На парозе грандыёзнага шухеру

Працэсы, якія назіраюцца з фінансамі ў Беларусі, не даюць расслабіцца нават у сезон адпачынкаў. Дынаміка такая, што нас можа чакаць дэфолт. Хаця дагэтуль уладам удавалася неяк выкручвацца. Ці здолеюць яны зрабіць гэта цяпер?

Як сведчыць статыстыка Нацыянальнага банка, за паўгода беларусы праелі недзе каля мільярда долараў. Дваццаць дзявяты месяц насельніцтва Беларусі застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты. За шэсць месяцаў гэтага года беларусы здалі 1,037 мільярда долараў чыстымі, за ўвесь мінулы год — 2,2 мільярда долараў, у 2016 годзе чысты продаж склаў за 2,4 мільярда долараў.

Але пры гэтым галоўны фінансавы рэгулятар адзначае: цікавасць да валютных аперацый у беларусаў у чэрвені ўпала. За месяц чысты продаж наяўнай валюты зваліўся на 26,1% да 173,9 мільёна долараў. Пры гэтым знізіўся не толькі продаж, але і купля наяўнай валюты.

Эксперты кажуць, што грамадзяне прадаюць валютныя «заначкі» (у тым ліку назапашаныя дэпазіты), імкнучыся захаваць спажыванне пры зніжэнні ўзроўню даходаў. Па разліках трохгаловай даўніны, на руках у беларусаў было прыкладна 8 мільярдаў долараў. Такім чынам, па стане на сёння, яны праелі ўжо пяць з іх.

Але запавольванне тэмпаў валютных аперацый можа сведчыць пра тое, што папярэднія разлікі былі недакладнымі, і валюты ў насельніцтва было менш. Такім чынам, своеасаблівая «падушка бяспекі» грамадзян і дзяржавы худнее. Прычым, не бяруцца ў разлік згаданыя вышэй «сезоны адпачынкаў», калі беларусы выдаткоўваюць валюту — але за межамі краіны.

Тым часам плаціць па крэдытах трэба не толькі людзям, але і дзяржаве. І не дзіўна, што ў гэтай сітуацыі ў Беларусі ідзе адкат па золатавалютных рэзервах. За паўгода ЗВР Беларусі зваліліся на 0,5 мільярда долараў. На 1 ліпеня рэзервы Беларусі ўпалі да 6,8 мільярда долараў у эквіваленце, і гэтае скарачэнне адбываецца другі месяц запар.

У чэрвені ўлады аддалі крэдыторам 424 мільёны долараў. Але варта зазначыць, што чэрвень выдаўся яшчэ не вельмі складаным месяцам года. У студзені ўлады аддалі 1400 мільёнаў долараў, у лютым — 470 мільёнаў, у сакавіку — 415 мільёнаў, у красавіку — 332 мільёны USD, у маі — 331 мільён. І ўсё гэта — па ранейшых пазыках.

Як вядома, гэтыя пазыкі можна альбо аддаваць адразу, альбо рэструктурызаваць (то бок адкласці). Альбо можна пагуляць у «фінансавую піраміду»: аддаваць пазыкі за кошт новых. Прыкладна так апошнім чынам беларускія ўлады і дзейнічалі. Аднак зараз праблема ў тым, што новых пазыкаў пакуль ніхто выдаваць не збіраецца.

Сумная фінансавая навіна сённяшняга тыдня — Сусветны банк звязаў выдачу крэдыту Беларусі з праграмай МВФ. «Магчымасць крэдытавання на мэты развіцця можа быць разгледжана ў будучыні ва ўвязцы з аднаўленнем праграмы з МВФ», — гаворыцца ў стратэгіі партнёрства Сусветнага банка для Беларусі.

Між тым, праграма МВФ у нас ужо два гады як замарожаная — бакі не сышліся ў меркаваннях па пытанні тэмпаў рэформ. МВФ настойваў на іх найхутчэйшым правядзенні, Беларусь планавала, як заўсёды, расцягнуць іх на нявызначаны тэрмін.

Прычым, спецыялісты Сусветнага банку вельмі шчырыя ў высновах. «Вопыт апошніх гадоў сведчыць, што ўзмацненне зацікаўленасці ў паскарэнні працэсу рэформаў больш верагодна толькі ў выпадку пагаршэння сітуацыі з прыцягненнем знешняга фінансавання… Рэзкае пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы можа стаць штуршком да паскарэння рэформаў, асабліва калі не ўдасца забяспечваць далейшыя дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй аб прадастаўленні патрабаванага аб’ёму фінансавання», — гаворыцца ў дакуменце Сусветнага банка.

Кажуць, што куля выклікае нязменныя пераўтварэнні ў мазгах, нават калі яна трапляе ў азадак. Сусветны банк і МВФ чакаюць такой «кулі», калі кіраўніцтва Беларусі асэнсуе: перамены і рэформы непазбежныя. І, падаецца, яны яе дачакаюцца — хутчэй, чым думаюць.

Зніжэнне беларускіх ЗВР абумоўлена тым, што ўлады недалічыліся валютных даходаў, якія яны яшчэ ў 2017-м заклалі ў бюджэт на 2018 год. У чэрвені гэтымі даходамі павінен быў стаць транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 200 мільёнаў долараў.

Прычым гэты транш мы разлічвалі атрымаць у канцы 2017 года. Наступны транш — у пачатку 2018-га. Але час ішоў, грошай няма дагэтуль. У прэс-службе ЕФСР TUT.BY паведамілі, што тэрміны выдзялення грошай Беларусі не вызначаны. «Дата пасяджэння Савета Фонду па разглядзе пытання шостага траншу яшчэ не прызначаная. Пасля прыняцця рашэння Саветам Фонду па шостаму траншу будзе праведзена работа па вызначэнні новай кантрольнай даты для сёмага траншу і ацэнцы выканання яго умоваў», — адзначылі ў ЕФСР.

Нехта кажа, што Беларусь проста не выканала ўмовы ЕСФР, на якіх выдаткоўваўся крэдыт. Але, мажліва, гэта звязана з грашовымі праблемамі ў самой Расіі, якая і з’яўляецца асноўным фінансістам ЕФСР.

А тым часам нашы ЗВР і так не забяспечваюць мінімальнае пакрыццё імпарту. У такой сітуацыі ўладам застаецца альбо спадзявацца на атрыманне ад ЕФСР апошніх 400 мільёнаў долараў, альбо прадаваць дзяржмаёмасць. У адваротным выпадку да канца 2018 года ЗВР Беларусі адкоцяцца да небяспечнай рысы ў 6 мільярдаў долараў.

Да гэтага часу Беларусь выплачвала свае даўгі своечасова, не дазваляла не толькі магчымасці дэфолту (немагчымасці плаціць наогул), але нават і тэхнічных дэфолтаў (ніколі не прапускала тэрміны выплаты па пазыках). Тым не менш, з часам цяжар доўгу будзе ўяўляць сабой усё большую небяспеку. Як мяркуе фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, калі па якіх-небудзь прычынах не атрымаецца рэфінансаваць даўгі, калі ў новых крэдытах адмовяць усе крэдыторы, пытанне аб здольнасці Беларусі вяртаць даўгі можа паўстаць на працягу года.

Але ва ўладаў ёсць і свае планы. Напрыклад, было абвешчана, што ў краіне ў другім паўгоддзі падвысяць зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый. Апроч таго паабяцана, што заробкі медыкаў павысяцца ўдвая. Праўда, гэтае двайное павышэнне — на працягу некалькіх гадоў, а не аднамомантна. Але ж і на гэта патрэбныя грошы.

Калі краіна знаходзіцца, проста скажам, у пераддэфолтным стане, пра якое падвышэнне заробкаў можа ісці размова? Тым больш, што гэтае падвышэнне ніяк не ўкладаецца ў рэкамендацыі ЕФСР, МВФ і Сусветнага банка…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць