Нацыянальны аэрапорт “Мінск” застаецца без кітайскага інвестара

Кітай не збіраецца рабіць інвестыцыі ў Нацыянальны (міжнародны) аэрапорт “Мінск. Як паведамляюць Naviny.by, адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў у гісторыі Беларусі не будзе рэалізаваны ў запланаваным аб’ёме. У ім, хутчэй за ўсё, нават не будзе ўдзельнічаць кітайская кампанія, якая першапачаткова выступала ў гэтым праекце генеральным падрадчыкам.



Кітай не збіраецца рабіць інвестыцыі ў Нацыянальны (міжнародны) аэрапорт “Мінск. Як паведамляюць Naviny.by, адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў у гісторыі Беларусі не будзе рэалізаваны ў запланаваным аб’ёме. У ім, хутчэй за ўсё, нават не будзе ўдзельнічаць кітайская кампанія, якая першапачаткова выступала ў гэтым праекце генеральным падрадчыкам.

Як падкрэсліў палітолаг Валеры Карбалевіч, каментуючы навіну “Новаму часу, гэта лішні раз сведчыць пра тое, што ўсе гэтыя грандыёзныя планы па асваенню кітайскіх рэсурсаў, заявы, што сюды прыходзяць неверагодныя кітайскія інвестыцыі ў памеры ледзь не 15 мільярдаў долараў, — усё гэта, мякка кажучы, вялікае перабольшванне.

“Гэта тлумачыцца тым, што кітайцы ўкладаюць грошы туды, дзе яны ўпэўнены, што могуць атрымаць прыбытак, — адзначае эксперт Аналітычнага цэнтра “Стратэгія. — Натуральна, што кітайцы жадаюць працаваць на акупляльныя праекты. Я мяркую, што яны ўсё пралічылі, і ў іх няма ўпэўненасці ў тым, што яны тут могуць атрымаць нейкі прыбытак, прычым атрымаць яго даволі хутка. Гэта класічная сітуацыя, калі беларускія дзяржаўныя органы, дзяржаўныя прадпрыемствы фарміруюць гэтыя камерцыйныя праекты, то бок, чыноўнікі, а не бізнэс. Калі б гэта быў бізнэс, калі б кітайскі бок заключыў нейкія пагадненні з бізнэсмэнамі, то яны загадзя б усё пралічылі і гэтак далей. А вось чыноўнікі працуюць не на прыбытак, яны працуюць на план. У гэтым сэнсе я б мог параўнаць гэта з тым, як лопнуў нафтавы іранскі праект, калі палітыка ішла наперадзе камерцыі, калі палітычныя кіраўнікі прымалі нейкія рашэнні, а потым ужо гэтыя рашэнні падганяюцца пад нейкую эканамічную мэтазгоднасць. Гэтак жа сама лопнуў і іранска-беларускі праект па выбару легкавікоў “Саманд. І я вельмі баюся, што на чарзе і венесуэльскі праект, які працую па дакладна такой жа схеме. Гэта ўсё заканамернасць. 
  
Якая прычына?

Мінск і Пекін не змаглі прыйсці да кансенсусу па кошце гэтага інвестпраекта.

Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі Беларусь збіралася рэканструяваць Нацыянальны аэрапорт «Мінск». У прыватнасці, меркавалася пабудаваць новы пасажырскі тэрмінал. Справа ў тым, што беларускі аэрапорт узводзіўся ў савецкія часы і быў адаптаваны для ўнутрысаюзных палётаў. Адпаведна, пасажырскі тэрмінал не прыстасаваны ні для мытнага, ні для памежнага кантролю.

Гэтая задача стала асабліва актуальнай у сувязі з тым, што ў 2014 годзе з-за правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі чакаецца значнае павелічэнне пасажырапатоку. Таму і планавалі будаўніцтва новага, сучаснага, пасажырскага тэрмінала да 2014 года.

У рамках рэканструкцыі быў намер таксама пабудаваць на тэрыторыі аэрапорта новую ўзлётную паласу, якая дазваляла б прымаць нават самыя буйныя самалёты (напрыклад, аэробус А–380).

Аднак рэканструкцыю беларускага аэрапорта ў запланаваных аб’ёмах правесці не атрымліваецца. «На жаль, кітайскі бок адмовіўся быць генпадрадчыкам», — паведаміла дасведчаная крыніца. Таму рэканструкцыя аэрапорта, «хутчэй за ўсё, будзе рэалізоўвацца без удзелу кітайцаў».

Беларускі бок і кітайская кампанія «Віэкточмаш», якая паўтара гады таму была абраная генпадрадчыкам рэканструкцыі аэрапорта, не змаглі дамовіцца аб кошце рэалізацыі праекта. У дамове кошт рэканструкцыі была ацэнены ў $600 мільёнаў. Аднак пасля кітайцы паведамілі, што ацэньваюць інвестыцыйны праект больш як у $1 мільярд.

На думку экспертаў, верагодна, рэканструкцыя аэрапорта будзе ажыццяўляцца ў прынцыпова іншым фармаце, чым першапачаткова планавалася. Гаворка можа ісці аб тым, што будаўніцтва новай узлётнай паласы будзе адкладзена на некалькі гадоў.

Каментаваць