Нас не задушаць

Паміж Пекінам і Ісламабадам Лукашэнка ўсё ж пакіраваў краінай. Праўда, як гэта нам адгукнецца, — незразумела.

Галоўнай эканамічнай тэмай тыдня стала павышэнне Беларуссю ў аднабаковым парадку коштаў на транзіт праз краіну расійскай нафты. У пастанове гаворыцца пра тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах прадпрыемстваў «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба».

Гаворка ідзе пра паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна. Кошты на транзіт павысіліся ў сярэднім на 50%.

На фоне скарачэння аб’емаў пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь з-за непрызнання доўгу перад «Газпрамам» і бясконцых расійска-беларускіх газавых перамоваў, навіна выглядае як ультыматум Расіі. Бо, як падкрэслівае расійскі бок, гэты крок Беларусі быў «аднабаковым» і парушыў як палажэнні міжурадавай дамовы, так і ўзгодненую методыку змены тарыфаў.

У Федэральнай антыманапольнай службе Расіі назвалі павышэнне тарыфаў на транзіт расійскай нафты «неймаверным». І нават прыгразілі нам судом. «Рашэнне сітуацыі магчыма ў судовай плоскасці», — заявіў начальнік упраўлення кантролю ТЭК ФАС Расіі Дзмітрый Махонін.

Калі справа сапраўды дойдзе да суда, то гэта будзе вельмі цікавы працэс. Расія, як звычайна, узгадвае пра міжнародныя дакументы і пагадненні толькі тады, калі гэта ёй выгадна. Беларусь у выніку можа прад’явіць сустрэчны іск. Бо з-за той жа газавай спрэчкі РФ скараціла нам пастаўкі нафты на 5 мільёнаў тон. Аднак што цікава: па міжурадавых пагадненнях скарачэнне паставак нафты магчымае толькі ў тым выпадку, калі Беларусь недапастаўляе ў Расію бензін, зроблены з гэтай нафты. Пра газ і кошты на яго ў гэтым пагадненні — няма ні слова.

Так што першай міжурадавыя пагадненні парушыла Расія. Мы ж, як сапраўдныя партызаны, спачатку прамаўчалі, але далі свой нечаканы асіметрычны адказ.

Апраўдваючы скарачэнне паставак нафты, расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч казаў: «Нашы беларускія партнёры нам недаплачваюць за газ, мы з-за гэтага губляем грошы, у тым ліку ў бюджэце, бо «Газпрам» — буйны падаткаплацельшчык, і, вядома, вымушаныя шукаць варыянты кампенсацыі». А калі Беларусь пачала шукаць тыя ж самыя «варыянты кампенсацыі», бо нафта — гэта нашае ўсё, расійцы раптам узгадалі: ёсць жа міжурадавыя дамоўленасці! І пачалі енчыць: Беларусь іх парушыла! А самі?

У той жа час Лукашэнка ў чарговы раз папярэдзіў урад пра «ненахіляльнасць» перад Міжнародным валютным фондам, з якога мы ўжо амаль год імкнёмся атрымаць тры мільярды долараў крэдыту. «У мяне склалася дакладнае ўражанне, чаго хочуць акцыянеры, заснавальнікі МВФ ад тых дзяржаў, з якімі вядуцца перамовы. То бок, у МВФ ёсць пэўная палітыка, — сказаў Лукашэнка. — Рашэнні прымаюцца ўсё ж такі па рэкамендацыях тых, у каго ў МВФ больш грошай, хто валодае кантрольным пакетам акцый. Дамінуючыя акцыянеры — ЗША і ЕС. Без іх рашэнне МВФ ніколі не прымалася».

Але справа ў тым, што гэтыя патрабаванні, якія быццам бы разумее Лукашэнка, «у канчатковым рахунку нічога не маюць з той палітыкай, якую дэклараваў прэзідэнт на першых прэзідэнцкіх выбарах, магчыма, на другіх, і нават цяпер». «Калі іх (патрабаванні) прачытаеш, усё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя накірункі): ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на ўдушэнне народа. Я не хачу сказаць, што нас хто-небудзь хоча задушыць. Нас ніхто не панукае, але, на жаль, формула такая», — заявіў ён.

«Хачу вас папярэдзіць — тых, хто вядзе гэтыя перамовы: калі вы хочаце перакрэсліць усё, што зроблена народам і прэзідэнтам за 20 гадоў, гэта не атрымаецца. Гэтым не займайцеся. Жабракамі беларускі народ мы рабіць не маем права», — падкрэсліў кіраўнік сінявокай.

У дасведчаных беларусаў рыторыка кіраўніка выклікала вялікую занепакоенасць. Калі Лукашэнка кажа пра «ненахіляемасць», значыць, нас хутка нахіляць. Калі кажуць, што мы ганарлівыя, і горш не будзе («жабракамі рабіць народ не маем права») — чакай далейшага пагаршэння сітуацыі. Насельніцтва зазірае ў «жыроўкі» і прагназуе, што і на колькі вырасце гэтай зімою.

Добра, што кіраўнік дзяржавы нарэшце наўпрост сказаў: эканамічныя патрабаванні МВФ не падыходзяць пад беларускую палітычную сістэму. Сістэму мяняць ніхто не збіраецца. Значыць, прыйдзецца адмовіцца ад крэдыту МВФ?

Урад пакуль робіць добрую міну пры дрэннай гульні, кажучы, што прапановы беларускага боку да МВФ будуць дапрацаваныя «з улікам непасрэдна інтарэсаў нашай дзяржавы». «І пры неабходнасці накіруем іх у МВФ. Канкрэтнае напаўненне ліста ў фонд мы ўзгоднім, непасрэдна правёўшы кансультацыі спачатку ў Вашынгтоне з кіраўніцтвам Міжнароднага валютнага фонду, а потым ўнутры нашай краіны», — сказаў старшыня Нацбанка Павел Калаўр.

Але больш ва ўсёй гэтай сітуацыі агулам цікавы вынік візіту Лукашэнкі ў Пекін. Не, «шаўковы шлях», «Вялікі камень», 27 пагадненняў у розных сферах і іншае бла-бла-бла па дзяржтэлебачанні — гэта ўсё зразумела. І ордэн, якім Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзыньпіня і якога няма сярод дзяржаўных узнагарод Беларусі, таксама — трэба ж было пакінуць кітайскаму сябру нейкі сувенір.

Але што Лукашэнка прывёз з Кітая, каб так дзёрзка паводзіць сябе і з Расіяй, і з МВФ? Гэта павінна быць як мінімум атамная бомба, — калі не ў наўпроставым, дык у пераносным сэнсе. Інакш гэтую дзёрзкасць патлумачыць немагчыма.


Каментаваць