Нафтавы баланс у працэсе

Кіраўніцтва Беларусі часткова ўзгадніла пастаўку нафты з Расіі. Цалкам падпісаць да навагодняга бою курантаў нафтавы баланс не атрымалася. Расійскі бок ставіць у віну беларусам маніпуляцыі з растваральнікамі. Нафтавая тэма ў вышэйшых эшалонах улады і медыя актыўна абмяркоўваецца ўвесь снежань.



«Бакі ўзгаднілі аб'ёмы паставак расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале наступнага года ў аб'ёме 5 750 000 тон. Пры ўмове працы беларускіх НПЗ у раўнамерным графіку загрузкі гэтая лічба адпавядае неабходнаму аб'ёму заяўленаму Беларуссю па пастаўках нафты на наступны год — 23 млн тон», — паведамілі агенцтву «Interfax» у прэс-службе беларускага ўрада.Там адзначылі, што бакі дамовіліся ў 1 квартале 2013 працягнуць перамовы па балансе паставак нафты на астатні перыяд наступнага года.

28 снежня ў Маскву на перамовы аб пастаўках у Беларусь у 2013 годзе расійскай нафты скіравалася дэлегацыя пад кіраўніцтвам першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі. Перад візітам Сямашкі ў Маскву ананімная крыніца з профільнага ведамства паведаміла агенцтву «Interfax», што перамовы вядуцца, і цяпер не магчыма прагназаваць канчатковы аб'ём паставак нафты.


«Беларуская дэлегацыя разлічвае ў самы бліжэйшы час падпісаць нафтавы баланс на наступны год. У Мінску зыходзяць з неабходнасці імпарту ў наступным годзе 23 млн тон нафты. Пакуль рана казаць аб канчатковым аб'ёме паставак нафты ў наступным годзе», — сказала крыніца. Мінэнерга Расіі напярэдадні паведаміла аб тым, што дамоўленасці па пастаўках нафты паміж бакамі няма, і ў першым квартале пастаўкі ў Беларусь будуць ажыццяўляцца зыходзячы з ужо складзенага балансу ведамства, у якім ідзе размова пра 18,5 млн тон нафты.

Беларусь настойвае па імпарт у краіну 23 млн тон нафты, Расія ж пакуль пагаджалася толькі на 18,5 млн тон. З нагоды нафтавага непаразумення ўжо нават здарыўся казус з удзелам кіраўніка Беларусі.

Так, 19 снежня пытанне аб пастаўках нафты абмяркоўвалася ў Маскве на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, а 21 снежня Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі паведаміў: «Мы з Расіяй праводзілі перамовы. Яны прапаноўвалі 18,5 млн тон, мы хацелі 23 млн тон. Мы з расіянамі, праўда, дамовіліся на пастаўку 23 млн тон нафты».


Лукашэнка зазначыў, што Расія пагадзілася на пастаўку 23 млн. тон нафты на ўмовах ўзаемнай пастаўкі Беларусі высокаактанавага бензіну. Такія ўмовы прымальныя для Беларусі, сказаў Лукашэнка, але дадаў, што гэта «супярэчыць духу Адзінай эканамічнай прасторы і саюза, які мы будуем — тут павінна быць свабода перамяшчэння тавараў».

Аднак Мінэнерга РФ у той жа дзень абвергла яго словы. «Інфармацыя аб дасягненні дамоўленасці аб пастаўках 23 млн тон расійскай нафты ў Рэспубліку Беларусь у 2013 годзе не адпавядае рэчаіснасці На сённяшні дзень пагадненне аб аб'ёмах паставак у Рэспубліку Беларусь расійскай нафты ў 2013 годзе не падпісана», — гаварылася ў паведамленні ведамства.


Раней расійскі бок заяўляў, што аб'ёмы паставак абмяркоўваюцца ва ўвязцы з рашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў. У Маскве выказвалі занепакоенасць тым, што Беларусь магла экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў і распушчальнікаў, каб сысці ад выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. Лукашэнка, са свайго боку, заяўляў, што пытанне экспарту растваральнікаў не перашкаджае падпісання нафтавага балансу з РФ на год 2013.

У снежні на прэсавай канферэнцыі пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў таксама закрануў тэму паставак нафты і канфлікту вакол распушчальнікаў. Ён пацвердзіў, што Расія спрабуе вярнуць у свой бюджэт 1,5 млрд долараў, атрыманых ад бяспошліннага экспарту нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў.


«Гэта тэма прысутнічае, не буду хаваць. А як бы вы паступілі, калі б да вас залезлі ў кішэню і выцягнулі з яе што-небудзь? Вы б сталі патрабаваць вяртання? — заявіў дыпламат. — Расіі і эканамічна, і палітычна крыўдна». Паводле яго слоў, гэты пункт разладу ўплывае і на зацягванне ў часе падпісання дамовы на наступны год па пастаўках нафты.


Разам з тым Сурыкаў запэўніў, што Расія ў першым квартале наступнага года забяспечыць максімальную загрузку беларускіх НПЗ. Нагадаў расійскі пасол, што Газпрам плануе за 5 гадоў павялічыць транзіт газу праз Беларусь на 30%.

Прыкрытая лавачка

Сёлета Беларусь атрымала максімальна льготны рэжым імпарту нафты з Расіі, чым не прамінула скарыстацца. Паводле нафтавага балансу, у 2012 годзе ў Беларусь з Расіі было пастаўлена 21,5 млн тон нафты. Расійскія давальныя кампаніі атрымалі магчымасць самастойна распараджацца прадукцыяй, выпрацаванай на беларускіх НПЗ з увезенай сыравіны.

У выніку беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працавалі з максімальнай загрузкай магутнасцяў. Па выніках першага паўгоддзя Мазырскі і Наваполацкі НПЗ спрацавалі з прыбыткам звыш 1 трлн беларускіх рублёў, у той час як летась іх праца была стратнай.

Сёлета ж у знешнепалітычны лексікон з Расіяй увайшлі такія тэрміны, як «растваральнікі» і «распушчальнікі». Пры ўдзеле буйных прыватных нафтатрэйдэраў з Беларусі і Расіі была наладжаная вытворчасць і экспарт растваральнікаў, распушчальнікаў і змазачных матэрыялаў. Яны вырабляліся з бяспошліннай расійскай сыравіны шляхам дадавання да яе спіртоў. І ў адпаведнасці з Мытным кодэксам Мытнага саюза, экспартаваліся з тэрыторыі Беларусі за межы РФ без збірання экспартных пошлін. А, згодна з міжурадавай дамовы з Расіяй, Беларусь абавязаная пералічваць пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, у бюджэт РФ.

У выніку за студзень—кастрычнік у Беларусь паставіла на знешнія рынкі каля 15 млн тон нафтапрадуктаў на агульную суму каля 12,7 млрд долараў.

Каментаваць