На парозе грандыёзнага распродажу

Эканамічны цуд крыштальнага сасуда прыйшоў да свайго лагічнага завяршэння. Грошы скончыліся. Ад прыватызацыі нікуды не дзецца. А дакладней — ад грандыёзнага распродажу айчыннай уласнасці.



Мы ўжо неаднаразова пісалі пра так званы «расійскі крэдыт пад ЕАЭС», які да нас не дайшоў. Нагадаю, замест яго мы перахапілі «хуткія грошы» ад банка ВТБ у 2 мільярды долараў, палова з якога адразу ж сышла на пагашэнне папярэдняга крэдыту таго ж банка. Другая палова была залічаная ў золатавалютныя рэзервы, што было пададзена як вялікае дасягненне. Зараз высвятляецца, што гэта вялікае дасягненне — ненадоўга.

У ліпені Беларусь павінная пагасіць тэрміновыя валютныя пазыкі. Абавязацельствы органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі (урад і Нацбанк) у валюце тэрмінам пагашэння да 1 месяца па стане на 1 ліпеня склалі $1 млрд. 107,1 млн., паведамляецца ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банку краіны. Такім чынам, той мільярд, які мы паспешліва залічылі ў ЗВР, будзе тэрмінова вынуты адтуль і аддадзены замежным крэдыторам.

Тактыка «фінансавай піраміды», калі мы аддаем адны крэдыты коштам узяцца іншых, у доўгатэрміновай перспектыве не спрацоўвае, таму што крэдыты трэба аддаваць з працэнтамі. І, падаецца, наша «пірамідка» блізкая да таго, каб ляснуцца.

Па дадзеных Нацбанку, на 1 ліпеня 2014 года афіцыйныя рэзервовыя актывы і іншыя актывы ў замежнай валюце склалі $7 млрд. 194,2 млн., скараціўшыся на 1,7% за студзень-чэрвень. У тым ліку афіцыйныя рэзервовыя актывы склалі $6 млрд. 426 млн., іншыя валютныя актывы (не ўключаныя ў рэзервовыя актывы) — $768,2 млн.

Аднак, валютныя абавязацельствы ўрада і Нацбанка Беларусі па пазыках і каштоўных паперах, якія трэба будзе выканаць у наступны год — у перыяд з 1 ліпеня 2014 года па 1 ліпеня 2015-га, складаюць $5 млрд. 10,4 млн. Паводле статыстыкі Нацбанка, у гэты перыяд Беларусь таксама павінна закрыць валютныя форвардныя і ф'ючэрсныя здзелкі на $657,7 млн.

Такім чынам, груба кажучы, калі мы разлічваемся з усімі нашымі «гадавымі» абавязальніцтвамі, у нашых рэзервах застаецца ўсяго толькі мільярд долараў. А крэдытаў мы набралі не на год і не на два наперад, а на дзесяцігоддзі. Чым мы далей расплочвацца будзем? Натурай? Лядовымі палацамі?

Ёсць два шляхі: зноў «патрэсці» ўласнае насельніцтва і прадаць «што-небудзь непатрэбнае». Патрэсці насельніцтва ўжо не ўдасца. З 16 ліпеня Нацбанк знізіў стаўку рэфінансавання з 21,5% да 20,5%. Эканамісты сцвярджаюць, што такім чынам гэтая стаўка наблізілася да крытычнага ўзроўню, а дакладней, стала роўнай інфляцыі, якая па выніках чэрвеня склала акурат 20% (чэрвень 2014 года да чэрвеня 2013-га).

За стаўкай рэфінансавання банкі вымушаныя зніжаць стаўкі па дэпазітах насельніцтва. Зараз дэпазітныя стаўкі наблізіліся да 30% гадавых, а гэты ўзровень, на думку многіх, з’яўляецца кропкай пераходу ад рублёў у валюту для насельніцтва. То бок, той мільярд долараў, які ў нас застаўся, вельмі хутка будзе выкуплены беларускімі грамадзянамі, і… І ўсё, краіна — без валюты.

Застаецца толькі прадаць «што-небудзь непатрэбнае». На гэтым тыдні прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч паразмаўляў з намеснікам старшыні ўрада РФ Аркадзем Дварковічам. Мясніковіч запэўніў Дварковіча, што «ўсе тэрміны па ключавых інтэграцыйных праектах з Расійскай Федэрацыяй у прамысловасці будуць вытрыманыя».

Дварковіч у інтэграцыі не займаецца «папяровымі глупствамі» кшталту ЕАЭС і Мытнага саюза. Ягоныя праекты — стварэнне беларуска-расійскіх холдынгаў, кшталту «завіслага» праекту «Росбелаўта», які пакліканы аб’яднаць МАЗ і КамАЗ. Па планах, у такія холдынгі павінныя аб’яднацца «абаронныя» МЗКТ і «Пеленг», а таксама флагман беларускай хіміі «Гродна-Азот». Праўда, пакуль не вядомыя расійскія партнёры, але тое, што яны знойдуцца — да варажбіткі не хадзі.

Канешне, афіцыйна гэта называецца «холдынгамі», але ўсе разумеюць — гаворка ідзе пра скупку расійцамі беларускіх прадпрыемстваў. Калі не цалкам, дык кантрольнага пакету акцый.

І дзе-нідзе перадпродажная падрыхтоўка ўжо пачалася. Напрыклад, у межах гэтай «халдэнгізацыі» была агучаная прапанова стварыць сумесны холдынг у галіне вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Па плане, аб’яднацца павінны былі «Гомсельмаш» і «Ростсельмаш».

11 ліпеня выдадзеная пастанова Саўміну пра тое, што ААТ «Гомсельмаш», які Дварковіч наведваў на «сматрынах», ператвараецца ў свой, беларускі холдынг. У гэты холдынг увойдуць яшчэ пяць ААТ: «Гомельскі завод ліцця і нармаляў», «Гомельскі завод спецінструменту і тэхналагічнага абсталявання», «Навукова-тэхнічны цэнтр камбайнабудавання», «Светлагорскі машынабудаўнічы завод» і «СП-Буд», якія перададуць холдынгу частку сваіх акцый.

Як растлумачылі ў Мінпраме, з перадачай акцый галаўная кампанія холдынгу атрымае «ўсе рычагі кіравання даччынымі структурамі, будзе праводзіць скаардынаваную інвестыцыйную палітыку, ажыццяўляць мадэрнізацыю вытворчасці і развіваць навукова-канструктарскую дзейнасць».

Насамрэч, зразумела: стварэнне холдынгу «Гомсельмаш» выклікана не жаданнем мець нейкую «скаардынаваную інвестыцыйную палітыку». Гэта робіцца для таго, каб павысіць капіталізацыю «Гомсельмашу», то бок, кошт прадпрыемства. Са стварэннем холдынгу, «Гомсельмаш» значна падаражэў для «скупшчыкаў».

З аднаго боку дзіўна, што пачалі з «Гомсельмашу». Адзін з ягоных асноўных рынкаў — Украіна. Аб’яднанне з «Ростсельмашам» на фоне расійска-ўкраінскай вайны можа насцярожыць пакупнікоў беларускай тэхнікі на Поўдні. Яшчэ больш гэта небяспечна, калі паміж Украінай і Расіяй пачнецца паўнавартасная «гандлёвая вайна», водгукі якой ужо чуваць. Тады вельмі выгадны рынак для беларуска-расійскага прадпрыемства ўвогуле будзе закрыты.

Але можа быць і тое, што ўлада дзейнічае «па прынцыпе МТС».То бок, шляхам утварэння «Гомсельмашаўскага» холдынгу настолькі завысіць кошт прадпрыемства, што ні ў якога «Ростсельмашу» не хопіць грошай, каб яго выкупіць.

Каментаваць