Нічога смешнага

Хутка святы. Большасць грамадзян краіны ўжо задумваюцца аб тым, што і каму пакладуць пад ёлку. І не менш актуальным застаецца пытанне: а ці будзе за што купляць падарункі? Грошай няма. І не будзе.



Мы, канешне, ведалі, што сітуацыя ў нас кепская. Але апошнія навіны і падлікі паказваюць, што яна нават вельмі небяспечная. І наступны, 2016 год, для краіны будзе звышвыпрабавальным.

Пачнём са звыклага. Як неаднаразова ўжо згадвалася, нашы золатавалютныя рэзервы складаюць зараз $4,6 мільярда. У наступным годзе нам трэба будзе выдаткаваць на знешні дзярждоўг $3,3 мільярда. То бок, грошай няма. І не будзе.

На тыдні стала вядома, што Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця адклаў рашэнне пра выдзяленне Беларусі новага крэдыту. Пра гэта сказаў у Маскве 8 снежня міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў.

Паводле яго слоў, пытанне аб выдзяленні крэдыту разглядалася на пасяджэнні савета фонду. «Мы хацелі б атрымаць канкрэтныя вынікі ад рэалізацыі праграмы мер эканамічнага развіцця, якія былі закладзеныя ў план дзеянняў пры атрыманні гэтага крэдыту. Пакуль неабходных рашэнняў па рэалізацыі гэтых планаў мы не ўбачылі, таму адклалі прыняцце рашэння аб аказанні фінансавай дапамогі да таго часу, пакуль не ўбачым канкрэтны вынік», — цытуе кіраўніка Мінфіна Расіі ТАСС.

Сілуанаў зазначыў, што існуе адхіленне ад першапачатковых паказчыкаў па росце заробкаў бюджэтнікаў у Беларусі і невыкананне шэрагу паказчыкаў, у тым ліку па дынаміцы тарыфаў на паслугі ЖКГ і транспарт. Больш за тое, ЕФСР настойвае на выкананні ўмоў першага крэдыту. Таго крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (правапераемнікам якога з’яўляецца ЕФСР), які мы атрымалі ў 2011 годзе, і з якога не скарысталі апошні транш — бо нам яго не далі з-за невыканання ўмоваў крэдытавання.

Зараз гэтая тэма ўзнікла зноў: як патрабаванне распачаць прыватызацыю прадпрыемстваў. «Мы хацелі б вызначыць больш значную колькасць структурных мер пры даванні першага траншу, бо ён найбольш ёмісты — $500 мільёнаў з $2 мільярдаў крэдыту. І мы хацелі б папярэдне пры даванні першага траншу рэалізацыі канкрэтных структурных мер, уключаючы меры ў сферы прыватызацыі, якія не былі рэалізаваныя падчас выканання папярэдняй праграмы. А гэта адна з асноўных крыніцаў пры папаўненні бюджэту і паляпшэнні плацежнага балансу», — заявіў Сілуанаў.

Шчыра кажучы, прыватызацыя даўно ўжо наспела. І нават не таму, што гэтага патрабуе Сілуанаў. Проста нашы «флагманы» і іншыя прадпрыемствы ўжо не ў стане забяспечыць людзей ані заробкам, ані працай.

Вось, напрыклад, наконт працы. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйную статыстыку, у кастрычніку сярэднеспісачная колькасць работнікаў у Беларусі складала 2,97 мільёна чалавек. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць працоўных скарацілася на 2,5%, або больш чым амаль на 75 тысяч чалавек. Прычым, скарачэнне колькасці работнікаў назіраецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Груба кажучы, з 9-мільённага насельніцтва Беларусі працуюць тры мільёны. То бок, адзін працоўны ўтрымлівае яшчэ двух чалавек. А калі ад гэтай колькасці працоўных адмінусаваць міліцыю, войска, дзяржапарат і іншых бюджэтнікаў? На работнікаў «рэальнага сектару эканомікі» будзе прыпадаць чатыры, а тое і пяць «утрыманцаў».

Не дзіва, што заробкі ў краіне ўпалі. Кастрычніцкі сярэдні заробак склаў 409 долараў, што ў параўнанні з пачаткам года менш на 210 «умоўных адзінак».

Што гэта значыць? Гэта значыць, што выцягнуць, як звычайна, грошы з людзей ужо не атрымаецца. Нават калі ўлады, згодна з патрабаваннямі крэдытораў, увядуць 100-працэнтую аплату паслуг ЖКГ і транспарту і скасуюць усялякія ільготы. Атрымаецца такая сітуацыя, як у Расіі, калі квартплата — больш за заробак чалавека. І зразумела, што ніхто яе плаціць не будзе, а ў транспарце людзі будуць ездзіць зайцамі.

Таму, зразумела, нам патрэбная прыватызацыя. Нам патрэбныя інвестары. Але не так, як кажа Сілуанаў: маючы на ўвазе пад «прыватызацыяй» выключна продаж беларускіх актываў расійскаму капіталу. Гэта мы ўжо праходзілі. Тым больш, што ў Расіі з капіталам зараз будзе вялікая напруга.

Сам факт таго, што «брату і саюзніку» ЕФСР адмаўляе выдаць грошы, сведчыць, што гэтых грошай у Расіі больш няма. І наўрад ці будуць, бо на гэтым тыдні цана нафты маркі Brent апусцілася ніжэй $40 за барэль. Амерыканская нафта WTI упала да $37 за барэль. Расійскі рубель на гэтым фоне наблізіўся да 70 рублёў за долар.

Так што не варта глядзець на Расію. Трэба прапанаваць удзел у прыватызацыі тым, у каго ёсць грошы і хто не будзе ўкідваць іх у «стратэгічныя прадпрыемствы», плануючы скупіць усё, што яшчэ хоць неяк працуе, а зробіць сапраўдныя інвестыцыі.

Давайце прададзім «Гарызонт» Philips, а «Віцязь» — ягонаму канкурэнту LG. Амерыканская IBM даўно прыглядаецца да мінскага «Інтэгралу». А што такое прадаць «Інтэграл» IBM? Гэта значыць, на мінскім заводзе будуць ствараць камплектуючыя для кампутарнай тэхнікі. А дзе камплектуючыя — там і вытворчасць кампутараў, планшэтаў, мабільных тэлефонаў — тых жа Philips і LG. Гэта новыя працоўныя месцы, сучасная вытворчасць, і — агромністы расійскі рынак збыту пад бокам.

І галоўнае — мы яшчэ выканаем пры ўмовы ЕФСР. Праўда, не так, як яны тое ўяўляюць, але гэта ўжо іншае пытанне.

Мы і самі можам ствараць нешта новае. На наступным тыдні, кажуць, будзе выкананае адно абяцанне — 17 снежня, па звестках БелаПАН, будзе афіцыйна абвешчана пра запуск сеткі сотавай сувязі чацвёртага пакалення па тэхналогіі LTE (4G) у Беларусі. Рэалізацыяй праекта разгортвання сеткі LTE ў Беларусі займаецца СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (аператар beСloud). І ён разлічвае запусціць 4G-сетку ў Мінску да канца гэтага года, што будзе адпавядаць інвестыцыйнаму плану.

Значыць, можам і мы ствараць нешта прывабнае і інавацыйнае. Галоўнае — проста даць разгарнуцца ініцыятыве. А вось гэтага нашае кіраўніцтва пакуль што рабіць і не ўмее.

Каментаваць