Днямі Белстат паведаміў аб зменах метадаў статыстычнага ўліку сельскагаспадарчай прадукцыю, якую насельніцтва вырабляе на сваіх сотках і агародах. Як нам падаецца, гэты крок не выклікаў у грамадства той увагі, якую ён, безумоўна, заслугоўвае.



Днямі Белстат паведаміў аб зменах метадаў статыстычнага ўліку сельскагаспадарчай прадукцыю, якую насельніцтва вырабляе на сваіх сотках і агародах. Як нам падаецца, гэты крок не выклікаў у грамадства той увагі, якую ён, безумоўна, заслугоўвае.

Пасля масавай калектывізацыі, пра што ніколі не пісалі савецкія газеты, да пачатку 1980-х гадоў прыватныя падсобныя гаспадаркі калгаснікаў, рабочых і служачых выраблялі большую частку мясамалочнай прадукцыі ў СССР. Але і пасля без прыватных гаспадарак усё роўна немагчыма было абысціся, што знайшло адлюстраванне ў Харчовай праграме, якая была прынятая ў 1982 годзе. Перабудова надала “прыватнікам яшчэ большыя стымулы, у выніку чаго пры захаванні буйных памераў жывёлагадоўлі, прыватны сектар стаў абсалютна дамінаваць у вытворчасці садавіны ды гародніны. Напачатку 1990-х гадоў, калі была цалкам адрынута практыка так званай шэфскай дапамогі калгасам і саўгасам, яны амаль адмовіліся ад вытворчасці бульбы.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у 1993 годзе вытворчасць бульбы ў гаспадарках насельніцтва склала 74% ад агульнага аб’ему, гародніны — 73%, садавіны — больш за 90%. Вытворчасць мяса ў прыватнікаў склала 1/6 частку агульнага аб’ёму, малака — 35%, яек — 40%. У Беларусі тады яшчэ існавала авечкагадоўля, у большасці прыватная, дзе было атрымана 57% воўны.

Вельмі сур’ёзныя лічбы, ад якіх ніхто не мог адмахнуцца. Нават тыя, хто лічыў, што прыватнік краіну не накорміць, былі змушанымі ствараць умовы для існавання падсобных і развіцця фермерскіх гаспадарак. Але пасля 1994 года сітуацыя пачала імкліва мяняцца. Уладу ў Беларусі атрымалі “дзейсныя аграрыі, якія ўсе магчымыя рэсурсы накіравалі ў грамадскі сектар, а ў краіне пачалася імклівая дэпапуляцыя, якая заявіла пра сябе праз катастрафічнае выміранне вясковага насельніцтва.

Гэту відавочную дэградацыю было абяцана кампенсаваць хуткімі зменамі, якімі зможа карыстацца ўсё грамадства. Не, малочных рэк у кісельных берагах не абяцалі, але вытворчасць сельгаспрадукцыі ў хуткім часе павінна была дасягнуць паказчыкаў 1990 года, калі, на думку вышэйшага кіраўніцтва, Беларусь добра кармілася сама і карміла палову Савецкага Саюза.

Нічога дзіўнага, што ў хуткім часе ў большасці вёсак паменела ці зусім не засталося кароў, свіней, птушкі. Зусім не выключэннем былі такія гаспадаркі, дзе трымалі больш сабак, чым хатняй птушкі.

Тым не менш, да гэтага часу афіцыйна лічыцца, што ў асабістых падсобных гаспадарках вытворчасць складае больш за 30% ад агульнага памеру. Па дадзеных Белстата, зараз налічваецца больш за 1 мільён прыватных падсобных гаспадарак грамадзян, што стала пражываюць у вёсках. Як ні лічы, але атрымліваецца, што колькасць занятых “падсобным земляробствам значна перавышае мільён чалавек. І гэта пры тым, што афіцыйна ў галіне занята каля 430 тысяч чалавек.

Карацей, павінны ж вяскоўцы нешта вырабляць. Па тлумачэнні Белстата, прыватныя падсобныя гаспадаркі — гэта адна з груп вытворцаў сельгаспрадукцыі, назіранне за якой ажыццяўляецца на аснове дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. Гэта справаздачнасць прадстаўляецца ў органы дзяржстатыстыкі сельскімі (пасялковымі) выканаўчымі камітэтамі на аснове дадзеных гаспадарчых кніг.

Зараз, як паведамляе БЕЛТА, у Белстаце вырашылі, што ўлік аб’ёмаў вытворчасці па дадзеных гаспадарчых кніг “затратен і “проблематичен. Наколькі “затратен, гэта патрабуе спецыяльных разлікаў, але калі разумець пад “проблематичностью немагчымасць атрымаць дастаткова дакладныя дадзеныя, то з гэтым можна цалкам пагадзіцца. Справа ў тым, што раней за калгасамі, за хатняй гаспадаркай вяскоўцаў пільна назіралі розныя ўпаўнаважаныя ды інспектары. Інакш, зрэшты, і нельга было, бо кожная жывёліна (а пры Сталіне — і кожнае пладовае дрэва, і ледзь не кожны куст) лічылася аб’ектам падаткаабкладання. А пры Хрушчове выяўлялі “лішніх парасят ды цялят, каб калгаснік не распанеў на сваім сале ды малацэ ды не страціў ахвоты да арцельнай працы. У былыя часы пільна сачылі, каб калгаснік не завёў сабе каня, бо гэта быў сродак вытворчасці, якім ён не мог валодаць ні пры якіх умовах.

А зараз што? Сельскі савет, у якога шмат розных функцый, але няма грошай і спецыялістаў, не мае магчымасці весці такі вось падрабязны ўлік. Таму і запісы ў гаспадарчых кнігах абнаўляюцца толькі тады, калі вяскоўцу трэба вырашаць нейкія пільныя справы. Часцей за ўсё, гэта адбываецца пры афармленні дакументаў на спадчыну. Вось тады адкрываюцца кнігі і ўдакладняюцца звесткі. Могуць запытаць, калі вы збылі сваю карову. І часта бывае так, што карову ўжо 10 гадоў як здалі на мяса, а па запісах яна ўсё яшчэ доіцца і дае малако.

Былі ў Гогаля “мёртвыя душы, з дапамогай якіх Чычыкаў спрабаваў нажыць сабе “жывы капітал, а зараз “мёртвыя каровы, свінні ды бульбяныя палеткі, якія на самай справе рэгулярна даюць статыстычныя паказнікі вытворчасці.

Селяніну ўсё гэта абсалютна, як кажуць, фіялетава, сельсавету патрэбна для адпіскі, а дзяржаве — для дакументальнай аргументацыі статыстычных вытворчых дасягненняў. Праўда, час ад часу яна пачынае пляскаць сябе па пустых кішэнях і пакрыўджана ўсклікаць — дзе, куды дзеўся статыстычны прадукт.

Як гэта здарылася ў гэтым годзе з бульбай, якую памкнуліся прадаваць на экспарт (яна па статыстыцы на 80% вырабляецца ў гаспадарках насельніцтва), — а яе няма. Вось і прадаваць няма чаго.

Зараз жа Белстат мае намер вызначаць аб’ёмы вытворчасці ў прыватных гаспадарках на аснове выбарачнага апытання незалежнымі спецыялістамі, як тое робіцца ў іншых краінах. З гэтай мэтай і пачалася праца па ўкараненні ў 2011 годзе на сістэматычнай аснове выбарачнага абследавання вытворчасці сельгаспрадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках.

Вось і думайце, якімі статыстычнымі вынікамі пацешыць краіну прыватны аграсектар у наступным годзе. На наш погляд, меншымі яны не будуць.

Як у адным з анекдотаў пра сутнасць тэорыі рэлятыўнасці пытаюцца: адносна чаго? У вялікай афіцыйнай статыстыцы, якая разлічваецца на аснове бухгалтарскага (строгага, паколькі недакладнасці тут караюцца турэмнымі тэрмінамі) уліку, на гэта пытанне даецца ўсім вядомы адказ — адносна 1990 года.

І ўсе быццам бы ведаюць, што ў сельскай гаспадарцы гэты ўзровень ужо даўно і значна перасягнуты. І што параўноўваць цяперашнія аб’ёмы з ранейшымі — як параўноўваць вытворчасць танкаў у СССР і царскай Расіі. Неба і зямля! Аднак гэта неба пры вельмі нізкай воблачнасці, а часам у такой смузе, што і не адрозніш, дзе заканчваецца зямля і пачынаецца неба.

У БССР больш за ўсё мяса (1 786 тыс. тон у жывой вазе) было выраблена ў 1989 годзе. У 2009-м — 1 330 тыс. тон, ці 75,6%.

Не хацелася б, але даводзіцца прызнаць, што класічны калгасны лад быў эканамічна больш эфектыўным, чым цяперашні, рэфармаваны. Валавыя паказчыкі, што відавочна, былі вышэйшымі, а рэсурсаёмістасць (гэта робіцца відавочным пры параўнанні аб’ёмаў капіталаўкладанняў) — ніжэйшай.

 Цяперашнім гаспадаркам не дапамагаюць нават сучасныя заходнія тэхналогіі, імпартныя машыны, механізмы і абсталяванне, магчымасці якіх яны не могуць выкарыстоўваць напоўніцу.

Гэта сітуацыя лішні раз даказвае неаднаразова пацверджанае досведам іншых краін — ніякія, нават самыя сучасныя тэхналогіі не здольныя кампенсаваць эканамічныя страты адмовы ад сацыяльнага і эканамічнага рэфармавання так званых “калектыўных гаспадарак. А ў адсутнасць рэформаў не знаходзіць стымулаў для развіцця і прыватнае земляробства.
-----------------------------------------------------------------

Паказчыкі лепшыя за вынікі

Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, сельская гаспадарка Беларусі была ў 2009 годзе адной з паспяховых галін эканомікі. Яна не выканала прагнозных паказчыкаў па тэмпах павялічэння вытворчасці, але ўсё ж падвысіла памеры на 1,3%.

Праўда, нават гэты нязначны рост быў атрыманы коштам значнага пагаршэння фінансавых вынікаў дзейнасці сельгасарганізацый. Сума пратэрмінаваных крэдытных абавязацельстваў за год павысілася на 36,6%.

Для выпраўлення сітуацыі (а лепш сказаць, канчатковага фінансавага крушэння сельгасарганізацый) спецыяльным указам прэзідэнта ім прадстаўлена 10-гадовая адтэрміноўка запазычанасці па стану на 1 студзеня 2010 года.

Да гэтага часу лічыцца, што пагаршэнне фінансавага становішча прадпрыемстваў галіны абумоўлена ростам валавых паказчыкаў вытворчасці. Але зараз пытанне патрабуе ўдакладнення. Па дадзеных Белстата, у 2008 годзе ў бягучых цэнах валавая вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ўсімі катэгорыямі гаспадарак складала 26,9 трлн. рублёў, што на 400 млн. рублёў перавышала валавыя паказнікі 2009 года. Гэта акалічнасць у супастаўленні з павялічэннем індэкса цэн дазваляе паставіць пад сумнеў факт падвышэнне памераў валавой вытворчасці ў супастаўных цэнах.

У 2009 годзе сельгасарганізацыямі ўсіх галін і форм падпарадкавання атрымана 1,5 трлн. рублёў чыстага прыбытку (каля 500 млн. долараў). Пры гэтым сума пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці (на якую налічваюцца штрафныя санкцыі) на канец года дасягнула 1,9 трлн. рублёў (каля 630 млн. долараў).

У гэтых умовах бадай адзіным крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці капіталаўкладанняў з’яўляецца такі сінтэтычны паказчык, як “засваенне сродкаў па прынцыпе, што выдзелена, тое і засвоена. У мінулым годзе да засваення было выдзелена 4,6 трлн. рублёў, што ў пераліку на 1 гектар сельгасугоддзяў склала 212 долараў. Гэта на 30% больш за паказчык пагектарнага субсідавання ў 2008 годзе.

Такім чынам, капіталаўкладанне ў галіну расце, эканамічная эфектыўнасць гаспадарання застаецца нізкай, а валавыя паказчыкі амаль не падвышаюцца.

Каментаваць