Нямецкі бізнес пра сітуацыю ў Беларусі: эканамічнае супрацоўніцтва пайшло на спад

Напярэдадні Восьмага дня нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь (12 лістапада) яго арганізатары сустрэліся з журналістамі ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў. Яны распавялі пра актуальны стан эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і выказалі свае меркаванні наконт перспектыў яго развіцця.



Патранатам падзеі выступіла пасольства ФРГ на чале з амбасадарам Петэрам Дэтмарам, а арганізатарамі — Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі і Нямецка-беларускі эканамічны клуб.

Па словах кіраўніка Нямецка-беларускага эканамічнага клуба Хаўсэпа Васканяна, сёлетняе мерапрыемства вельмі важнае з пункту гледжання актуальнага стану беларускай эканомікі. Калі паглядзець на развіццё сітуацыі ў краіне за апошнія гады і месяцы, то, канстатаваў ён, Беларусь зараз сутыкаецца з шэрагам знешніх выклікаў, якія стаяць перад ёю.

«У першую чаргу вельмі важна адзначыць цяжкую эканамічную сітуацыю на галоўных рынках збыту — у Расіі ды Украіне. Таксама варта адзначыць, што эканоміка Беларусі ў сваёй цяперашняй сітуацыі не была ў стане поўнасцю кампенсаваць удар, які яна атрымала ад гэтых знешніх чыннікаў. Мэтазгодна і правільна, што дзяржава паставіла перад сабою і эканомікай мэту дыверсіфікаваць экспарт Беларусі, мадэрнізаваць прадукцыю, мадэрнізаваць саму эканоміку. І ў гэтых пытаннях беларускія кампаніі ў асобе нямецкіх кампаніяў знаходзяць свайго натуральнага партнёра», — лічыць Васканян.

Ён дадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць пэўны ўзровень нямецкіх інвестыцыяў, ёсць шэраг германскіх кампаніяў, якія ўжо актыўна працуюць на беларускім рынку: «На сёння гэта 350 суб’ектаў гаспадарання і 90 прадстаўніцтваў, некаторыя з іх тут ужо дзесяць, а некаторыя нават дваццаць гадоў».

Як адзначыў кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусцінскі, для пераадолення негатыўных наступстваў досвед Германіі, якая мае падобную да Беларусі структуру эканомікі і якая ўваходзіць у тройку-пяцёрку вядучых дзяржаваў свету па валавым унутраным прадукце, імпарце і экспарце, дазваляе разлічваць, што абмен вопытам, тэхналогіямі і ведамі дапаможа выпрацаваць парадыгму эканамічнага развіцця Беларусі.

«Беларусь — транзітная краіна, таму пытанні транспарту і лагістыкі з’яўляюцца сёння вельмі важнай стратэгічнай галіной для яе. Але вельмі важнымі таксама з’яўляюцца і пытанні прамысловай кааперацыі. Беларусі патрэбны прамыя інвестыцыі, і тут Беларусь магла б быць не толькі шарнірам паміж Усходам і Захадам у эканамічным сэнсе слова, але і падоўжаным канвеерам, які мог бы прапанаваць нямецкім кампаніям, кампаніям Еўрасаюза пасля перапрацоўкі пастаўляць прадукцыю ў краіны таго ж ЕС, у тую ж Германію, у трэція краіны, што і засведчыць дыверсіфікакцыю экспарту», — мяркуе Аўгусцінскі.

Да таго ж, падкрэслівае ён, Беларусі абавязкова трэба выкарыстоўваць сваё геаграфічнае і геапалітычнае становішча: з аднаго боку, краіна мяжуе з Еўрасаюзам, з іншага боку, яна з’яўляецца заходняй дзяржавай Еўразійскага эканамічнага саюза. Так што, падсумаваў ён, у Беларусі яшчэ шмат нераскрытага патэнцыялу для паляпшэння свайго эканамічнага становішча.

У сваю чаргу, намеснік амбасадара ФРГ у Беларусі Хольгер Рапіёр быў змушаны канстатаваць, што ў бягучым годзе эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Германіяй пайшло на спад. Так, па словах дыпламата, за восем месяцаў (студзень-верасень) 2015 года беларускі экспарт у ФРГ скараціўся на 37%, а імпарт з гэтай краіны стаў меншым на 46%. «Гэтыя лічбы выклікаюць у нас вялікую заклапочанасць, і нам застаецца толькі спадзявацца, што ў будучыні нам атрымаецца дасягнуць ранейшых паказчыкаў», — сказаў Рапіёр. Ён, аднак, адмовіўся нават прагназаваць, калі гэта адбудзецца.

«Так, Беларусь апынулася ў цяжкім эканамічным стане з шэрагу знешніх фактараў — гэта і кошты на нафту, і паслабленне расійскай эканомікі, і гэтак далей, але ёсць яшчэ і шэраг унутраных чыннікаў, якія ўскладняюць сітуацыю ў краіне, — звярнуў увагу нямецкі дыпламат. — Мы зараз назіраем цікавую фазу. За апошнія тыдні ў Беларусі прайшоў цэлы шэраг форумаў і канферэнцыяў, на якіх выступалі прадстаўнікі розных дзяржаўных структураў, напрыклад, міністэрства эканомікі, адміністрацыі прэзідэнта. Выказваўся і сам кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым наконт песпектываў і неабходнасці рэформаў эканомікі яны выказвалі зусім супярэчлівыя рэчы, якія не пасуюць адна да адной».

Апроч таго, адзначыў Рапіёр, для таго, каб у Беларусь прыйшлі інвестыцыі з Германіі, інвестары мусяць мець прававыя гарантыі, чаго сёння ў Беларусі бракуе. Бізнесмены, сказаў ён, — людзі ў пэўным сэнсе кансерватыўныя, яны мусяць дакладна ведаць, куды і навошта яны ўкладаюць свае грошы, яны патрабуюць гарантыяў сваіх інвестыцыяў.

Беларусь жа сёння, па вялікім рахунку, такіх гарантыяў даць не можа. Жаданне прыйсці ў нашу краіну ў нямецкіх прадпрымальнікаў ёсць, бо тут, па словах Хаўсэпа Васканяна, ёсць вялікі патэнцыял для інвестыцыяў. Але перашкодай з’яўляецца існуючае заканадаўства і практыка, якія не гарантуюць выканання правоў інвестараў. Таму застаецца спадзявацца на перамены ў будучыні.

Каментаваць