Нездаровы аптымізм

«Вынікі развіцця эканомікі Беларусі ўсяляюць упэўненасць, што падзенне зафіксавана, і ў далейшым будзе рост», — заявіў  прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета міністраў. Эксперты аптымізм кіраўніка ўраду лічаць заўчасным і неабгрунтаваным.

«Вынікі развіцця эканомікі Беларусі ўсяляюць упэўненасць, што падзенне зафіксавана, і ў далейшым будзе рост», — заявіў  прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета міністраў. Эксперты аптымізм кіраўніка ўраду лічаць заўчасным і неабгрунтаваным.

Падставай для высноў пра светлую будучыню айчыннай эканомікі, паводле слоў Сідорскага, з’яўляецца той факт, што летась тэмп росту ВУП склаў 110 працэнтаў, а ў студзені-красавіку гэтага года — 101,2 працэнта. Урад чакае станоўчай тэндэнцыі і ў маі. Каб дасягнуць такіх мэтаў, прэм’ер-міністр параіў прадаваць прадукцыі больш, чым вырабляць. «Не трэба гнацца за нейкімі паказчыкамі ў шкоду эканоміцы. Паказчыкі дзеля паказчыкаў нам не патрэбныя, галоўнае — продажы», —  падкрэсліў кіраўнік урада.

Найгоршая сітуацыя са збытам у канцэрнах «Беллесбумпрам», «Беллегпрам» і ў Міністэрстве прамысловасці. У цэлым на складах захоўваецца гатовай прадукцыі амаль на 7 трыльёнаў рублёў. У красавіку запасы павялічыліся на 91 мільярд рублёў. Прычыны гэтага Сяргей Сідорскі бачыць у пратэкцыянізме дзяржаў СНД, якія стварылі бар’еры для абароны сваіх вытворцаў. «Краіны ставілі столькі перашкодаў у кастрычніку-лістападзе мінулага года, калі ўсё бурылася, навобмацак прымалі рашэнні. Сёння кожная краіна адзначае пэўную стабілізацыю, значыць, трэба адмяняць тыя рашэнні, якія былі прынятыя імгненна», — лічыць прэм’ер-міністр.

На пасяджэнні Рады кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц СНД 22 мая было прынятае рашэнне скасаваць бар’еры ў гандлі. Але Расія тактыкі пакуль не змяніла і, напрыклад, абмяжоўвае імпарт беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Намеснік прэм’ер-міністра Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Рады дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы, якое праходзіла ў Магілёве, выказаў меркаванне, што беларускім  вытворцам варта ствараць уласную тавараправодную сетку і прадаваць сельгаспрадукцыю праз яе, а не праз фірмы-пасрэднікі. У студзені-сакавіку бягучага года таваразварот Беларусі з Масквой склаў 23,3 мільярда расійскіх рублёў, і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года паменшыўся на 41,6 працэнта. «У той жа час, у красавіку-маі тэмпы ўжо значна падраслі, і мы набліжаемся да вызначаных лічбаў», — адзначыў Кабякоў. Акрамя патрабаванняў вярнуць гандаль паміж краінамі ў старое рэчышча, Беларусь хоча атрымаць ад Расіі яшчэ і другі транш крэдыту ў памеры 500 мільёнаў долараў. Хутчэй за ўсё, гэта пытанне будзе абмяркоўвацца на сустрэчы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага і кіраўніка ўрада Расіі Уладзіміра Пуціна 28 мая ў Мінску напярэдадні пасяджэння Рады Міністраў Саюзнай дзяржавы.

У той час, як кіраўніцтва Беларусі рапартуе пра перспектывы росту эканомікі, агенцтва Eurostat распаўсюдзіла інфармацыю, што Беларусь заняла другое месца сярод краін Еўропы па тэмпах інфляцыі ў студзені-красавіку 2009 года. «Лепш» за нас толькі Украіна. За чатыры месяцы з пачатку года рост цэн у Беларусі склаў 6,5 працэнта, ва Украіне — 6,9, у Расіі — 6,2 працэнта. У краінах ЕС спажывецкія кошты ў студзені-красавіку ў сярэднім выраслі на 0,6 працэнты. А павышэнне стаўкі падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) справакуе рост цэн на працягу года на 20 працэнтаў, што, натуральна, толькі пагоршыць інфляцыйныя паказчыкі.

Каментаваць