Не апошняя кашуля

Беларусы — народ, збольшага, адказны. Калі пазычылі ў кагосьці нешта, апошнюю кашулю здымуць, але расплоцяцца. Ім больш давяраюць, але апошнім часам грошы чамусці даваць не хочуць. Нават пад працэнты.



Беларусь 31 сакавіка правяла чарговы і апошні плацёж на суму 75,7 мільёна долараў, завяршыўшы тым самым пагашэнне крэдыту МВФ stand-by ў аб’ёме $3,46 мільярда, прадастаўленага краіне ў 2009–2010 гадах на фоне палітычнай адлігі і сусветнага фінансавага крызісу.

Як сцвярджаюць адмыслоўцы, добрасумленнае выкананне фінансавых абавязацельстваў істотна павышае крэдытную рэпутацыю краіны нягледзячы на тое, што Беларусь не выканала цэлы шэраг узятых на сябе ў рамках праграмы абяцанняў па рэформах і пераўтварэнняў. Пагашэнне папярэдняга крэдыту прыкметна ўзмацняе перамоўную пазіцыю Беларусі, якая адчайна марыць атрымаць новы крэдыт МВФ.

Праўда, некаторыя ўжо былыя старшыні Нацбанка казалі, што ў нас няма тэрміновай патрэбы ў крэдыце МВФ. Аднак Масква больш не корміць, а грошы лішнімі не бываюць.

Так, Расія пагадзілася выдаць нам крэдыт у $110 мільёнаў, і, як паведаміў «Інтэрфакс», Беларусь нават ужо выканала ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненні пра расійскі крэдыт. Але, па-першае, гэта ў 20 разоў менш, чым мы прасілі, па-другое, гэта крэдыт у расійскіх рублях і, па трэцяе, ён яшчэ не прыйшоў. Як кажа той жа «Інтэрфакс», «паступленне сродкаў расійскага дзяржаўнага крэдыту ў бюджэт Беларусі чакаецца ў бліжэйшыя дні».

Але што такое «бліжэйшыя дні»? У мінулым годзе Лукашэнка дамовіўся з Пуціным пра крэдыт, які таксама павінен быў прыйсці «бліжэйшымі днямі». У выніку Беларусь чакала гэтых грошай паўгода, і ў выніку ўжо гэтага чакання гэтыя грошы прыйшлося адразу ж вярнуць назад, каб пагасіць запазычанасць перад расійскім банкам ВТБ.

Кажуць, Маскву можна зразумець — у расійцаў у саміх крызіс, грошай не хапае, і гэтак далей. Насамрэч — не. Зразумець іх можна ў тым выпадку, калі яны адназначна скажуць: «Мы стаміліся фінансаваць Беларусь, і ўжо больш не можам гэтага рабіць, у нас ёсць іншыя інтарэсы». Бо як інакш патлумачыць, што сінявокай — $110 мільёнаў у крэдыт, а Кіргізіі ў той жа час удвая больш, і беззваротна, то бок дарам?

У якасці «тэхнічнай дапамогі», для падрыхтоўкі да ўступлення ў Еўразійскі эканамічны саюз, Расія выдзеліць Кіргізіі $200 мільёнаў — адпаведнае пагадненне падпісалі намеснікі міністраў фінансаў Расіі і Кіргізіі Сяргей Сторчак і Мірлан Байгончокаў у Бішкеку ў аўторак. За кошт сродкаў Расіі будзе зроблена добраўпарадкаванне граніц Кіргізіі, мадэрнізаваны і створаны лабараторыі, неабходныя для забеспячэння мытнай ачысткі тавараў і праходжання імі санітарна-ветэрынарнага кантролю.

«У далейшым гэтая праца будзе працягнутая. Спадзяемся, што дадзеная дапамога разам з дапамогай, якая ў бліжэйшы час павінна паступіць з Казахстана, палегчыць нашым партнёрам прыстасаванне да ўмоваў ЕАЭС», — адзначыў Сторчак.

Такім чынам, «грошы ў абмен на пацалункі» зараз атрымлівае не Беларусь, а Кіргізія. Можна парадавацца за кіргізаў, а самім вучыцца зарабляць. Балазе, досвед маем.

Як паведаміў кіраўнік дэпартамента гандлю і паслуг Масквы Аляксей Немярук, ля сценаў Крамля ў продажы з’явіліся не толькі «беларуская вустрыцы», але і «беларускія мандарыны». «Мы сапраўды бачым, што гэтая прадукцыя паступае», — распавёў Немярук журналістам у аўторак. На ўдакладняючае пытанне журналістаў, кантрабанда гэта ці не, маскоўскі чыноўнік адказаў: «Кантрабанда, якая ідзе з Беларусі. Рээкспарт». І прызнаўся, што Маскве складана абмежаваць пастаўкі такіх тавараў.

Праўда, пытанне, каму зрабілася кепска ад таго, што ў Маскве ёсць вустрыцы і мандарыны, застаецца адкрытым. З аднаго боку, не было б беларускіх вустрыц — былі б казахстанскія. А не было б і казахстанскіх — не было б ніякіх. У такія ўмовы Расія паставіла сябе сама.

І хай скажуць «дзякуй», што ім у абмен на грошы прапанавалі хаця б мандарыны. Бо мы ўмеем рабіць грошы проста з паветра.

Вось, напрыклад, у красавіку-траўні будзе абвешчаны конкурс на распрацоўку ў Беларусі не чаго-небудзь, а радовішчаў нафты! Як паведаміў начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэспублікі Уладзімір Варакса, у мінулым годзе быў абноўлены пералік аб’ектаў, прапанаваных для перадачы ў канцэсію. «Упершыню інвестарам прапанавана два канцэсійных участка для пошуку і, у выпадку выяўлення, распрацоўкі нафтавых радовішчаў», — адзначыў ён. Паводле слоў спецыяліста, гаворка ідзе пра Пазнякевіцкую (Ельскі раён) і Акуліцкую (Нараўлянскі раён) пляцоўкі.

То бок, спадарства, спачатку купіце канцэсію на пляцоўку. Раптам вы там знойдзеце нафту? Калі знойдзеце, можаце распрацоўваць, а калі не — то выбачайце. Канешне, мы там ужо шукалі, — і ў часы СССР, і ў часы перабудовы, і не знайшлі нічога, што магло б быць выкарыстана ў прамысловых маштабах. Але, можа, мы кепска шукалі, а вам пашанцуе больш? Чым не «развадзілава»?

Але мы не толькі можам зарабляць, мы можам яшчэ і эканоміць. Эканоміць мы будзем на заробку кіраўнікоў. З 1 красавіка (і гэта не жарт) змяняецца парадак ўстанаўлення каэфіцыента суадносін сярэдняй заработнай платы кіраўнікоў арганізацый незалежна ад формы ўласнасці і сярэдняй заработнай платы па арганізацыі ў цэлым.

Раней памер каэфіцыента не мог перавышаць 8. Новымі нормамі прадугледжваецца залежнасць памеру каэфіцыента ад перавышэння тэмпу росту прадукцыйнасці працы над тэмпам росту заработнай платы. Калі па выніках квартала тэмп росту заработнай платы перавысіць тэмп росту прадукцыйнасці працы, то кіраўніку арганізацыі варта ўсталяваць каэфіцыент не больш за 4 ўключна з першага чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам.

То бок, зараз дырэктар адказвае за тое, каб «пусты» заробак не выплочваўся. Улічваючы «вымушаныя адпачынкі» нашых прадпрыемстваў, сітуацыя будзе цікавая. Адпраўляючы працоўных «на 2/3 заробку», дырэктар зразае заробак яшчэ і сабе. Прынамсі, так павінна быць.

Хутка ў нас з’явіцца шмат вакансій дырэктароў дзяржпрадпрыемстваў.

Каментаваць