Не ў той краіне, не ў той валюце

Міжволі прыгадваецца савецкая показка. Калі ў старога габрэя спыталі, што ў жыцці ён рабіў няправільна, той адказаў коратка: "Не ў той краіне, не ў той валюце".



Беларуская дэвальвацыя як магічны рытуал

Хоць і не надта верыцца ў магію лічбаў, але 19 снежня — вер ці не вер — змрочны дзень для сучаснай Беларусі. 4 гады таму жорстка разагналі Плошчу — мірную спробу тых, хто рашуча не захацеў залічваць сябе да 79,65% нібыта падтрымаўшых Лукашэнку, змяніць лёс краіны. Наступствы выбару–2010 яскрава праявіліся цяпер. Сёння — 19 снежня — "чорная пятніца" найперш для тых 79,95 працэнта жыхароў Сінявокай. Бо беларускім апазіцыянерам, фактычна пазбаўленым магчымасці працаваць на дзяржаўна-прыватных прадпрыемствах, як у свой час пралетарыяту, губляць асабліва няма чаго.

І як тут не верыць у прыкметы ды пазбавіцца магічнай свядомасці... Дзень распачаўся знамянальна: Пётр Пракаповіч зноў выступіў з заявай, што дэвальвацыі не будзе. Агенцтва навінаў БелаПАН паведаміла раніцай пра тое, што намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч заяўляе: дэвальваваць беларускі рубель не плануецца, і прапаноўвае не стаяць у чэргах у абменныя пункты па валюту...  "Пытанне аб дэвальвацыі — не да мяне. Але калі вы мне верыце, то — не будзе", — заявіў Пракаповіч журналістам 19 снежня ў Мінску. Паводле яго слоў, курс рубля будзе такім, які запланаваны ў асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Таксама Пракаповіч параіў не стаяць у чэргах у абменныя пункты па валюту. А адсутнасць валюты ў некаторых з іх выклікана, быццам, выключна тэхнічнымі пытаннямі, звязанымі з вялікім попытам у насельніцтва.

17 сакавіка 2011-га, напярэдадні дэвальвацыі, Пракаповіч ужо абяцаў: "Пакуль я з'яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай аднамомантнай дэвальвацыі ніколі не будзе". А з 22 сакавіка 2011-га Нацбанк спыніў продаж банкам валюты для рэалізацыі ў абменных пунктах.

Зараз усё адбывалася значна хутчэй.

У 12:14 раніцы БЕЛТА працытавала прагноз Пракаповіча па інфляцыі: "Мы выходзім на ўзровень інфляцыі, які быў у мінулым годзе, — сёння ў нас 16–16,5%. Таму не маецца ніякіх падстаў не верыць, што 12% будзе (у 2015 годзе. — Заўвага. БЕЛТА)", — сказаў ён. Пры гэтым Пракаповіч не выключае магчымасць дасягнення больш нізкага ўзроўню інфляцыі. "Думаю, што будзе нават менш", — сказаў Пракаповіч.

А ўжо ў 12:30 БЕЛТА апублікавала навіну пра "недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на фінансавым рынку".

Гэта пачынае нагадваць магічны рытуал, дзе ўсё даўно распланавана, а героі папросту выконваюць загадзя прадвызначаныя ролі. Міфалагічная свядомасць замяняе прычынныя сувязі прэцэдэнтам (выпадак, які стаўся ўзорам). Спачатку заявы Лукашэнкі і Пракаповіча — і адразу чэргі па валюту. Ужо месяц цягнецца і "ажыятажны попыт" на машыны з-за мяжы, хоць цяпер усе шукалі сабе аўто ў Расіі.

Нядаўнія заявы Лукашэнкі, што ўсё будзе добра, моцна напружылі ўжо неаднаразова пужаны народ, прымусілі задумацца, што краіна напярэдадні "грандыёзнага шухеру", ды пацягнуцца ў абменнікі. Далей, паводле традыцый беларускай дэвальвацыі, здарыліся хапун у крамах і адраджэнне сайту prokopovi.ch.

Але тое, на што 2011-м сышлі месяцы, адбылося за палову дня. Калі верыць Вікіпедыі, сайт prokopovi.ch паўстаў у красавіку 2011-га, амаль праз месяц пасля абяцання Пракаповіча не рабіць дэвальвацыю.

15 красавіка 2011-га Нацбанк прыпыніў рэалізацыю зліткаў каштоўных металаў насельніцтву за беларускія рублі. Зараз ужо 18 снежня залатыя зліткі не прадаваліся, бо адбывалася іх пераацэнка — стандартная працэдура, што здараецца некалікі разоў на год, як запэўнілі ў Нацбанку.

Варта прыгадаць, што 10 мая 2011 года да 83 пазіцый быў звужаны пералік найменняў і відаў медыкаментаў, для імпарту якіх валюта адпускаецца ў льготным рэжыме. Варта чакаць, што хутка знікнуць замежныя лекі, набыць многія з якіх зараз на год наперад не атрымаецца, бо без рэцэптаў іх не прадаюць. А гэта значна горш за моцна падаражэлыя тэлевізары ці знікненне вопраткі звыклых замежных брэндаў.

Ажыятажны хапун усяго здарыўся ў пачатку мая 2011 года, і толькі пад канец месяца выраслі цэны.

Цяпер тэмпы жыцця і сапраўды паскорыліся. 27 мая 2011 года Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць рост коштаў, а таксама ўсклаў віну за крызіс спажывецкіх тавараў на жыхароў Беларусі і замежныя СМІ. Чакаем заявы з пайменным называннем вінаватых...

Грандыёзныя закупы: "чорная пятніца" па-беларуску

Гэтым разам уратаваць зберажэнні праз перавод у валюту часу ў "народца" было мала. Не спрацавалі і ранейшыя схемы, напрыклад, зняць долары праз банкаматы ці набыць што-нішто ў растэрміноўку — у Нацбанку, як і казаў Пракаповіч, сапраўды зрабілі высновы з мінулых дэвальвацый.

Зараз нават не здолелі спакойна адсвяткаваць Новы год, як у 2009-м, калі рубель 2 студзеня дэвальвавалі на смешныя зараз (пасля падзення рубля амаль на 300% за 2011 год) 20%. Як і ў 2009-м, крызіс прыйшоў на Каляды, але гэтым разам азмрочыў не толькі праваслаўнае Раство, што святкуе РПЦ 7 студзеня, ды Стары Новы год, але і Свята Божага Нараджэння, якое ва ўсім свеце адзначаюць 25 снежня, і непасрэдна Новы год.

А Лукашэнка ж патрабаваў даць народу адсвяткаваць спакойна і цэны не ўздымаць — да 15 студзеня. Якое тут свята і які спакой! Увесь дзень людзі бегалі па крамах і спрабавалі хоць нешта набыць. Зрэшты, як заўважыў нейкі аптыміст інтэрнэт-каментатар, затое на гэты Новы год ва ўсіх будуць добрыя дарагія падарункі, а не шампунь і шкарпэткі.

 Многія інтэрнэт-крамы адрэагавалі на меры па "недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый" амаль адразу. Толькі сёння можна сустрэць тэлефон Apple iPhone 5s (16GB), за які хочуць хто 6 213 000, а хто 31 820 100 рублёў, або планшэт Prestigio MultiPad 4, што каштуе 1 980 000 – 10 848 000 рублёў. Тут хоць і не вельмі трэба, але міжволі падумаеш, ці не ўхапіць... Вось яна — жорсткая "чорная пятніца" па-беларуску.

Між тым, пагрозы на адрас тых гандляроў, хто да 15 студзеня ўздыме цэны, нікуды не зніклі. Караць іх першы замміністра гандлю Артур Карповіч абяцаў "аж да закрыцця" (хоць пасля ў Мінгандлі ўдкаладнілі, што рашэнне мае нібы рэкамендацыйны характар). Штрафы і канфіскацыя тавару ў даход дзяржавы — у нас рэч звыклая. А даказаць "абгрунтаванасць" росту цэнаў, калі афіцыйны курс долара змяніўся нязначна, прадпрымальнікі наўрад ці здолеюць. Таму варта чакаць папаўнення асартыменту крамаў сеткі "Канфіскат", што сціпла завецца "Ваш выбар". У гадавіну Плошчы назва гучыць асабліва сімвалічна.

Каментаваць