Не так ужо ўсё і добра

Апошнімі днямі мы неяк супакоіліся, і за знешне нармальнай сітуацыяй у краіне не заўважаем трывожных і крызісных выклікаў. Непакоіцца ёсць пра што. Лічбы кажуць, што становішча значна горш, чым падаецца.

 



Непакоіцца ёсць пра што. Першы паказчык для трывогі — гэта змяншэнне насельніцтва Беларусі. Калі раней нашае кіраўніцтва казала, што «нараджальнасць павышаецца, а значыць, людзі бачаць перспектыву», то бок мы ідзем у правільным кірунку — дык зараз такога няма. Паводле апошніх дадзеных Белстата, у студзені — сакавіку 2015 года натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 4 739 чалавек. Здавалася б, не вельмі шмат? Але калі палічыць у працэнтах, то ў параўнанні з адпаведным перыядам 2014 года яно павялічылася на 30,9%!

У крызісных паказчыках сваю ролю адыграў знакаміты дэкрэт аб лайдаках. Мы раней ужо казалі пра тое, што ён падрывае адзін з асноўных паказчыкаў дабрабыту сацыяльнай дзяржавы — узровень беспрацоўя. Дык вось, усё ж такі яго падарвалі. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец сакавіка 2015 года склала 39 тысяч, што на 73,1% больш, чым на канец сакавіка 2014 года, і на 8,6% больш, чым на канец лютага 2015 года.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец сакавіка 2015 года склаў 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец сакавіка 2014 года — 0,5%).

І гэта яшчэ не канец, таму што Міністэрства працы не лічыць «схванае беспрацоўе» — то бок тых, хто знаходзіцца ў вымушаных адпачынках, «прастоях» і працуе няпоўны тыдзень. Такіх у нас багата, і такіх падлічыў Сусветны банк.

У запісцы Сусветнага банка па пытаннях трансфармацыі рынку працы, прэзентацыя якой адбылася 27 красавіка ў Мінску, зазначаецца, што ў выпадку ліквідацыі «залішняй колькасці работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах» (лішнія — гэта тыя, хто ў вымушаных адпачынках, чыя праца непатрэбная) узровень беспрацоўя ў Беларусі можа павялічыцца на 4,2%, і такім чынам дасягне 5%. А можа і больш, паколькі, па падліках эканамістаў Сусветнага банка, залішняя колькасць работнікаў на дзяржпрадпрыемствах складае ў сярэднім каля 10%. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, на думку экспертаў СБ, змусіць прадпрыемствы пазбавіцца ад «лішніх ратоў».

Канешне, Сусветны банк толькі канстатуе балячкі беларускай сацыяльна арыентаванай мадэлі і «прапісвае» ёй рынкавыя рэформы. Але хворы наўрад ці будзе прымаць гэтыя лекі, бо адмаўляецца ўсвядоміць сваю хваробу. Улады працягваюць крычаць пра «асаблівы беларускі шлях» і «сацыяльную дзяржаву» ў той час, калі ад гэтага «сацыялізму» засталіся рожкі ды ножкі. А таму дзяржава, асабліва напярэдадні выбараў, будзе падтрымліваць існаванне «лішніх ратоў» на прадпрыемствах — абы толькі не абрынуўся міраж «беларускай мадэлі развіцця».

А таму, згодна з прагнозамі таго ж Сусветнага банка, нас чакае эканамічны спад, які пачнецца ўжо ў гэтым годзе. Яшчэ напачатку 2015 года СБ даваў Беларусі прагноз росту ў 1,8%. Зараз, улічыўшы нашу сацыяльную мадэль, інфляцыю і зніжэнне коштаў на нафту, ён прагназуе, што ВУП сінявокай у рэальным выражэнні паменшыцца на 3,5% у 2015 годзе і на 1% у 2016 годзе.

«Улічваючы, што прадукты нафтаперапрацоўкі складаюць адну шостую частку прамысловага выпуску і больш за траціну беларускага экспарту, а цэны на нафту прагназуюцца на нізкім узроўні, гэта акажа неспрыяльнае ўздзеянне на знешнія рахункі, даходы бюджэту і, як вынік, на эканамічны рост», — гаворыцца ў аглядзе банка.

Так што пра развіццё краіны казаць не даводзіцца. Дый якое можа быць развіццё, калі з краіны збягае бізнес? І не проста бізнес, а дзяржаўныя прадпрыемствы і «флагманы беларускай эканомікі»! Не верыце?

Цікавую навіну на тыдні паведаміла "Радыё Свабода". Аб’яднанне «Гомсельмаш» заявіла аб стварэнні ў Кітаі двух новых заводаў па вытворчасці камбайнаў. «Гомсельмаш» збіраецца выпускаць камбайны сумесна з кітайскай карпарацыяй «Цзуншэн». Як паведаміў прадстаўнік прадпрыемства, Прадпрыемствы будуць адкрыты ў кітайскіх правінцыях Ганьсу і Хэбэй. Кітайская дзяржава вылучыла там па 20 гектараў — для «Гомсельмаша» і Мінскага трактарнага завода, каб вырабляць камбайны і трактары, прычым плошчы дадзеныя на ільготных умовах.

У той жа час, прадпрыемствы аб’яднання ў Гомелі ўжо больш за год працуюць у скарочаным рэжыме — чатыры і нават тры дні ў тыдзень. Рабочых рэгулярна адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. З пачатку года з «Гомсельмаша» звольнілі больш за сто чалавек, і звальненні маюць устойлівы характар. Па Гомелі ходзяць размовы пра тое, што для нармальнай працы з прадпрыемства павінны звольніць 5 000 чалавек — гэта палова працоўных «Гомсельмаша».

На МТЗ сітуацыя не лепшая. А калі яны ствараюць СП у Кітаі, значыць, у Кітаі ім працуецца лепш? Значыць, «флагманы» бягуць у Кітай? А як жа «беларуская мадэль» і «сацыяльна арыентаваная дзяржава»?

Пакуль іншыя бягуць з карабля, ёсць і добрыя навіны. На святкаванні перамогі над фашызмам крышачку падымецца беларускі легпрам. Беларусь канчаткова адмовілася ад спрэчнай «георгіеўскай стужкі» як сімвалу перамогі. Арганізацыям гандлю ўжо разаслалі лісты з указаннем прадаўцам упрыгожыць форменную вопратку чырвона-зялёнымі бутаньеркамі з выявай яблыневай кветкі, а на Дзень Перамогі чырвона-зялёныя стужачкі бясплатна раздаваць ветэранам.

Купіць стужачкі для супрацоўнікаў прадпрыемства павінна за свой кошт, як і тыя стужачкі, што бясплатна будуць раздаваць 8 і 9 мая. Выпускам новага сімвала займаецца некалькі прадпрыемстваў. Да прыкладу, магілёўская «Стужка» да 9 мая выпусціць 200 тысяч бутаньерак. Адпускная цана — 10.200 рублёў. Такім чынам, «Стужка» здолее зарабіць 2 мільярды рублёў.

Неблагая спроба падтрымаць легпрам. Трэба прыдумаць такія ж сімвалы і на іншыя святы.

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2015-04-30 15:06:25
Вялікі дзякуй за надзённы артыкул.
  • Андэрталец
  • 2015-05-03 11:02:45
"Личбы кажуць, што становишча"



Сяргей, гэта на якой мове?
  • Рэд
  • 2015-05-03 11:30:30
Дзякуй, выправілі :)

Каментаваць