На пазітыве

Са старонак газет і экранаў тэлевізараў на нас ільецца, у асноўным, негатыву. Але на гэтым тыдні было шмат пазітыўных навінаў: ад утаймавання інфляцыі і аж да таго, што ў сінявокую з зімоўкі вярнуўся першы бусел.



Напрыклад, Міністэрства эканомікі нарэшце зразумела, што ВУП — гэта не «наша ўсё». Асабліва такі ВУП, які лічыцца ў нас — па створанай, а не прададзенай прадукцыі. А таму гэты паказчык трэба карэктаваць. Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі выступіў супраць разгону ВУП у бліжэйшую пяцігодку. «Накачка ВУП за кошт унутранага попыту, неэфектыўнага крэдытавання, неакупальных інвестыцый недапушчальная», — заявіў Зіноўскі падчас пасяджэння Саўміна, дзе абмяркоўвалася канцэпцыя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016–2020 гады. «Патрэбны пераход да якаснага эканамічнага росту, а ён наўпрост залежыць ад чалавечага фактару (макраэканамічнай стабільнасці, інвестыцый, новых тэхналогій і працоўных месцаў) і ў цэлым ад эфектыўнай сістэмы кіравання эканомікай», — заявіў міністр эканомікі.

Сказаўшы «а», трэба казаць і «бэ» — то бок паведаміць, адкуль узяцца ў краіне інвестыцыям, новым тэхналогіям і макраэканамічнай стабільнасці. Пра гэта Зіноўскі, канешне, не паведаміў, але будзем спадзявацца, што і над гэтым «бэ» ва ўрадзе падумаюць.

Што да макраэканамічнай стабільнасці, то і тут ёсць падстава для аптымізму. Згодна з дадзенымі Белстата, інфляцыя ў Беларусі за люты запаволілася да 1,7% з 2,4% у студзені. Харчовыя тавары ў лютым падаражэлі на 2,3%. Найбольш значна ў лютым павялічыліся цэны на садавіну — на 17,2%, алей — на 12% і крупы і бабовыя — на 4,6%. Цэны на нехарчовыя тавары выраслі на 0,7%. Лідарамі росту сталі ровары і матацыклы — 3,7%, медыкаменты — 2,3% і бытавыя электратавары — 2,2%. Цэны і тарыфы на платныя паслугі павялічыліся на 2%, тут найбольшы кошт традыцыйна паказвае ЖКГ — 7,1%, у тым ліку 14,2% тэхабслугоўванне жылых дамоў, 8,8% — электразабеспячэнне і 5,8% — водазабеспячэнне.

Але аптымізм пакуль што асцярожны. За два месяцы бягучага года спажывецкія цэны выраслі на 4,1%. Трэба запавольваць рост коштаў і далей, інакш мы не ўкладземся ў планаваныя 18% інфляцыі на год. Але ўлічваючы, што гэты прагноз дапускае люфт у плюс-мінус 2%, то і з такімі паказчыкамі мы маем шанец укласціся ў 20% інфляцыі.

Мараторый на рост коштаў, які дзейнічаў у студзені гэтага года пры наяўнай 40-працэнтнай дэвальвацыі станоўча адбіўся на знешнегандлёвым сальда Беларусі. Паводле Нацбанка, станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў студзені 2015 склала $623 мільёны. Характэрна, што рэзкага плюсу ўдалося дасягнуць менавіта за кошт зніжэння імпарту. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг у студзені знізіўся на 30,7% у параўнанні з аналагічным перыядам, пры гэтым экспарт тавараў і паслуг упаў на 22,7%, а імпарт знізіўся на 39,1%.

Больш паказальнымі, канешне, будуць дадзеныя за люты, якіх яшчэ няма. Бо ў лютым улады захавалі абмежаванні на рост коштаў, аднак імпарцёрам было дазволена павышаць цэны на фоне змены курсу беларускага рубля. Так што пачакаем канца сакавіка, калі Нацбанк падаб’е лічбы за апошні зімні месяц.

Скончылася і валютная паніка. Праўда, «паказчык дабрабыту» тут хутчэй трывожны. Бо, як сведчыць показка, у беларуса ёсць тры фінансавыя становішчы: «грошай няма», «грошай няма зусім» і «трэба мяняць валюту». У лютым насельніцтва Беларусі прадало на чыстай аснове наяўнай і безнаяўнай валюты на суму $55,6 мільёна. Нагадаем, у студзені была зафіксавана чыстая купля ў $30,2 мільёна.

Гэта значыць, што беларусы панеслі грошы ў абменнікі, то бок іх персанальнае фінансавае становішча пагоршылася. Тым не менш, за гэтыя грошы яны ж нешта і набывалі, стымулюючы тым самым родную эканоміку і прадаючы тыя замежныя грошы, што набылі ў студзені.

Далі пэўны плён і нашы міратворчыя дзеі ў дачыненні да канфлікту на Данбасе ў сукупнасці з амерыканскімі высілкамі па згортванні ядзернай праграмы Ірана. ЗША адмянілі санкцыі, уведзеныя супраць «Беларуснафты» ў 2011 годзе.

Санкцыі супраць беларускай кампаніі былі ўведзеныя пасля таго, як улады Беларусі захапіліся праектам нафтаздабычы ў Іране на радовішчы Джафейр, падпісаўшы з іранскай дзяржкампаніяй NaftIran Intertrade Company (NICO) кантракт на $500 мільёнаў. У ЗША палічылі, што даходы, атрыманыя ад продажаў нафты з гэтага радовішча, стануць крыніцай фінансавання іранскай ядзернай праграмы.

Санкцыі ў адносінах да «Беларуснафты», як вынікае з паведамлення Дзярждэпу ЗША, знятыя ў сувязі з тым, што «прадпрыемства больш не ўцягнутае ў дзейнасць, на якую распаўсюджваюцца санкцыйныя абмежаванні, а таксама дало гарантыі, што не будзе займацца падобнай дзейнасцю ў будучыні».

Праўда, гэтае зняцце санкцый, якое ўступіла ў моц ужо з 25 лютага, «Беларуснафце» не вельмі дапаможа. Гэта, хутчэй, палітычнае рашэнне, так бы мовіць, азначэнне, што з боку ЗША магчымы крок насустрач Беларусі. Бо «Беларуснафта» ўваходзіць у канцэрн «Белнафтахім», а ў дачыненні да канцэрна па-ранейшаму застаюцца ў сіле санкцыі, уведзеныя яшчэ ў 2007 годзе.

І на заканчэнне можна сказаць, што да нас своечасова, згодна з календаром, прыйшла вясна. Грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» зафіксавала ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці першага бусла, які вярнуўся ў нашу краіну з цёплых краёў. Як адзначыў спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы, буслы — адны з самых далёкіх нашых мігрантаў, яны далятаюць нават у Паўднёвую Афрыку, пры гэтым даўжыня шляху можа дасягаць 9,5 тысяч кіламетраў. Звычайна птушкі ляцяць не над адкрытым морам, а праз пралівы. На шляху да месцаў зімоўкі і назад ім таксама трэба пераляцець самую вялікую пустыню свету — Сахару.

Паводле «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ў нашу краіну ўжо вярнуліся палявыя жаваранкі, кнігаўкі і шпакі, шмат відаў вадаплаўных птушак. Таксама адзначаны пявучы дрозд, аўсянка трысняговая, завірушка лясная, вялікі голуб (вехіра) і некаторыя іншыя віды. Наступнай пасля бусла павінна прыляцець з зімоўкі вясковая ластаўка.

А значыць, вясна да нас прыйшла ўжо канчаткова. Птушак не падманеш.

Каментаваць