Намеснік міністра эканомікі лічыць, што скандал з «Уралкаліем» палепшыў інвестыцыйны клімат

Пасля скандалу з «Уралкаліем» і арышту ў Мінску гендырэктара кампаніі Баўмгертнэра інвестыцыйны клімат у Беларусі толькі палепшаў. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта «Нашай Нівы» падчас 23-ага Эканамічнага форуму ў польскай Крыніцы.



Фота: БелТА


Ён патлумачыў, што канфліктная сітуацыя прадэманстравала, што ў Беларусі ўсе прадстаўнікі бізнэсу знаходзяцца ў аднолькавым прававым полі.
 
 
«Тое, што ніхто, разам з буйнымі бізнэсоўцамі, не мае індульгенцыі, найлепшы таму доказ», — перакананы ён.
На 23-м Эканамічным форуме ў Польшчы дыскусію наконт інвестыцыйных перспектыў Беларусі ладзіла Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі.
 
 
Адметна, што намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў выступаў па-англійску — нязвыкла для беларускіх чыноўнікаў. 
 
 
Ягоны шэф Мікалай Снапкоў тым часам знаходзіцца на эканамічным форуме ў Кітаі.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць