Навука без перспектываў

Лукашэнка запатрабаваў ад навукоўцаў «распрацовак сусветнага ўзроўню». Маўляў, каб пра беларускую навуку загаварыў увесь свет. Гэтыя спадзевы наўрад ці спраўдзяцца, таму што беларуская мадэль пад гэта «не заточана».

 



Насамрэч, усё, што беларускія навукоўцы паказвалі Аляксандру Лукашэнку падчас ягонага наведвання ў НАН, — шлях у мінулае, выкліканы палітыкай беларускай улады. Беларускі правадыр сам азначыў два тупіковых шляхі развіцця, і абодва актыўна і даволі бяздумна ўвасабляюцца ў жыццё.

Першы шлях у мінулае — гэта праграма імпартазамяшчэння. Канешне, добра, калі замест імпарту мы набываем айчынныя тавары. Але для гэтага трэба, каб айчынныя тавары былі больш сучасныя і лепшай якасці. Аднак «капіяваннем» гэтага не дамагчыся.

Па-першае, копія заўсёды горш за арыгінал. Гэта, дарэчы, зразумелі ўрэшце кітайцы, і пачалі займацца не капіяваннем тэхнічных навінак, а іх ліцэнзійнай зборкай. Мы ж дагэтуль трацім шмат грошай і высілкаў на стварэнне копій, абы гэтая копія была «беларускай распрацоўкі».

Як паведамляе БелТА, у НАН Лукашэнку праінфармавалі аб функцыянаванні «Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямлі». Беларускі касмічны апарат «БелКА֪–2», згодна паведамленню, выконвае заказы ў інтарэсах 11 міністэрстваў, заключаны кантракты на суму прыкладна ў 25% сродкаў, укладзеных у стварэнне спадарожніка.

Нагадаем, што «БелКА–2» выправілася ў космас 22 ліпеня 2012 года, а «гарантыйны тэрмін» функцыянавання гэтага спадарожніка — 5 гадоў. Два гады з пяці амаль прайшлі, а мы гэты спадарожнік, як высвятляецца, і на 25% яшчэ не акупілі. Узнікае лагічнае пытанне: ці трэба было траціць столькі грошай на ягонае стварэнне?

Ці не прасцей было карыстацца, як і раней, дадзенымі еўрапейскіх, амерыканскіх і японскіх спадарожнікаў?

Увазе кіраўніка дзяржавы быў прадстаўлены ўзор беспілотнага лятальнага апарата. Пакуль мы прадстаўляем «узоры», гэтыя беспілотнікі ўжо пачкамі збіваюць у «гарачых кропках».

Па-другое, калі мы ствараем «імпартазамяшчаючыя» прадпрыемствы, мы, свядома ці не, але ствараем прадпрыемства ўжо састарэлае, замест таго, каб прыдумляць навінкі. Бо гэтая вытворчасць, хай не ў нас, але ўжо ёсць. І тое, што яна ўжо ёсць, аўтаматычна пераводзіць яе ў састарэлыя.

І, канешне, ж, па-трэцяе, з «імпартазамяшчэннем» нам няма чаго рабіць на знешніх рынках. Зразумела, што там попытам карыстаюцца арыгіналы, а не копіі.

Другі шлях у мінуўшчыну — актыўна ўключаная зараз праграма мадэрнізацыі.

За 20 гадоў кіраўніцтва Аляксандра Рыгоравіча ў краіне не створана ніводнага новага буйнога вытворчага прадпрыемства. Мы не ствараем новае, усе нашыя высілкі кінутыя на «мадэрнізацыю» таго, што ў нас засталося ад СССР. А гэтая тэхналогія, нават калі яна мадэрнізаваная, ужо састарэла маральна.

Давайце ўявім, што мы зрабілі «прарыў» у кампутарнай тэхналогіі. На базе чаго мы будзем ажыццяўляць ідэю: на базе працэсараў «Інтэграл»? Магчыма, нашы навукоўцы распрацуюць новы від сталі. Вытворчасць будзе на базе састарэлага БМЗ? Так і хочацца сказаць, як Станіслаўскі: «Не веру!».

Мадэрнізацыя не стварае ўмоваў для рэалізацыі навуковых распрацовак. Таму што «мадэрнізацыя» — гэта толькі паляпшэнне старога. У мабільны тэлефон можна купіць новую батарэйку, можна закачаць туды новую прашыўку, але ад гэтага кнопачная «Матарола» не стане смартфонам ад «Самсунга».

Распрацаваць навінку мала, трэба яшчэ стварыць умовы яе вытворчасці. А ў нас з мадэрнізацыяй і імпартазамяшчэннем такіх умоваў няма і быць не можа.

Таму беларускія «ноў-хаў», якія так шчыра паказвалі Аляксандру Лукашэнку, плаўна перацякаюць за мяжу — туды, дзе ёсць тэхналогія для ажыццяўлення гэтых ідэй. Нават, можа, і добра, што перацякаюць, бо інакш яны б проста так і састарэлі, нерэалізаваныя.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што па справаздачах у краіне расце ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі. «Здавалася б, больш інавацый — больш продажаў. А на справе адбываецца адваротнае: шмат прадукцыі на складах», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. І ніяк не мог зразумець, чаму так адбываецца. А таму і адбываецца, што для сапраўдных навінак няма сучаснай вытворчасці а «імпартазамяшчэнне» нікому не патрэбнае.

Не так даўно ў навінах па адным з беларускіх тэлеканалаў быў сюжэт: распавядалі пра тое, што сусветныя навукоўцы выявілі гравітацыйныя хвалі Вялікага выбуху, і тэорыю Вялікага выбуху можна лічыць даказанай. І пасля гэтага: «А беларускія навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі банкаўскую картку для дзяцей».

Беларускія банкі «дзіцячыя карткі» выдаюць ужо больш за 10 год. Каму патрэбная такая «інавацыя» ад беларускіх разумнікаў?

Каментаваць