі сябе паводзяць паслядоўна, выцыганьваючы кожны раз нейкія прэферэнцыі. Лукашэнка праз відовішча стабільнай і растучай эканомікі даволі ўдала набываў палітычны капітал, яго апанентам у гэтай справе больш спрыяла добрая кан’юнктура на сусветных сыравінных рынках. Пры гэтым узаемныя чаканні прынцыпова не супадаюць. Калі Лукашэнка збіраецца неабмежаваны тэрмін кіраваць незалежнай краінай, якая карыстаецца таннымі рэсурсамі суседкі, то кіраўніцтва апошняй чакае ад яго канкрэтных доказаў заяўленай некалі інтэграцыйнай схеме.

А магчыма, ужо і не чакае. Бо неаднаразова агучаныя пуцінскімі міністрамі намеры перавесці эканамічныя стасункі з Беларуссю на рынкавыя рэйкі паслядоўна праводзяцца ў жыццё. Прыкладам, цана на расійскую нафту ў параўнанні з мінулым годам падвысілася на 12,3%, кошты на прыродны газ — на 34,6%.

Зразумела, эканоміка Беларусі, яе прамысловасць, сельская гаспадарка і іншыя галіны маюць шмат адметных якасцей, і ў шмат чым пераўзыходзяць расійскіх канкурэнтаў. Але не настолькі, каб, кінуўшы-рынуўшы, адправіцца на заваяванне сусветных рынкаў. Прыкладам, праект па частковаму забеспячэнню нафтавых патрэб эканомікі з дапамогай Венесуэлы, можна лічыць, цалкам праваліўся. Бо пастаўкі нафты з гэтай краіны за сем месяцаў склалі 953,2 тысяч тон па цане 834 долары за тону (з Расіі — 10351 тысяч тон па цане 449 долараў за тону), а нешта іншае пакуль што нават у павестку дня не ставіцца. З другога боку, трактары ды іншая тэхніка, пастаўленыя ў Венесуэлу, патрабуюць сервіснага абслугоўвання. Але пры нашай афіцыйна ледзь не самай лепшай у свеце сістэме адукацыі, ходзяць чуткі, вельмі цяжка знайсці спецыялістаў, якія б мелі дастатковую моўную і адначасова інжынерную культуру.

Дык вось, пры шматлікіх поспехах і дасягненнях, беларуская эканоміка мае карэнны недахоп, пра які ўсе ведаюць, але не хочуць ні гаварыць пра яго, ні рабіць нешта для яго пераадолення. Можа таму, што гэта немагчыма ў рамках выбранай мадэлі, якая нават існуе толькі дзякуючы гэтаму недахопу. Беларуская эканоміка неэфектыўная. Гэта значыць, што для вытворчасці адзінкі таварнай прадукцыі ёй патрэбна нашмат больш эканамічных даброт, чым асноўным канкурэнтам. Вось напісаў я гэта, і адразу ўвушшу зазвінела ад дружных пярэчанняў хору апанентаў, якія гучна распавядаюць аб уяўных перавагах калгаснага ладу. А калі так, то нічога і не зробіцца.

Аб гэтым добра ведаюць у Белстаце, кожны даклад якога сцвярджае, што асноўнымі крыніцамі фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з’яўляецца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). На энергетычныя тавары прыпадае (за сем месяцаў) 49,8% экспарту і 52,5% імпарту прамежкавых тавараў. Іх пастаўлена на знешні рынак на суму 7 716,3 млн. долараў, што ў 2,4 разы болей, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 10 138,1 млн. долараў, што болей у 1,7 разы.

Інакш кажучы, па гэтай таварнай групе адбылося нязначнае (сезоннае?) скарачэнне адмоўнага сальда, і не адбылося ніякіх прынцыповых змен. Па-ранейшаму імпартныя выдаткі растуць хутчэй за экспартныя здабыткі. І менавіта па гэтай таварнай групе ў гандлі з Расіяй адмоўнае сальда павысілася на 3,1 мільярды, дасягнуўшы рэкорднай сумы ў 9,8 мільярда долараў.

Не, гэтая мытня нам дабро не дае.

Каментаваць