Нераўнамернасць размеркавання наступстваў

Апошнім часам у беларускім дзяржкіраванні прасочваюцца спробы ўліку інтарэсаў пэўных груп у прыняцці рашэнняў — свайго роду змякчальная карэкціроўка аўтарытарнага стылю кіравання (у тэрміналогіі Дугласа Макгрэгара). 



news.tut.by


Агульны сэнс і накіраванасць карэкціроўкі зразумелая: негалосна прызнаецца, што існуюць лабісцкія групы са спецыфічнымі інтарэсамі, якія не тоесныя інтарэсам іншых груп. Такім чынам, адбываецца паступовая адмова ад ўяўлення аб гамагенным “народзе”, аднастайнай масе электарату і насельніцтва. Іншымі словамі, лабізм — невялікі крок у напрамку цывілізацыі, хоць у нашым кантэксце гэты крок пакуль крывенькі, як відаць на прыкладзе “парадкавання” дзейнасці ІП.

Зразумела, што не ўладальнікі буйных гандлёвых сетак з'яўляюцца аўтарамі нашумелага ўказа № 222 аб сертыфікацыі прадукцыі, але сваё адабрэнне і зацікаўленасць яны ў той ці іншай форме выказалі. Менавіта гэта адабрэнне дазваляе чыноўнікам Міністэрства гандлю сцвярджаць, што ніякага дэфіцыту на таварных рынках не ўзнікне. Магчыма, сапраўды, у маштабах краіны дэфіцыту не ўзнікне, але забеспячэнне таварных рынкаў спажывецкімі таварамі будзе гэтак жа нераўнамерным, як нераўнамернае распаўсюджванне гандлёвых сетак. Іншымі словамі, у невялікіх населеных пунктах (дзе асноўнымі гульцамі з'яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, і дзе супермаркеты ўзводзіць ніхто не стане) ізноў — як у старыя і не вельмі добрыя савецкія часы — паўстане таварны дэфіцыт. Зноў жа: прадуктовыя гандлёвыя сеткі, што з’явіліся ў раенах, істотна адрозніваюцца ад сваіх сталічных прататыпаў і ў прынцыпе не ў стане ліквідаваць дэфіцыт па шырокай таварнай групе.

Другі аспект той жа праблемы: калі Мінск і Віцебск адносна лёгка могуць занядбаць падатковымі адлічэннямі ІП, то для бюджэтаў Жабінкі, Лельчыц і, скажам, Іванова — гэта істотная страта. І гэта ў прынцыпе датычыцца ўсіх населеных пунктаў з невялікай колькасцю вытворчасцяў, а па меры спусташэння беларускіх вытворчасцяў гэта будзе тычыцца ўсё большай колькасці населеных пунктаў.

Трэці аспект — коштавы. Павышэнне коштаў на спажывецкія тавары — чаканае следства прымянення ўказа № 222, паколькі сертыфікаваныя тавары будуць каштаваць у сярэднім даражэй несертыфікаваных. Дэфіцыт пэўных тавараў у невялікіх населеных пунктах — дадатковы каталізатар росту коштаў.

Нарэшце, многія прадпрымальнікі страцяць працу. Для малых гарадоў гэта будзе адчувальным ударам, чым для вялікіх, паколькі ў першым выпадку гаворка ідзе пра вельмі абмежаваную колькасць альтэрнатыў. Ускосна пацерпяць усе, паколькі жыхары малых гарадоў рушаць у вялікія не толькі за таварамі, але і за працоўнымі месцамі, узмацніўшы такім чынам ціск на рынку працы. Пры гэтым цалкам відавочна, што значная частка ІП не знойдзе працу і не толькі спыніць плаціць падаткі, але і цалкам законна стане прэтэндаваць на дапамогу па беспрацоўі.

Ясна, што ўсе пералічаныя наступствы не ўзважвалі. Ясна і тое, што нават калі і неабходна “ацывілізаваць” гандаль, то правілы для вялікіх і малых гарадоў павінны быць рознымі. Што мясцовыя органы ўлады, як і самі прадпрымальнікі, павінны мець голас пры прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы. Краіна не аднастайная. Усведамленне гэтага магло б дапамагчы ў прыняцці рашэнняў рознага тыпу: перш, чым зрабіць глупства, яго варта было б абмеркаваць з зацікаўленымі групамі.

Паводле: Наше мнение

Каментаваць