Мінус два: Нацбанк адклікаў ліцэнзію «БІТ-банка» і прыпыніў ліцэнзіі «Еўрабанка» на шэраг аперацый

Нацыянальны банк Беларусі прыпыніў да 6 жніўня 2015 года дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «Еўрабанк» на ажыццяўленне шэрагу банкаўскіх аперацый, у тым ліку на валютна-абменныя аперацыі.



«Рашэнне прынята ў сувязі з невыкананнем ЗАТ «Еўрабанк» асобных ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам Беларусі, а таксама з улікам вынікаў комплекснай праверкі названага банка, якія сведчаць аб высокіх рызыках у яго дзейнасці і недастаткова здавальняючай якасці кіравання», — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс –Захад» у чацвер ва упраўленні інфармацыі Нацбанка.

Там ўдакладнілі, што прыпынена дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «Еўрабанк» на прыцягненне грашовых сродкаў юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады, адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў юрыдычных асоб (за выключэннем вядзення раней адкрытых банкаўскіх рахункаў юрыдычных асоб, давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі, фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання (факторынг).

Акрамя таго, банку забаронена ажыццяўляць разліковае і касавае абслугоўванне фізічных асоб, валютна-абменныя аперацыі, перавозіць наяўныя грашовыя сродкі, плацёжныя інструкцыі, каштоўныя металы і каштоўныя камяні і іншыя каштоўнасці паміж банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі.

«Прынятае рашэнне не прывядзе да ўзнікнення ў ЗАТ «Еўрабанк» абавязацельстваў па датэрміновым выкананні дамоваў з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі. Усе абавязацельствы ЗАТ «Еўрабанк» будуць выконвацца ў адпаведнасці з раней заключанымі дамовамі. Пры гэтым банку забараняецца заключаць новыя дамовы і перазаключаць на новы тэрмін раней заключаныя дамовы, выкананне абавязацельстваў па якіх звязана з ажыццяўленнем банкаўскіх аперацыі, у частцы ажыццяўлення якой дзеянне ліцэнзіі прыпынена», — дадалі ў рэгулятары.

Як паведамляе АФН, Праўленнем Нацыянальнага банка таксама было прынята рашэнне аб адклiканнi з 7 мая 2015 г. спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў закрытага акцыянернага таварыства «Банк Інвестыцыйных Тэхналогій» (ЗАТ «БІТ-Банк»).

«Рашэнне прынята з улікам вынікаў комплекснай праверкі ЗАТ «БІТ-Банк», якія сведчаць аб высокіх рызыках у яго дзейнасці і нездавальняючай якасці кіравання, а таксама ў сувязі з невыкананнем ЗАТ «БІТ-Банк» лiцэнзiйных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу банка, адсутнасцю выразных перспектыў па яго нарошчванні, парушэннем iншых патрабаванняў банкаўскага заканадаўства, што можа прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банка», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацбанка.

Па памеры актываў ЗАТ «БІТ-Банк» займае 27-е месца ў банкаўскай сістэме Рэспублікі Беларусь. Доля актываў банка ў банкаўскай сістэме неістотная і на 1 мая 2015 года  складае 0,07%. ЗАТ «БІТ-Банк» не ажыццяўляе аперацый, звязаных з прыцягненнем на рахункі і ва ўклады (дэпазіты) грашовых сродкаў фізічных асоб.

У адпаведнасці з артыкулам 99 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з моманту адклікання ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці да моманту стварэння ліквідацыйнай камісіі (прызначэння ліквідатара) або прызначэння гаспадарчым судом кіраўніка (антыкрызіснага кіраўніка) забараняецца заключэнне банкам новых дамоваў і перазаключэнне на новы тэрмін раней заключаных дамоваў, выкананне абавязацельстваў банка па іх, у тым ліку ажыццяўленне аперацый па карэспандэнцкім рахунку банка, за выключэннем аперацый, звязаных з бягучымі і эксплуатацыйнымі плацяжамі банка, выплатай выхадных дапамог i аплатай працы асоб, якія працуюць па працоўнаму кантракту, у межах каштарысу выдаткаў, што ўзгадняюцца з Нацыянальным банкам. Забараняецца таксама вяртанне грашовых сродкаў, памылкова залічаных на карэспандэнцкі рахунак банка.

Каментаваць