Нацбанк: Штучны рост зарплат узмацняе націск на інфляцыю

Неабгрунтаваны рост зарплат фармуе перадумовы для паскарэння інфляцыі.

Такая выснова прыводзіцца ў дакладзе начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрыя Мурына, зробленым ім на пашыраным пасяджэнні праўлення.

У дакладзе, поўны тэкст якога Нацбанк апублікаваў 2 мая, звернутая ўвага на штучны рост даходаў насельніцтва, які назіраўся апошнім часам.

"Рост рэальнай заработнай платы і рэальных наяўных даходаў насельніцтва тэмпамі, што апераджаюць дынаміку прадукцыйнасці працы, фармуе перадумовы для ўзмацнення інфляцыйнага націску як у цяперашні час, так і ў найбліжэйшай перспектыве", — падкрэсліў Мурын.

Ён адзначыў, што ў першым квартале на спажывецкім рынку ўжо назіралася высокая актыўнасць насельніцтва.

"Толькі за студзень—сакавік 2018 года рознічны тавараабарот павялічыўся амаль на 10% да адпаведнага перыяду мінулага года. Пры гэтым узмацняецца попыт насельніцтва на тавары замежнай вытворчасці, перш за ўсё нехарчовыя", — канстатаваў Мурын.

Доля імпартных тавараў у рознічным тавараабароце павялічылася з 54,2% у 2016 годзе да 55,8% у 2017-м.

"Такім чынам, актывізацыя спажывецкага попыту мае важныя наступствы не толькі ў частцы інфляцыйных працэсаў, але і для збалансаванасці знешняга гандлю", — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Ён адзначыў, што інфляцыйныя чаканні насельніцтва застаюцца высокімі: бягучая, якая адчуваецца, і чаканая інфляцыя больш як удвая перавышае яе фактычны ўзровень.

"У аснове звестак ляжыць перш за ўсё псіхалагічны фактар. Насельніцтва выбудоўвае здагадкі адносна будучай інфляцыі на падставе назіранняў за наяўнай і мінулай цэнавай дынамікай, якая на працягу доўгага перыяду часу характарызавалася высокімі тэмпамі", — лічыць Мурын.

Дадатковым фактарам, якія перашкаджае зніжэнню інфляцыйных чаканняў, з'яўляецца недасканаласць палітыкі адміністрацыйнага цэнавага рэгулявання, мяркуе прадстаўнік Нацбанка.

"Частыя і нескаардынаваныя рашэнні дзяржаўных органаў аб павышэнні цэн і тарыфаў фармуюць у насельніцтва адчуванне пастаяннага росту цэн. Пры гэтым рэгуляваныя цэны і тарыфы часта павышаюцца дзяржавай на велічыню, якая перавышае ўстаноўлены мэтавы параметр па інфляцыі", — падкрэсліў Мурын.

Такім чынам, заявіў ён, вышэйпералічаныя фактары "сфармавалі перадумовы для некаторага ўзмацнення інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў".

Інфляцыя ў першым квартале 2018 года склала 2,5%. Улады раней паставілі задачу забяспечыць сёлета рост спажывецкіх цэн не больш як на 6%.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць