Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

МВФ не разлічвае на «хуткія рэформы» ў Беларусі

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду і манетарныя ўлады Беларусі дасягнулі паразумення ў тым, як павінная развівацца беларуская эканоміка. Аднак па пытанні хуткасці, з якой будуць ажыццяўляцца перамены, у МВФ і ўрада ёсць разыходжанні.
«Мы разумеем, што ўрад Беларусі мае намер рухацца ў тым напрамку, які мы абгаворвалі, але больш павольнымі тэмпамі, — сказаў на брыфінгу па выніках працы экспертаў МВФ у Беларусі кіраўнік місіі фонду Пітэр Долман. — З такім «больш павольным» рухам звязаныя пэўныя рызыкі. З досведу іншых краін мы бачым: чым больш часу сыходзіць, тым цяжэй становіцца рэалізаваць рэформы. Калі Беларусь будзе рухацца павольна, яна будзе заставацца ўразлівай да шокаў мінулых гадоў.

Рэформа рэальнага сектара больш хуткімі тэмпамі будзе спрыяць павышэнню ўстойлівасці да эканамічных шокаў і паляпшэнню перспектыў росту і канкурэнтаздольнасці. Надзвычай важна, каб гэта суправаджалася ўмацаваннем сацыяльнай абароны. Гэта дапамога па беспрацоўі, страхаванне ад беспрацоўя, праграмы перападрыхтоўкі. Мы настойліва рэкамендуем ураду прадугледзець 1 млрд рублёў на рэалізацыю гэтых праграм. Дакладней — ад 500 млн да 1 млрд рублёў у залежнасці ад таго, якія будуць патрэбы».

Персанал МВФ лічыць, што ў выпадку актывізацыі рэформаў у сярэднетэрміновай перспектыве эканамічны рост можа паскорыцца да 4% у год. Гэта дазволіць Беларусі вярнуцца на еўрапейскі ўзровень росту даходаў, адпаведнасці еўрапейскім стандартам. У выпадку ж, калі беларускія ўлады не распачнуць рашучых крокаў, рост у сярэднетэрміновай перспектыве будзе абмежаваны 2% у год (прагноз на 2017 год — 1,7%).

«Больш за тое, пры павольным руху ў гэтым кірунку (павольнейшым за той, што мы рэкамендуем) могуць быць сфармаваныя патрэбы ў субсідыяванні нежыццяздольных кампаній у шкоду эканамічнаму развіццю», — дадаў Пітэр Долман.

З 26 кастрычніка па 9 лістапада місія МВФ праводзіла ў Беларусі штогадовыя кансультацыі па Артыкуле IV. Такія кансультацыі праводзяцца з усімі членамі МВФ і ўключаюць у сябе сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, прыватнага сектара і няўрадавых арганізацый. У рамках цяперашняй місіі эксперты МВФ сустракаліся з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым, кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаурам, кіраўніком Міністэрства эканомікі Уладзімірам Зіноўскім і Міністэрства фінансаў Уладзімірам Амарыным і іншымі афіцыйнымі асобамі.


Паводле euroradio.fm

Каментаваць