Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Не па Фрэйду

Мы прызвычаіліся, што нашы чыноўнікі могуць гадзінамі несці лухту, якая не мае нічога агульнага з рэальным жыццём. Але слухаць іх вельмі цікава. Папросту таму, што падсвядомасць не схаваеш, і ў прамовах абавязкова вылезе хоць крышачку, але праўда.

На гэтым тыдні шмат вэрхалу нарабіў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі. Ён проста агучыў ісціну: заробак «па пяцьсот» да канца года, як тое абяцаў правадыр краіны, свеціць не ўсім. А можа, столькі ўвогуле не атрымае шмат хто.

«Безумоўна, ставіцца задача — у краіне! — не менш за тысячу рублёў. Але ёсць такія галіны эканомікі, як сельская гаспадарка або сацыяльная сфера, якія не могуць раптоўна дасягнуць такой заработнай платы. Хоць, напрыклад, бізнес павінен дэманстраваць не тысячу, а 1,5 тысячы ці 1,3 тысячы. І гэта адбываецца, таму зарплата памаленьку падцягваецца ў вектары, які задаў кіраўнік дзяржавы», — заявіў Зіноўскі ў эфіры тэлеканала АНТ.

Вось вам першая загадка. Мы так шмат казалі і пісалі пра палёгкі бізнесменам, пра развіццё дзелавога клімату, кіраўнік краіны падпісвае адпаведныя ўказы… Але дагэтуль у нашых чыноўнікаў: «бізнес павінен». Каму павінен? За што ён павінен? Што яму такое далі ці зрабілі, каб ён раптам апынуўся вінаватым? Нічога не далі і не зрабілі — папросту ён, у вачах уладаўтрыманцаў, «павінен» па вызначэнні. Бізнес ёсць — значыць, павінен.

Пры гэтым Зіноўскі ў чарговы раз сказаў правільную рэч: заробак мусіць быць заробкам, а не «палучкай». «Павінна быць заробленая плата, а не проста ўзяць і з прыбытку праесці грошы. А як развівацца будзем? Як будзем аднаўляць вытвор­часць?» — сказаў міністр эканомікі.

І вось тут — тое, што прарываецца з падкоркі міністра. У 1994 годзе шаноўны Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да ўлады пад лозунгам «запусціць заводы». А зараз, праз больш чым 20 гадоў яго кіравання, нам трэба зноў «аднаўляць вытворчасць». Прычым, Зіноўскі казаў па-руску, і ў арыгінале гэта гучыць яшчэ больш жахліва — «восстанавливать производство». Дваццаць гадоў кіравалі — і апусцілі краіну на ўзровень 1990-х! І міністр, зыходзячы з яго прамовы, гэта разумее!

Адзначыўся на тыдні і сам Аляксандр Рыгоравіч, таксама па рэзананснай тэме — падвышэння тарыфаў ЖКГ. Людзі ў інтэрнэце паднялі паніку наконт таго, што «камуналка» ў чарговы раз падаражэе, прычым істотна. Лукашэнка сабраў нараду па праблемах ЖКГ, дзе ў чарговы раз «паставіў задачу»: «З 2018 года праводзіцца разавае падвышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем кіраўніка дзяржавы», — сказаў Лукашэнка.

Але больш цікавая іншая цытата. «Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальная. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стопрацэнтную аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампенсацыі будзе вельмі высокім. Можа быць, і 90%», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Памятаеце, не так даўно Аляксандр Рыгоравіч патрабаваў ад камунальнікаў дакладна палічыць кошт іх паслугаў і пакласці лічбы яму на стол? Аказваецца, гэта не атрымалася ні з першага, ні з другога разу! Ужо патрэбны «трэці заход»! І не факт, што і ён скончыцца паспяхова.

Хаця ўсё вельмі проста зрабіла бабруйская пенсіянерка Любоў Санкевіч. Яна параўнала аплату ЖКГ за 2010 год і 2017 год. Паводле разлікаў былога бухгалтара, аказалася, што без уліку інфляцыі, напрыклад, тарыф аплаты за капітальны рамонт з 2010 года вырас больш чым у тры разы, каналізацыя — больш чым у 15 разоў, падагрэў вады і вываз смецця — больш чым у 107 і 125 разоў адпаведна. Разоў (!), а не пунктаў або працэнтаў!

Зараз зразумела, чаму Лукашэнку на стол не могуць пакласці тарыфы. Таму што, калі разбірацца справядліва, то высветліцца, што мы плацім не 100% паслуг ЖКГ, а значна больш! Нават з улікам валютна-крызіснага 2011-га з 2010 па 2016 гады інфляцыя склала 195,7%. А рост коштаў на той жа падагрэў вады — 10700%!!!

І пры гэтым наш віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка сцвярджае, што сёння за ацяпленне спажывец плаціць толькі 16,8% ад сабекошту. Пра гэта ён сказаў у Гомелі падчас адкрыцця пасля рэканструкцыі Гомельскай ЦЭЦ–1. Паводле яго слоў, каб выйсці энергетыкам на нулявую рэнтабельнасць, тарыф неабходна павысіць у 6 разоў.

Навошта ў 6 разоў? Давайце адразу ў 60! І потым зноў будзем сцвярджаць, што насельніцтва аплачвае 10% ад сабекошту… Бо лёгка разважаць «у працэнтах», а дамагчыся канкрэтных лічбаў — не пад сілу, аказваецца, нават Лукашэнку.

І яшчэ адна цікавая навіна, якая не звязаная з грашыма, але яскрава дэманструе нашы дасягненні за тыя ж 20 гадоў. Памятаеце, як Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін урачыста выкопвалі памежны слуп на мяжы Расіі і Беларусі? Цяпер хай укопваюць назад!

Вясной 2018 года на мяжы Расіі з Беларуссю могуць быць устаноўлены часовыя памежныя пасты, папярэдзіў першы намеснік кіраўніка МУС Расіі Аляксандр Гаравы. «Калі мы не пяройдзем на адзіную міграцыйную карту да сакавіка, урадам РФ прапрацавана пытанне аб увядзенні часовых пагранічных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без прыпынення цягнікоў», — сказаў Гаравы.

З’яўленне памежных пастоў (з мая 2018-га — амаль дакладна) ён патлумачыў хваляваннем расійскіх уладаў наконт адкрытасці мяжы ва ўмовах, калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краін свету прыязджаць у сваю краіну без візы на пяць дзён. Але потым (зноў пра тое, што ісціна вылезе на паверхню) сказаў: Беларусь як транзітная краіна выкарыстоўваецца лю­дзьмі, якіх шукаюць расійскія праваахоўнікі ў сувязі з падазронымі паездкамі… у Сірыю!

Пытанне да расіян: а навошта вы ўлезлі ў тую Сірыю? Ладна, няхай яно рытарычнае. Але сапраўдная фармулёўка азначае, што даглядаць будуць не іншаземцаў, а ўсіх, хто перасякае мяжу Расіі і Беларусі.

Бывай, Саюзная дзяржава! Як кажуць, «помним, скорбим».



Каментаваць