Не магу знайсці працу

Як выжыць, калі раптам страціў працу? Ці лёгка яе знайсці зноў, з якімі праблемамі можна сутыкнуцца? Сваім досведам дзеляцца людзі, якія прайшлі праз усе пакуты, страты і пошуку новага працоўнага месца.



Беспрацоўе пакрысе набірае абароты. Усё больш беларусаў пагаджаюцца на малыя заробкі, каб толькі мець працу. 


«Сёння запатрабаваны маладыя спецыялісты, якіх можна нагінаць, як хочаш»


Жанчына просіць не назы­ваць свайго сапраўднага імя, бо не хоча, каб былыя калегі даведаліся, у якой няпростай сітуацыі яна апынулася. Ужо працяглы час журналістка Алена не можа знайсці працу:

— Па шчырасці, не думала, што з маім досведам і прафесійнымі дасягненнямі будзе так цяжка зноў уладкавацца на працу. Я прапрацавала 18 гадоў у вузкагаліновым выданні, атрымала шмат прэстыжных узнагарод, але праз змены ў кіраўніцтве і нязгоду з іх новай палітыкай была вымушана сысці. Аб чым не шкадую: сапраўдны прафесіянал мусіць мець сваю незалежную пазіцыю. Як да эксперта да мяне і сёння звяртаюцца многія СМІ, прычым не толькі беларускія, але і замежныя.

Алена даўно размясціла свае рэзюме на розных рэсурсах па пошуку працы, але на сумоўе яе запрашаюць вельмі рэдка.

— Мабыць, гэта з-за ўзросту: мне ўжо 40. Балюча прызнаваць, але прафесіяналы зараз мала каму цікавы. Сёння запатрабаваны маладыя спецыялісты, якія не ведаюць сваіх правоў. Іх можна нагінаць, як хочаш, і ператасоўваць, як будзе заўгодна кіраўніцтву… Новыя вакансіі для журналістаў з’яўляюцца нячаста, а прэтэндуе на іх вялікая колькасць чалавек. Не гаворачы ўжо аб тым, што сёння ім у асноўным прапануюць толькі 4–5 мільёнаў. Улічваючы тыя эканамічныя цяжкасці, у якіх я апынулася праз страту працы, я б пагадзілася працаваць нават і за гэтыя невялікія грошы.


Алена імкнецца быць аптымістам, хоць з кожным днём гэта становіцца ўсё больш складана.

— Страта працы — карысны досвед, як выжыць у экстрэмальных умовах і разумна размяркоўваць свой бюджэт. Я па натуры — працаголік, таму заўсёды мела добрыя заробкі. Першыя месяцы пасля страты працы было вельмі цяжка прызвычаіцца да маленькіх і непастаянных заробкаў. Добра, што хоць маці з братам крыху падтрымлівалі і перадавалі з вёскі прадукты. Але затое зараз я навучылася ашчадна размяркоўваць свой невялічкі бюджэт, які часам не дасягае нават 2 мільёнаў. Даўно ўжо не набываю сабе новых рэчаў. Уважліва сачу ў крамах за спецыяльнымі акцыямі і імкнуся набываць усё неабходнае на зніжках. Самыя вялікія выдаткі ў мяне ідуць толькі на камунальныя паслугі.

Алена прызнаецца: гэта яшчэ добра, што яна жыве адна, бо калі б у яе былі дзеці, яна не ведае, як бы пракарміла іх.


«Страта працы прымусіла задумацца над стварэннем сваёй справы»




Алеся Жорнікава, экс-дырэктарка студыі спецыяльных праектаў кінастудыі «Беларусьфільм».

— Я страціла працу напрыканцы студзеня. У першыя дні, безумоўна, было цяжка, бо, у адрозненне ад іншых, у мяне досыць вузкая спецыялізацыя. Праз гэта вельмі не проста знайсці сабе новую працу. Але менавіта страта яе прымусіла мяне пераасэнсаваць лад жыцця, падыход да кар’еры. Усё гэта падштурхнула да думкі, што трэба стварыць сваю справу, каб ні ад каго не залежыць. Зараз я стала больш актыўна шукаць новыя магчымасці для рэалізацыі сваёй задумы. Актыўна манітору сярод сваіх сяброў і знаёмых: раптам хтосьці зможа дапамагчы. Розніца ў тым, што я не шукаю працу, а імкнуся стварыць яе сама. Пакуль жа мне давялося перагледзець свой бюджэт і адмовіцца на бліжэйшы час ад падарожжаў і вандровак, бо раней, калі я адпачывала, то выбірала дарагія і якасныя варыянты.


«Я зарабляла больш за 1,5 тысячы долараў, а прыйшлося згаджацца на 4 мільёны рублёў»


У Насты, якая таксама не хоча называць сваё сапраўднае прозвішча, працоўны досвед зусім не вялікі. Ёй толькі 19 гадоў, і ў дзяўчыны няма нават сярэдняй адукацыі.

— Я скончыла толькі 9 класаў. У 18 гадоў у пошуках працы пераехала ў Маскву, дзе з лёгкасцю ўладкавалася ў сетку рэстаранаў хуткага харчавання. Пачынала з заробкаў у 60–70 тысяч у месяц, а потым яны значна павысіліся. Да таго ж, я жыла ў інтэрнаце, таму не трэба было плаціць шмат за жыллё. Праз год па сямейных абставінах мне давялося вярнуцца дадому ў Мінск. Працу шукала некалькі месяцаў: мне паўсюль адмаўлялі, бо я скончыла толькі 9 класаў, і ў мяне не было вопыту. Ён быў, але ў Маскве. Там я зарабляла больш за 1,5 тысячы долараў, а зараз давялося згаджацца на 4 мільёны рублёў, бо трэба на нешта жыць. Нядаўна я распачала працу касірам у адным з мінскіх фаст-фудаў. Працую па 12 гадзін два дні праз два. Я вельмі шчаслівая, што кіраўніцтва мне паверыла і ўзяло на працу. Калі будзе больш наведвальнікаў, то заробкі могуць дасягнуць і 6 мільёнаў. Улічваючы мой вопыт, я паралельна там жа вучуся на адміністратара. Здымаю пакой за 80 долараў на месяц. Эканомлю на ўсім: кафэ і клубы не наведваю, з адзення — толькі самае неабходнае. Ежу набываю самую танную ці на зніжках. І з улікам, каб яе надоўга хапіла, — тую ж бульбу, крупы, з якіх можна шмат чаго прыгатаваць. Як толькі больш-менш стану на ногі, пайду вучыцца: без адукацыі нават на самыя шараговыя пасады цяжка разлічваць.


«Мой заробак быў такі маленькі, што, калі звольніўся, гэтага нават не адчуў»




Яўген Віктараў працаваў у сістэме бяспекі. У пошуках большых заробкаў сышоў з мінулай працы сам.

— З мінулай працы ў сістэме бяспекі (сігналізацыі, відэаназіранне і г. д.) я сышоў сам: паўтары стаўкі давалі толькі 4,2 мільёна рублёў. Мой заробак быў такі маленькі, што, калі звольніўся, гэтага нават не адчуў. Праўда, пра розныя забавы, якія я раней усё ж мог сабе дазволіць, — кубачак кавы ў кавярні ці кіно, давялося забыць. Амаль паўгода шукаў новую працу. Але добрыя прапановы сустракаў рэдка: працадаўцы сёння прад’яўляюць да кандыдатаў шмат патрабаванняў, пры гэтым абяцаючы невялічкія заробкі. Чапляўся за любую магчымасць крыху падзарабіць. Літаральна пару тыдняў таму нарэшце працаўладкаваўся ў фірму, якая займаецца забеспячэннем доступу да інтэрнэту, тэлефоннай сувязі і г. д. Заробак неблагі па сённяшніх няпростых часах — 6 мільёнаў.




 «Давялося адмовіцца ад звычкі набываць сабе ўсё, што падабаецца»


Дарэчы, без працы сёння апынуліся і многія фрылансеры, як, напрыклад, дызайнер Сяргей Н.

— Крызіс дае пра сябе ве­даць. Колькасць замоваў апошнім часам значна скарацілася. Напрыклад, у маёй сферы — на 60%. Не гаворачы ўжо аб тым, што за выкананую працу сталі часцей несвоечасова разлічвацца. Даводзіцца чакаць свае заробленыя грошы па 2–3 месяцы. Што, безумоўна, адбіваецца на маім бюджэце. Апошнім часам давялося адмовіцца ад паходаў у кафэ, ад дарагога брэндавага адзення і звычкі набываць сабе ўсё, што падабаецца. Каб палепшыць сітуацыю, стаў больш актыўна шукаць новыя рынкі, дзе могуць быць запатрабаваны мае паслугі, і ўдасканальваю ўласныя веды. Падатак на дармаедства мяне не моцна пужае, бо зарабляю пакуль дастаткова, каб быць здольным яго аплаціць.


Фота з асабістага архіву герояў


Абмеркаванне:

  • Петр.
  • 2016-04-30 23:22:23
Воровать умеешь! Врать умеешь! Значит жить будешь! У меня нет ни одного из этих постулатов, вот я и без работы и яко бы числюсь что работаю. Молодежь нас не берет! Государству мы не нужны! Операцию на сердце сделали и сказали: -Иди работай! Инвалидности не будет! На работу не берут по состоянию здоровья! Пенсии не дают! Кредиты в банках не дают! Осталось, что бы меньше было нахлебников государству, самоликвидироваться! Чего от нас и ждут!!!

Каментаваць