Нашто сварыць прадпрымальнікаў?

Індывідуальныя прадпрымальнікі «Гандлёвага свету «Кальцо» (Малінаўка) ужо некалькі месяцаў змагаюцца за справядлівасць. У канфлікт умяшаўся Мінаблвыканкам, але плёну гэта не дало.



Індывідуальныя прадпрымальнікі «Гандлёвага свету «Кальцо» (Малінаўка) ужо некалькі месяцаў змагаюцца за справядлівасць. У канфлікт умяшаўся Мінаблвыканкам, але плёну гэта не дало.

Прадпрымальнік Аляксандр Р. займаецца продажам аўтааксесуараў больш за 10 гадоў. За гэты час не па сваёй волі, але са сваёй кішэні ён быў вымушаны замяніць гандлёвую палатку на новы шапік-ралет. Прайшло некалькі гадоў — сітуацыя паўтарылася. Летам 2011 года Аляксандра ў ліку многіх іншых прадпрымальнікаў выселілі з ралету, які знаходзіўся на вуліцы, у толькі што збудаваны і названы па-моднаму «Аўтамол».

«Плата за арэнду памяшкання ўзнялася ў паўтары разы, унутры цэнтр быў недароблены, стаянка для аўто існавала толькі на паперы, але мы спадзяваліся, што пераезд сябе апраўдае. Усё ж тут не мокнеш і не мерзнеш у халады, не згараеш ад сонца ў спякоту. Мы меркавалі, што пакупнікам будзе камфортней, дык іх будзе большаць і большаць», — гаворыць Аляксандр.

Пакупнікоў, можа, і большае, але не ў новым гандлёвым цэнтры — туды яны наўпрост не даходзяць. Паводле новага размеркавання асартыменту тавараў на кірмашы (пацвярджаецца загадам ад 28 ліпеня 2011 г. генеральнага дырэктара Барыса Барынгольца) гандаль новымі запчасткамі і аксесуарамі мусіць ажыццяўляцца выключна ў будынку «Аўтамола». Аднак на практыцы сітуацыя кардынальна іншая: некаторым прадпрымальнікам дазволілі паставіць новыя ралеты і застацца на старым месцы.

 «Просім праверыць законнасць будоўлі новых гандлёвых аб’ектаў на тэрыторыі, дзе размяшчаўся стары аўтарынак. Па сутнасці, адных прадпрымальнікаў выгналі са сваіх гандлёвых месцаў, а другім прапанавалі альтэрнатыву ў выглядзе ўсталявання новых шапікаў на адкрытай пляцоўцы. Узнікае пытанне: хто матэрыяльна зацікаўлены ў працягу вулічнага гандлю новымі запчасткамі і аксесуарамі на адкрытай пляцоўцы, нягледзячы на тое, што ён мусіць быць перанесена ў гандлёвы цэнтр?» — прадпрымальніца Алена І., адна з падпісантаў скаргі, зачытвае першы зварот да Барыса Батуры, старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Першы, таму што быў і паўторны аналагічны зварот пасля таго, як прадстаўнікі аблвыканкама выехалі на месца разабрацца ў канфлікце, і… нічога не змянілася.

Прадпрымальнікі арганізавалі некалькі абмеркаванняў праблемы з кіраўніцтвам аўтарынку, у прыватнасці са згаданым Барысам Барынгольцам і ягоным намеснікам спадаром Ткачовым. Падчас сустрэчаў адміністрацыя публічна паабяцала ліквідаваць незаконны гандаль новымі запчасткамі на вуліцы яшчэ да 11 верасня. Незаконны, бо, паводле адказу Мінаблвыканкама, у дамовы прадпрымальнікаў, якія засталіся працаваць на вуліцы, былі ўнесеныя змены, і яны не маюць права гандляваць новымі запчасткамі. Ужо канец кастрычніка, а яны гандлююць.

Дарэчы, прадпрымальнікі двойчы пісалі скаргі вядомаму бізнэсмэну Юрыю Авяр’янаву, кіраўніку праўлення «Гандлёвага свету «Кальцо» (які нейкі час быў у кіраўніцтве Беларускага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў) — адказаў не дачакаліся.

Алена паказвае інтэрв’ю гендырэктара Барынгольца ў адным з бізнэс-часопісаў: «Гэта як здзек з нас». Чытаю: «Мы вывучылі вопыт функцыянавання замежных аўтарынкаў і пераканаліся, што яны арганізаваны больш цывілізавана. Да таго ж, наведнікі нашага рынку за апошнія гады заўважна змяніліся — узровень іх даходаў вырас, яны сталі больш патрабавальныя да якасці абслугоўвання. Таму мы вырашылі перамясціць прадпрымальнікаў, якія гандлююць новымі і запаснымі запчасткамі і аксесуарамі, з шапікаў у сучасныя павільёны».

«Развялі нас, як хлопчыкаў», — падсумоўвае Аляксандр. — «Загналі ў цэнтр, дзе пустуе палова месцаў, паднялі арэндную плату, пакупнікоў няма — круціся як хочаш. На вуліцы ж гандлююць не толькі запчасткамі, а і масламі на разліў, глушыльнікамі, буйнымі кузаўнымі часткамі. Навошта пакупнікам ісці да нас, калі яны заадно ўсё купяць там?» — «А навошта вы тады пайшлі ў цэнтр?» — «А як жа не пойдзеш, калі адміністрацыя мае права проста не заключаць дамову і наогул пагнаць цябе з працы?»

У сітуацыі Аляксандра апынулася мінімум паўсотні прадпрымальнікаў — столькі подпісаў людзей, якія не пабаяліся публічна выказаць сваю пазіцыю, я налічыла пад зваротамі да адміністрацыі кірмашу і абласных чыноўнікаў.

Паводле Аляксандра, апошні раз прадстаўнікі аблвыканкама наведалі кірмаш 24 кастрычніка: «Сказалі, пацярпіце да сакавіка, там проста не працягнуць кантракты з «непаслухмянымі» прадпрымальнікамі. А хто перашкаджае перапыніць дамовы зараз? Адміністрацыя мае на гэта права. Шмат разоў нас прасілі пачакаць і пацярпець, але штораз падманвалі».

Па чутках, каб атрымаць магчымасць гандляваць новымі запчасткамі і аксесуарамі на ажыўленай і прыбытковай пляцоўцы на вуліцы, дзе пакупнікоў у дзясяткі разоў болей за пусты цэнтр, прадпрымальнікі заплацілі міма касы па 10–15 тысяч долараў за месца. Так гэта ці не — пра гэта чытайце ў наступным артыкуле.

P.S. Імёны прадпрымальнікаў змененыя, кіруючыся матывамі бяспекі. Паводле нашай інфармацыі, некаторым з пратэстоўцаў ужо паступалі пагрозы пра верагоднае пазбаўленне працоўнага месца.

Працяг будзе

Каментаваць