На пяты тэрмін — назад у будучыню

Мінулым разам я казаў, што вельмі хацеў бы паглядзець праграму кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А.Р. Асабліва эканамічную яе частку. Дачакаўся. 16 верасня яна была апрылюдненая. І пісаў яе, не інакш, як Жванецкі.



Праграма напісаная згодна з усімі паліталагічнымі правіламі. Кароткімі, рубленымі фразамі. Лозунгамі. Але гэты стыль грае са стваральнікамі тэксту злы жарт: лозунгі — на тое і лозунгі, што ніхто не збіраецца іх выконваць.

 

У чарговы раз парадавала фраза, што мы «збераглі грамадства ад алігархаў і бандытаў». Сапраўды збераглі, бо алігархі ашываюцца ў Драздах і косяць траву разам з Дэпард’ё. Наўскід: Япранцаў, Машэнскі, Чыж, Шакуцін, Пефціеў, Тапузідзіс, Чарняўскі — гэта тое, што я адразу, імгненна мог узгадаць па асацыяцыі «беларускія алігархі». Калі народ і прэса называюць іх алігархамі, дык яны хто? Алігархі і ёсць.

 

Я прапушчу ўзнёслыя словы пра тое, як мы збудавалі сваю незалежную дзяржаву, як мы імкнёмся жыць з сусветам у міры і спакоі. Адно мяне вельмі насцярожыла: «Як першы прэзідэнт незалежнай Беларусі магу цвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі не будзе ўцягнутая ў чужыя войны і канфлікты. І мы заўсёды абаронім Айчыну ад любых замахаў».

 

Калі нам нешта «цвёрда абяцаюць» вышэйшыя чыноўнікі — чакай бяды. Нам шматкроць казалі што «дэвальвацыі не будзе» напярэдадні саміх дэвальвацый. Нам сто разоў трубілі пра прыход замежных інвестараў, а потым гэтыя інвестары сыходзілі — з вялікім расчараваннем. Лукашэнка сто разоў абяцаў паказаць стужку збіцця дэпутатаў Вярхоўнага савета 12-га склікання ў зале пасяджэнняў — нуль. Тое ж было з ягонымі астатнімі «цвёрдымі абяцанкамі». Таму, калі ён зараз абяцае мір і спакой — назапашвай соль ды запалкі.

 

Але вернемся да эканомікі, дзе «Жванецкі» проста пануе. Тут нават не трэба быць эканамістам, каб зразумець: пад выглядам «новай праграмы» нам (ці Аляксандру Рыгоравічу) уцюхваюць стопрацэнтовую абсалютную лажу, якая не мае з рэчаіснасцю ані каліва агульнага.

 

Нам абяцаюць «барацьбу з інфляцыяй і ростам цэнаў». Канкрэтныя захады: «умацаванне даверу да беларускага рубля, устойлівы рост золатавалютных рэзерваў, падтрыманне іх на бяспечным узроўні».

 

Рост даверу да беларускага рубля ў той час, калі менш чым за год у краіне здарылася дзве дэвальвацыі? Не смяшыце мае тапкі! «Устойлівы рост золатавалютных рэзерваў і падтрыманне іх на бяспечным узроўні»? Нашы ЗВР зараз складаюць $4,5 млрд., чаго хопіць на месяц імпарту. Бяспечным лічыцца ўзровень у два месяцы імпарту, не менш. Дзе? Дзе ён, гэты ўзровень? ЗВР павінны вырасці мінімум удвая. А як, калі нам трэба аддаць крэдыторам у наступным годзе $3 млрд?

 

«Рашучая барацьба з манапалізмам з мэтай забеспячэння сумленнай канкурэнцыі на рынку і зніжэння коштаў» таксама ў гэтай праграме. Спадарства, журналісцкая супольнасць 20 гадоў дамагаецца скасавання манаполіі на распаўсюд газетаў «Белпошты» і «Белсаюздруку». Ну, хай не здолелі за 20 гадоў іх дэманапалізаваць, але чаму спарадзілі новых манапалістаў? «Белтэлекам», напрыклад, які кантралюе ці не ўвесь інтэрнэт-трафік? Гэта «рашучая барацьба з манапалізмам»?

 

«Павышэнне эфектыўнасці бюджэтных расходаў, уключаючы прадастаўленне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасці на раўнапраўнай аснове». Гэта значыць, што дзяржаўная падтрымка неэфектыўных прадпрыемстваў будзе працягвацца, і мы па-ранейшаму будзем закопваць грошы ў зямлю рэгулярна штовесну пад выглядам «пасяўной».

 

Чацверты пункт з раздзелу «Барацьба з інфляцыяй і ростам цэн» — «скарачэнне знешняга дзяржаўнага доўгу». Гэтую фразу Жванецкі прачытаў бы з асаблівым выразам. Спадарства, хто зараз просіць крэдыт у $3 млрд. у МВФ і прыкладна столькі ж у Еўразійскага банка развіцця? Не вы? Але ж вы адначасова кажаце пра «скарачэнне знешняга дзярждоўгу». Не сорамна? Вы кажаце адно, а рэальна павялічваеце дзярждоўг на такую суму, што аддаваць — ЗВР не хопіць?

 

Частка другая: называецца «Новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі». Здзіўляе тое, што нам нахабна сцвярджаюць: «Пабудаваныя дзясяткі новых заводаў». Чаму вы пра адзін завод — завод па выпуску швейцарскіх электрычак у Фаніпалі — пішаце як пра «дзясяткі»?

 

Можна было б казаць, што створаныя «дзясяткі новых прадпрыемстваў», якія ствараюцца роўна з той хуткасцю, як паміраюць старыя. Аднак напісана ж: заводы!

 

Ну, падумаем, што гэта «ачапятка». Хай будзе. Але што новага ў «падыходах да мадэрнізацыі»? Стварэнне на дзяржпрадпрыемствах сістэмаў карпаратыўнага кіравання, завабліванне вядучых сусветных кампаній у Беларусь для здзяйснення праектаў з высокай дадазенай вартасцю, і інтэграцыя найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў сусветны фінансавы рынак. Што ў гэтым новага? Апошнія два пункты дзесяць год як не дзейнічаюць, а наконт сістэмы карпаратыўнага кіравання на сусветным узроўні… Якая можа быць сістэма карпаратыўнага кіравання на прадпрыемстве, калі ў дзяржавы — «залатая акцыя»?

 

Раздзел трэці: «Эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне». Там таксама ўсё, што мы чуем як мінімум дзесяцігоддзе. Падвышэнне прэстыжу дзяржслужбы, скарачэнне дзяржаўнага кіравання, электронныя формы для грамадзянаў, дэбюракратызацыя, павышэнне паўнамоцтваў парламента і мясцовага самакіравання. Што перашкаджала выканаць гэтыя пункты за мінулыя 10 год?

 

Адзінае, у чым кіраўнік дзяржавы не паўтарыўся, гэта, як ні дзіўна, барацьба з карупцыяй. Як заўважыў знакаміты блогер Віктар Малішэўскі, у 1994 годзе была проста «барацьба з карупцыяй», у 2001 і 2010-х гадах была «бязлітасная барацьба з карупцыяй», у 2006-м — «рашучая барацьба» і зараз — «непрымірымая барацьба з карупцыяй».

 

Але асабліва ўражвае чацверты раздзел: «Прыцягненне інвестыцый, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу». Як вы думаеце, які першы захад, які збіраецца зрабіць Аляксандр Рыгоравіч у падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу? Прадпрымальнікі здагадаюцца адразу.

 

Ну канешне ж, гэта «ўдасканаленне кантролю за функцыянаваннем бізнесу»!!!

 

Пасля гэтага праграму Лукашэнкі ў гэтай частцы можна не чытаць.

 

Праўда, адна цікавая фішка там ёсць: «забарона на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў». Але гэты пункт, па-першае, яўна «скамуніжжаны» з праграмы Таццяны Караткевіч, па-другое, невядома як быць з дэбільнымі падаткамі кшталту на беспрацоўе, які дэ-факта яшчэ не збіраўся, і па-трэцяе, невыканальны, бо падаткі ў нас разлічваюцца, зыходзячы з памеру базавай велічыні. Гэта забарона на павелічэнне базавай? Тады забудзьцеся і пра павышэнне заробкаў.

 

Пункт пяты «Адкрытасць свету» абяцае нам «удасканаленне сістэмы гарантый для замежных інвестараў». Ага, ведаем мы, як у нас усё ўдасканальваецца — прыкладна так, як для малога бізнесу. «Уваходжанне Беларусі ў лік найбольш развітых краін свету ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій», — раскажыце пра гэта ІТ-шніку Пракапеню, які зараз за кратамі! І канешне ж, «развіццё высакахуткаснага інтэрнэту, укараненне перадавых стандартаў мабільнай сувязі 4G і 5G».

 

Вось, пасадзілі ўлады Пракапеню, найбуйнейшага ў Беларусі ІТ-спецыяліста. І няма каму ім расказаць, што тэхналогія 5G яшчэ дакладна не распрацаваная, і яе з’яўленне нават у самых развітых краінах плануецца не раней за 2020-ы год! Абяцанне 5G у бліжэйшую пяцігодку — гэта альбо дрымучае невуцтва, альбо свядомая хлусня.

 

Рэзюме. Праграма кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А.Р. пакідае вельмі сумнае ўражанне. Напалову яна складаецца з невыкананых абяцанняў мінулых гадоў. Гэта тое, што ў нас ужо павінна быць. Яшчэ 40% — гэта лозунгі і пустое трызненне. А ў тых 10%, якія абяцаюць нам нешта новае, — гэта невыканальныя абавязкі, узятыя на сябе ад невуцтва і недасведчанасці. Альбо, як ужо казалася вышэй, свядомая хлусня.

 

Тут два варыянты. Альбо лукашэнкаўскія спічрайтары і піяршчыкі настолькі нахабныя, што падсунулі Аляксандру Рыгоравічу на подпіс старую праграму пад выглядам новай, альбо яны нас усіх за дурняў трымаюць. Ну можна ж было разабрацца хоць, што такое 5G!!!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-09-18 14:56:54
"збіцця дэпутатаў Вярхоўнага савета 13-га склікання" - ну можна ж было разабрацца, што ў красавіку 1995 г. працаваў яшчэ Вярхоўны Савет 12-га склікання. І я пра гэта пісаў у
каментарыі да артыкула пра кнігу Навумчыка колькі дзён таму!!!



"Калі народ і прэса называюць іх алігархамі, дык яны хто? Алігархі і ёсць". Не кожны буйны бізнэсовец - алігарх. Народ і прэса могуць называць старшынь гарвыканкамаў мэрамі ад гэтага
яны не становяцца выбранымі кіраўнікамі.
  • Андэрталец
  • 2015-09-20 14:55:14
Нязбыўныя мроі пра замежных інвестараў ніяк не пакідаюць зачасаную галаву :)

Каментаваць