Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Нафтавы каталізатар

Пасля ратыфікацыі Беларуссю і Расіяй новага пратакола аб сёлетніх пастаўках нафты ў Беларусь сітуацыя з забеспячэннем сыравінай айчынных НПЗ зрушылася з крытычнай кропкі. Аднак гэта не вырашыла глабальных эканамічных праблем краіны. Не так даўно эксперты Міжнароднага валютнага фонду ацанілі страты ад новых умоў паставак расійскай нафты ў два мільярды долараў. І параілі прыняць меры, якія б дазволілі згладзіць негатыўныя наступствы новай эканамічнай сітуацыі.

МВФ чакае прыватызацыі



Пасля ратыфікацыі Беларуссю і Расіяй новага пратакола аб сёлетніх пастаўках нафты ў Беларусь сітуацыя з забеспячэннем сыравінай айчынных НПЗ зрушылася з крытычнай кропкі. Аднак гэта не вырашыла глабальных эканамічных праблем краіны. Не так даўно эксперты Міжнароднага валютнага фонду ацанілі страты ад новых умоў паставак расійскай нафты ў два мільярды долараў. І параілі прыняць меры, якія б дазволілі згладзіць негатыўныя наступствы новай эканамічнай сітуацыі.

МВФ чакае прыватызацыі

«Складзеная нядаўна дамова з Расіяй аб коштах на ўвазную сырую нафту без якіх-кольвек кампенсавальных мераў прывядзе да істотнага павелічэння дэфіцыту рахунку бягучых аперацый і дэфіцыту бюджэту сектара органаў дзяржаўнага кіравання», — гаворыцца ў паведамленні МВФ, зробленым па выніках чацвёртага, заключнага агляду ў межах дамоўленасці аб крэдыце stand-by.

Эксперты фонду лічаць, што ўрад Беларусі робіць «сур’ёзныя дзеянні, каб абмежаваць уплыў падвышэння коштаў на нафту на бюджэт і аплатны баланс», а вынікі рэалізацыі эканамічнай праграмы, падтрыманай у рамках дамоўленасці аб крэдыце stand-by, ацэньваюць станоўча. Аднак у МВФ ёсць і прэтэнзіі. Найперш яны тычацца «павольнага працэсу прыватызацыі». У афіцыйным паведамленні гаварылася, што місія дасягнула паразумення з уладамі адносна мераў, якія забяспечаць прагрэс у гэтай сферы.

Пытанне пра выдзяленне пятага траншу крэдыту ў памеры прыкладна 700 мільёнаў долараў ЗША будзе ўзнята ў сакавіку. Агульны аб’ём крэдытнай лініі складаў 3,53 мільярда долараў. Пасля яе закрыцця, магчыма, будзе разгледжаны варыянт наступнай сумеснай праграмы з МВФ.

Каб залагодзіць Міжнародны валютны фонд, кіраўніцтва Беларусі гатовае выставіць на продаж дадаткова яшчэ 20 прадпрыемстваў. Як паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў, ужо падрыхтаваны праект распараджэння кіраўніка дзяржавы аб продажы акцый пяці прадпрыемстваў з удзелам кансультантаў замежных кампаній. Да іх дадаюцца яшчэ 20. Па праграме прыватызацыі на 2008–2010 гады ў Беларусі ўжо акцыянавана 160 прадпрыемстваў, з імі вядзецца праца па прыватызацыі. Новы план прыватызацыі на 2011-ы і наступныя гады распрацоўваць пакуль не пачыналі.

Аб пацвярджэнні намеру пачаць раздзяржаўленне эканамічнага сектару сведчыць і сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам вядомай інвестыцыйнай кампаніі Rothschild, якая аказвае паслугі ў сферы інвестыцыйнага банкінгу, персанальнага банкаўскага абслугоўвання і даверанага кіравання актывамі ўрадам, кампаніям і фізічным асобам. На працягу апошніх сямі гадоў група Rothschild займае першае месца па колькасці кансультуемых здзелак зліцця і паглынання ў Еўропе.

Нарошчванне базы партнёраў-кансультантаў пачалося яшчэ напрыканцы мінулага года: у Мінску адкрылася прадстаўніцтва міжнароднай кампаніі «Рэнесанс Капітал», афіцыйны статус інвестыцыйнага агента ўрада Беларусі атрымалі польская інвестыцыйная кампанія AKJ Capital і заснавальнік ПУП «БТ Тэлекамунікацыі», старшыня агульнага сходу акцыянераў ЗАТ «Белтэхэкспарт» Уладзімір Пефціеў. Апошні, праўда, вядомы не толькі як таленавіты бізнесмен і прадстаўнік эканамічнага істэблішменту Беларусі. Гавораць, што Пефціеў меў дачыненне да здзелак са зброяй і з’яўляўся бліжэйшым партнёрам экс-генпракурора Беларусі Віктара Шэймана. Які характар цяпер будуць мець паслугі бізнесоўца, сказаць ва ўмовах, калі многія пагадненні праводзяцца непразрыста, цяжка. Аднак відавочна, што ўраду патрэбныя эксперты, якія маглі б даваць кансультацыі наконт прыцягнення знешніх запазычанасцяў і фундатараў.

Дарэчы, па інфармацыі старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгія Кузняцова, аўстрыйскі ўрад разглядае магчымасць выдзеліць грант на 5 мільёнаў еўра для вырашэння прыватызацыйных пытанняў у Беларусі. Грошы мяркуецца накіраваць зноў-такі на аплату паслуг фінансавых кансультантаў.

Калі сам не гам…

Што тычыцца непасрэднага ўдзельніка нафтавых адносін і «залатой курыцы» айчыннай эканомікі — беларускіх НПЗ, то рана ці позна і іх чакае прыватызацыя. Найбольш верагоднымі пакупнікамі цяпер называюць расійскія кампаніі «Лукойл» і «Роснафта». Падставы гэтаму эксперты бачаць у немажлівасці загрузіць заводы на сто працэнтаў таннай нафтай, перапрацоўка і экспарт якой раней забяспечвалі ладны кавалак айчыннага бюджэту.

Ад пачатку гэтага года беларускія НПЗ сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай загрузкі вытворчасці. На пачатку лютага прадпрыемствы працавалі толькі на 50 працэнтаў. Пасля вырашэння пытання аб пастаўках сыравіны «Нафтан» і «Мазырскі НПЗ» перапрацоўваюць каля 23 тысяч тон сырой нафты ў суткі, што складае каля 75 працэнтаў іх вытворчых магутнасцяў. З праблемай пошуку сыравіны нафтаперапрацоўваючая галіна Беларусі будзе сутыкацца перыядычна, паколькі заводы будаваліся яшчэ за савецкім часам, іх магутнасць планавалася з улікам агульнай сыравіннай базы.

Нагадаем, што паводле дамовы на 2010 год, Расія паставіць у Беларусь толькі 6,3 мільёна тон нафты без мыта, якая быццам бы мусіць пайсці на забеспячэнне ўнутраных патрэбаў краіны. Унутраныя патрэбы краіны ацэньваюцца прыблізна ў 8 мільёнаў тон нафты ў год. Аднак Беларусь хутчэй за ўсё будзе імкнуцца аб’ём бязмытавай нафты перапрацаваць і адправіць на экспарт, што дазволіць кампенсаваць частку стратаў на закупку экспартнай мытнай нафты або расійскіх нафтапрадуктаў для запаўнення ўнутранага рынку.

Аднак ёсць адно «але»: вырабленыя па бязмытнай квоце нафтапрадукты можна пастаўляць толькі на ўнутраны рынак, а ён не мае патрэбы ў такіх аб’ёмах. Да таго ж пабочныя прадукты перапрацоўкі гэтай самай нафты не запатрабаваныя на ўнутраным рынку, але на іх ёсць попыт па-за межамі рэспублікі, праўда, адгружаць іх на экспарт зноў-такі фармальна нельга. Такім чынам, перад НПЗ паўстаюць праблемы з рэалізацыяй сваёй прадукцыі і пошукам валюты, якая б забяспечыла мажлівасць аплачваць пастаўкі сырой нафты на мытных умовах.

Страты ад новых умоў працы нафтавага сектару магчыма кампенсаваць за кошт прыватызацыі НПЗ, аднак асноўнай перашкодай для патэнцыйных інвестараў застаецца кошт прадпрыемстваў і ўмовы іх продажу. Дарэчы, 42 працэнта Мазырскага НПЗ ужо належаць расійскай кампаніі «Слаўнафта». Цалкам ва ўласнасці Беларусі застаецца толькі «Нафтан». Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што да прыватызацыі нафтаперапрацоўчых заводаў засталося не так многа часу.

Аднак, мяркуе эксперт, адбывацца яна будзе па карупцыйных і цёмных схемах. «Прыватызацыя НПЗ — вельмі выгодная справа. Як правіла, норма прыбытку нафтаперапрацоўчай галіны каля 30 працэнтаў. Па даходнасці з ёй можна параўнаць фармацэўтыку ды ІТ-тэхналогіі. Ёсць пэўныя колы палітыкаў, якія б хацелі прысвоіць сабе гэтыя прадпрыемствы і бязбедна існаваць. Таму прыватызацыя будзе наменклатурная, для абраных. Нафтавую галіну аддадуць у першую чаргу сваім пад выглядам прыцягнення інвестыцый, мадэрнізацыі ці яшчэ чаго. Гледзячы на тое, як разгарэўся апетыт у палітыкаў і чыноўнікаў — зробяць гэта хутка», — рэзюмуе Леанід Заіка.

Няспраўджаныя надзеі

Пасля ратыфікацыі Беларуссю і Расіяй новага пратакола аб пастаўках нафты беларускі бок заявіў пра немэтазгоднасць існавання Мытнага саюза, які беларускія ўлады першапачаткова разглядалі як магчымасць надалей атрымліваць танную вугляродную сыравіну, а разам з ёй і грошы для бюджэту. Так, намеснік дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў Антон Кудасаў зазначыў, што збор мыта на расійскую нафту супярэчыць прынцыпам адзінай мытнай прасторы, а міжурадавы пратакол ад 27 студзеня 2010 года, які «легалізуе прымяненне расійскім бокам гэтага мыта, не адпавядае прававой базе Мытнага саюза і тым дакументам, якія былі прынятыя ў сувязі з рашэннем кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Казахстана стварыць адзіную мытную тэрыторыю з 1 ліпеня 2010 года».

На думку прадстаўніка МЗС, варта правесці трохбаковыя перамовы, вынікам якіх мусіць стаць рашэнне аб бязмытавых пастаўках нафты. «Калі гэтага не адбудзецца, адзіная мытная тэрыторыя, унутры якой спаганяецца мыта, непрадстаўнічая. Гэта ставіць пытанне пра выкананне рашэння ўрадаў аб стварэнні такой тэрыторыі», — падкрэсліў Кудасаў.

Адзначым, што да 1 сакавіка Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі плануе падрыхтаваць праект дамовы аб пастаўках нафты ў межах Мытнага саюза. На працягу сакавіка ўдзельнікі Мытнага саюза павінны дамовіцца па экспартных мытах на нафту. Пакуль жа іх адміністраванне застаецца на нацыянальным узроўні. Як патлумачыў намеснік дырэктара зводнага дэпартамента аналізу і рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці Мінэканомразвіцця РФ Андрэй Точын, гэта звязана з тым, што экспартныя мыты з’яўляюцца не толькі рэгулятыўнымі, частка з іх — таварная рэнта.

Таму бакам давядзецца дамаўляцца, якія механізмы адміністравання экспартных мытаў будуць прымяняцца, каб экспарцёры не мелі магчымасці сыходзіць ад выплаты гэтай рэнты за кошт вывазу тавараў з тэрыторыі Беларусі або Казахстана.

Мытны саюз — яблык разладу апошніх месяцаў. Плоду палітычнага сяброўства прадракаюць як хуткую смерць, так і трывалую жывучасць. Так, ён не адпавядае шэрагу нацыянальных інтарэсаў Беларусі, але, як не круці, дае пэўныя выгоды дзеючай палітычнай сістэме Беларусі.

«Сучасная эканоміка — гэта эканоміка саюзаў і інтэграцый, — адзначае эканаміст Леанід Заіка. — І беларуская эканоміка рана ці позна апынецца ў нейкім саюзе. Рэальны саюз ці не, але выгода ад яго ёсць. Цяпер мы маем фактычна на 30 працэнтаў таннейшы бензін, таннейшы, чым для ўсёй Еўропы газ. Насельніцтва гэта задаволіць. Ёсць выгода і ў тым, што беларускую прадукцыю будуць набываць на прасторах Расіі і Казахстана. Цяпер будзе больш жорсткае рэгуляванне мытнай прасторы, для трэціх краін умовы, падаткі будуць значна менш спрыяльнымі, чым для Беларусі. Як любы мытны саюз, гэты прыкрывае сваіх вытворцаў, асабліва няўдачных, а ў нас такіх палова».

Апроч таго, эканаміст сярод пазітыўных фактараў эканоміка-палітычнага ўтварэння называе свабодны рынак працы. «Ёсць падлікі, што ад 600 тысяч да мільёна беларусаў працуюць за мяжой. Паехаць працаваць на нафтаздабываючыя промыслы значна лепш, чым мыць посуд у Гамбургу. Таму, калі паглядзець на рэчаіснасць, дык Мытны саюз цяпер больш рэальны за інтэграцыйны еўрапейскі вектар Беларусі», — мяркуе Леанід Заіка.

Каментаваць