МВФ выдасць Беларусі новы крэдыт, але толькі ў абмен на рашучыя рэформы эканомікі

Міжнародны валютны фонд гатовы абмяркоўваць з Беларуссю новую крэдытную праграму, але толькі ў выпадку гатоўнасці ўрада да рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі. Таксама МВФ прагназуе, што ў 2015 годзе ВУП Беларусі вырасце на 1,5 % у параўнанні з 2014 годам. Ацэнкі ж урада ў гэтай сферы эксперты МВФ называюць занадта аптымістычнымі.

Міжнародны валютны фонд гатовы абмяркоўваць з Беларуссю новую крэдытную праграму ў выпадку гатоўнасці ўрада да рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі. Такую заяву зрабіў у час прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман, паведамляе БелаПАН.

Місія МВФ працавала ў Мінску з 22 па 28 кастрычніка. Як адзначыў Хофман, мэтай візіту было абмеркаванне з беларускім бокам эканамічнай палітыкі, а таксама планаў на будучыню.

Да цяперашняга часу, канстатаваў Хофман, урад ухваліў план сістэмных мер па збалансаванаму развіццю эканомікі. Паводле яго слоў, МВФ вітае эканамічныя планы ўрада. "Але неабходна прапанаваць дадатковыя меры, каб выпрацаваць комплексны дакумент, які б быў падтрыманы фондам", — сказаў кіраўнік місіі.

Ён удакладніў, што МВФ чакае ад Мінска рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі: "Калі ўлады гатовыя прапанаваць рашучыя меры ў галіне эканамічнай палітыкі, то фонд гатовы абмяркоўваць новую праграму з Беларуссю".

"Канкрэтныя крокі мы хацелі б бачыць у сферы грашова-крэдытнай палітыкі, курсаўтварэнні, палітыцы заробкаў, дырэктыўным крэдытаванні эканомікі", — сказаў кіраўнік місіі.

Ён таксама ўдакладніў, што фонд выступае за скарачэнне аб'ёму фінансавання дзяржпраграм. На думку МВФ, дадаў Хофман, падрыхтаваны урадам Беларусі план змяшчае пэўныя неабходныя мерапрыемствы. "У прыватнасці, місія рашуча падтрымлівае намеры ўладаў ліквідаваць перакрыжаванае субсідаванне і павысіць асобныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт да ўзроўню кампенсацыі выдаткаў да 2017 года. Хоць такія крокі павінны насіць комплексны характар, прычым асноўныя намаганні варта засяродзіць на пачатковым этапе", — падкрэсліў Хофман.

Аднак, дадаў ён, без уключэння ва ўрадавы план іншых мер дакумент не зможа істотным чынам паўплываць на стан беларускай эканомікі.  

Таксама Дэвід Хофман агучыў прагнозы МВФ наконт росту валавага ўнутранага прадукту Беларусі — 1,5% у 2015 годзе.

"Дадзеная ўладамі ацэнка росту ВУП у 2-2,5% на 2015 год, на маю думку, з'яўляецца аптымістычнай. Мы ацэньваем яго ў 1,5%", — сказаў  Хофман.

Ён дадаў, што не лічыць невыканальнымі планы ўрада знізіць у 2015 годзе інфляцыю да 11%. У той жа час кіраўнік місіі МВФ падкрэсліў, што для гэтага спатрэбіцца ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і далейшая лібералізацыя цэн.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць