Аляксандр Рыгоравіч выправіўся з афіцыйным візітам у Кітай. Як толькі ён туды прыляцеў, індэкс Шанхайскай біржы зваліўся на 4,3%. Здавалася б, пры чым тут ён? А ён заўсёды аказваецца ні пры чым.

 



Варта было Аляксандру Рыгоравічу адляцець, як пайшоў шэраг не вельмі добрых навінаў. Міністэрства фінансаў падрыхтавала праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь». Сярод іншага ў дакуменце ёсць прапанова ўвесці павышаную стаўку падаходнага падатку ў памеры 16% для тых, у каго падатковыя органы выявяць перавышэнне выдаткаў над даходамі. Зараз з такой розніцы трэба выплачваць 13%.

Акрамя таго, грамадзяне, якія здаюць у арэнду жыллё, месцы на паркоўках або нежылыя памяшканні без заключэння дамоваў, павінны будуць выплачваць стаўку падаходнага падатку, павялічаную ў пяць разоў. Канкрэтны памер ставак у фіксаваных сумах вызначаецца абласнымі і Мінскім гарадскім саветамі дэпутатаў у залежнасці ад катэгорыі населенага пункта і раёна.

У праекце закона прапануецца абкладаць падаходным падаткам занадта азартных беларусаў. Спецыяльны пункт мяркуецца дапоўніць наступным дадаткам: «Стаўка падаходнага падатку з фізічных асоб устанаўліваецца ў памеры 4% у дачыненні да даходаў у выглядзе выйгрышаў, атрыманых фізічнымі асобамі ад арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы ігральнага бізнесу».

Па тэлевізары шмат рэкламы МНС, кшталту «зарэгіструйцеся як хатняя працаўніца, рэпетытар, рамеснік, атрымайце падатак у адну базавую!». Не будзе больш адной базавай. Стаўку збору за ажыццяўленне падобнай дзейнасці прапануецца павысіць да 4 базавых велічынь для ўсіх плацельшчыкаў, акрамя інвалідаў і тых, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту.

Не ўпершыню, і, падобна, не ў апошні раз такія ініцыятывы агучваюцца, калі кіраўніка дзяржавы няма ў краіне. Нібыта, ён да гэтага не мае дачынення. Гэта ўсё «баяры дрэнныя», а «ён» прыедзе і адкруціць усё назад. Ці не адкруціць, калі народ гэта праглыне. Хутчэй, канешне, не адкруціць, бо казна спустошаная. І куды толькі адтуль грошы знікаюць з падаткаў: з «пенсійнага» падатку, з «вясельнага» падатку, з «аўтамабільнага» падатку…

Наш бюджэт — як прорва, колькі народ туды ні скідваецца, усё некуды знікае. Падаецца, і новых «будоўляў стагоддзя» не вядзем, і па знешніх пазыках асабліва не разлічваемся: мы ж «маскоўскія» крэдыты не аддалі, а рэструктуравалі. І знешні доўг неяк не змяншаецца, нягледзячы на тое, што мы ўсё аддалі МВФ і разлічыліся па еўрабондах.

Самае цікавае, што, па меркаванні экспертаў, напрыклад, дырэктара па даследаваннях аналітычнай суполкі «Ліберальны клуб» Яўгена Прэйгермана, новыя падаткі нічога, апроч народнай нянавісці, не выклікаюць і ніякіх праблемаў не вырашаюць. Галоўная наша праблема — гэта неканкурэнтаздольнасць нашых тавараў на замежных рынках. А зараз, з-за падзення расійскага рубля — яшчэ і дарагавізна беларускага ў асноўнага нашага пакупніка. І гэтую праблему, сапраўды, падаткамі не вырашыш. Але ўлады, па словах Прэйгермана, «думаюць толькі аб тым, як ноч прастаяць ды дзень пратрымацца».

Гэта ўсё прагнілы Захад высмоктвае з нас кроў, кажуць урадаўцы. «У сусветнай эканоміцы зараз пэўныя цяжкасці, якія не могуць не адлюстроўвацца на сітуацыі ў Беларусі», — паведаміў на гасцявым уроку «Я ў працоўныя пайду…» для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 3 машынабудавання, які прайшоў на ААТ «БелАЗ» 1 верасня ў Жодзіне, прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Якія цяжкасці ў сусветнай эканоміцы — незразумела. МВФ, наадварот, ацаніў рост сусветнай эканомікі ў 2014 годзе ў 3,3%. Столькі ж чакаецца і ў гэтым годзе. Прычым, асноўную частку росту дадуць краіны, якія прынята называць «развіваючыміся» — за кошт нізкай цаны на нафту. Ці такі Кабякоў разумны, што бачыць тое, чаго не бачыць МВФ? «Калі ты такі разумны, чаму ў цябе няма грошай?» Чаму Кабякоў просіць крэдыт у МВФ, а не МВФ — у Кабякова?

Крызіс не ў сусветнай эканоміцы. Крызіс на прасторах СНД, ЕАЭС, ЕўрАзЭС, МС і ў якія мы там яшчэ «саюзы з Расіяй» уступалі. Нават ва Украіне тыя ж МВФ, Сусветны банк і рэйтынгавае агенцтва Standard&Poor’s дапускаюць эканамічны рост ужо ў 4-м квартале гэтага года. І гэта пры тым, што ва Украіне ўсё яшчэ буяе вайна! А «стабільная і мірная сінявокая» ўсё коціцца ў прорву, донца якой і не бачна.

«Кожны падае індывідуальна. Мы незалежная дзяржава, у нас свой Нацыянальны банк, і таму нельга ўсё звальваць на тое, што нашы суседзі, з якімі мы цесна звязаныя, падаюць, — тлумачыць экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, — беларускі рубель падае таму, што ў нас знізілася валютная выручка на $5 мільярдаў, валавы прадукт знізіўся на 4% у параўнанні з мінулым годам, у нас высокая інфляцыя. Эканоміка краіны хворая, і таму мы падаем».

А зусім не са знешніх прычынаў. Так што трэба, можа, спачатку ў сябе разабрацца? Тым больш, што Захад, аказваецца, не такі ўжо і гнілы, як нам падавалася.

«Затое мы робім ракеты», як калісьці спяваў Уладзімір Высоцкі. Адказваючы на пытанне, ці змогуць маладыя спецыялісты, якія цяпер толькі выбіраюць рабочую прафесію, уладкавацца пасля заканчэння ліцэя на беларускія прадпрыемствы-гіганты, Кабякоў адзначыў, што «рабочыя спецыяльнасці не страцяць прэстыжнасці нягледзячы ні на што». Генеральны дырэктар БелАЗа паведаміў, што прадпрыемства прымае прыблізна 130 маладых спецыялістаў у год, і гэтая лічба не будзе змяншацца.

Шкада толькі, што ні Кабякоў, ні гендырэктар БелАЗа не агучылі адну лічбу. А менавіта — колькі будзе зарабляць там малады спецыяліст. І, пажадана, у доларах.

Дарэчы, пра долары. Пасля «чорнага» мінулага тыдня курс долара пакрысе стабілізаваўся на 17.300. Але ў сераду на гэтым тыдні зноў пачаў расці. Кажуць знаўцы, што «дна» ў беларускай эканомікі няма, і таму гэты рост можа быць бясконцы.

Ніхто не чакаў, што такое будзе ў выбарчы год. Бо ўлада, падаецца, закопвае сама сябе. І, замест таго, каб вырашаць праблемы, яна толькі спараджае новыя.

Здавалася б, пры чым тут Лукашэнка? Ні пры чым — ён быў у Кітаі.

Абмеркаванне:

  • ND
  • 2015-09-03 22:05:22
И надо же какое совпадение! Батька в Китае, а в это время Генеральная прокуратура РБ возбудила уголовное дело о коррупции в отношении председателя Чашникского райисполкома Владимира Булая.

Каментаваць