Беларусь з'язджае на заробкі

Беларусь перасягнула тую рысу, калі ад’езд нашых грамадзянаў за мяжу на працу стаў пагрозай нацыянальнай бяспецы. Па незалежных падліках, за мяжой працуе каля паўтара мільёна беларусаў. Сітуацыя на беларускім працоўным рынку абвастраецца яшчэ і якасным складам тых, хто з'язджае.



Згодна з афіцыйнай статыстыкай, шмат народу проста знікае з беларускай эканамічнай прасторы. Калі так працягнецца і надалей, проста не будзе каму плаціць падаткі ў дзяржаўны бюджэт.


Паводле звестак Белстата, насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2013 года склала 9 млн. 463,3 тыс. чалавек. Аднак, разам з тым, Белстат падаў лічбы і па агульнай занятасці насельніцтва. Па гэтых лічбах, у эканоміцы Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе было занята 4 млн. 571,1 тыс. чалавек, што на 1,8% менш, чым у 2011 годзе. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на канец снежня 2012 года склала 24,9 тыс. чалавек, што на 11,5% менш, чым на канец снежня 2011 г., і на 4,1% менш, чым на канец лістапада 2012 г.


У выніку простага арыфметычнага дзеяння вымалёўваецца катастрафічнае становішча. Калі адняць ад колькасці насельніцтва колькасць тых, хто працаваў у 2012 годзе, то атрымаецца 4 млн. 892,2 тыс. чалавек. То бок, непрацуючых у нас, уключаючы дзяцей, інвалідаў і пенсіянераў, на 320 тысяч больш за колькасць людзей, якія працуюць.


Адсюль і вынікае праблема. На аднаго працоўнага чалавека, які плаціць падаткі, прыходзіцца больш за аднаго «ўтрыманца». А калі адняць ад лічбы працуючых тых жа «бюджэтнікаў» і скіраваць іх ва «ўтрыманцы», то малюнак атрымаецца зусім бязрадасны. Здаецца, нашай эканоміцы ў бліжэйшым часе ўвогуле павінен надысці поўны швах.


Насамрэч лічбы не такія, якія падае Белстат. Як пісаў філосаф Валянцін Акудовіч, цяжка ўявіць беларуса, які не п’е і не працуе. Зразумела, людзі працуюць. Але — не ў нашай дзяржаве.
Па незалежных падліках, за мяжой працуе каля паўтара мільёна беларусаў. Мы з Расіяй знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы, ды яшчэ і ў Саюзнай дзяржаве, таму ўладкавацца туды на працу — не вялікая праблема. Пры гэтым нават самыя лепшыя беларускія заробкі супастаўляльныя, калі не меншыя, з заробкамі ў Расіі. Вось і імкнуцца людзі туды, дзе больш плацяць. Акрамя таго ёсць яшчэ адзін немалаважны фактар — грамадзяне, якія едуць на працу ў Расію, не маюць моўнага бар’еру. Таму, зразумела, на Захад едуць значна менш.


Дарэчы, сітуацыя на беларускім працоўным рынку абвастраецца не толькі колькасцю, але і якасным складам тых, хто едзе ў Расію. Туды, па меркаванні шмат якіх экспертаў, едуць, па-першае, высокакваліфікаваныя, па-другое, маладыя, і па-трэцяе, «дэфіцытныя» прафесіяналы. Такіх не хапае і ў Беларусі, а навучаць моладзь прафесіі здольныя толькі яны. Такім чынам, у Беларусі застаюцца альбо навічкі ў прафесіі, якім трэба набірацца досведу працы і засвойваць сакрэты майстэрства, альбо нізкакваліфікаваныя супрацоўнікі.


Утрымаць людзей ад ад‘езду «на заробкі» можна. Як казалі ў старой рэкламе, «карміць трэба, тады не паляцяць». Зараз шмат гавораць пра ўніфікацыю розных ставак і акцызаў у межах Адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Але пачынаць трэба было не з акцызаў і пошлін — пачынаць трэба было з уніфікацыі заробкаў. Каб была ўніфікацыя заробкаў, не скардзіліся б мы на тое, што з-за Мытнага саюза павялічваюцца кошты ў крамах.
А яшчэ трэба па-чалавечы ставіцца да сваіх кадраў.


Як расказваў мне адзін знаёмы, на будоўлі сумнавядомай Беларускай АЭС, беларускія працоўныя зараблялі 6–7 мільёнаў беларускіх рублёў, сярэдні заробак для будаўнічай галіны па краіне. У беларускіх спецыялістаў вышэйшага ўзроўню заробак даходзіў і да 9 мільёнаў. Але ж расійскія будаўнікі, якія прыязджалі будаваць АЭС, па словах суразмоўцы, «анічога не ўмеючы рабіць, акрамя як швэндацца п’янымі і раздаваць указанні», атрымлівалі да 40 мільёнаў рублёў!


І сапраўды, калі нашы працоўныя не проста едуць, а іх прымаюць у Расіі, то няўжо ў нашых спецыялістаў кваліфікацыя ніжэйшая, чым у Расіі? Калі расійскім небаракам дзяржава плаціць па 40 мільёнаў рублёў, значыць, ёсць у дзяржавы грошы на такія заробкі. Дык чаму б замест аднаго расійца не наняць двух беларусаў з годным заробкам?


Праца за мяжой мае і свае хібы. Нядаўна з Дагестана вызвалілі чатырох нашых суайчыннікаў, якія на працягу сямі месяцаў працавалі на цагельні сяла Краснаармейск, паблізу ад Махачкалы. Працавалі па 12 гадзін у суткі, «за ежу». Фізічнаму гвалту, прычым, палонныя не падвяргаліся. На іх ціснулі псіхалагічна — аповедамі аб бясчынствах баевікоў. Вызваленне стала магчымым пасля ўмяшання супрацоўнікаў МУС Расіі і валанцёраў моладзевага руху «Альтэрнатыва».


Многія нашы суайчыннікі, якія выязджаюць на заробкі ў Расію, шукаюць працу самастойна, не заключаюць кантракты, уладкоўваюцца неафіцыйна, працуюць па вусных дамоўленасцях. У такіх выпадках вялікая верагоднасць, што чалавека проста «кінуць». І нічым яму нельга дапамагчы, бо ў людзей няма дакументаў, якія пацвярджаюць, што яны працавалі. Многія ўладкоўваюцца на працу ў Расію праз аб’явы ў інтэрнэце, а ў гэтых аб’явах шмат чаго «ліпавага». І здараецца часцяком, што чалавека запрашалі на працу ў Маскву, а з Масквы яго адправілі ў Мурманск — на Поўнач, але за тыя ж грошы.


Таму, калі дзяржава сапраўды жадае ўтрымаць працоўных тут, у Беларусі, ёй трэба вельмі шчыльна клапаціцца пра сваіх людзей. Гэта не значыць — перакрыць мяжу, гэта значыць стымуляваць іх заставацца тут: сацыяльнымі гарантыямі, вышэйшымі заробкамі, чалавечым стаўленнем да працоўнага. Бо будзе задаволены чалавек — будзе задаволеная і дзяржава. А пакуль гэтага не будзе, нашы працоўныя будуць збягаць туды, дзе ім больш заплацяць.

Каментаваць