Нешта не так

На здымках эпічнага блокбастэра «Авель» лозунг «Жыве Беларусь» змянілі на «Нешта не так!». З тых часоў «Нешта не так!» — знакаміты інтэрнэт-мем. Зараз яго на ўзбраенне ўзялі чыноўнікі.



Усё ў нас добра, але нешта не так, заявіў на пасяджэнні Саўміну прэм’ер Андрэй Кабякоў. Па ягоных словах, краіна ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны разлічваецца па валютных даўгах без шкоды для міжнародных рэзервовых актываў. На пагашэнне асноўнага доўгу накіроўваецца прафіцыт рэспубліканскага бюджэту, які па выніках 9 месяцаў склаў Br16,4 трыльёна, або 2,6% ВУП. Валютны рынак стабільны, чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання з пачатку года — амаль $350 мільёнаў. Па сальда гандлю таварамі і паслугамі маем лепшы вынік за апошнія 15 гадоў — за 9 месяцаў $1,2 мільярда. Палепшыўся плацёжны баланс, зафіксавана станоўчае сальда гандлю таварамі і паслугамі. Інфляцыя ў рамках прагнозу — 10,1%, такога не было з 2011 года.

Але нешта ўсё роўна не так. Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў той жа час адзначыў: асноўныя макраэканамічныя паказчыкі не выконваюцца. Дрэнна спрацавалі прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва. ВУП Беларусі ніжэй мінулага года на 3,9% за 10 месяцаў. Аб’ёмы прамысловай вытворчасці апошнія тры месяцы стаяць на ўзроўні 92,9%.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што краіна ўвайшла ў стадыю «глыбокай замарозкі». Продаж валюты азначае, што насельніцтва выцягвае з кубышак апошнія долары, каб толькі пражыць. А прафіцыт рэспубліканскага бюджэту не ў малой ступені дасягнуты за кошт дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Што тычыцца «лепшага сальда за 15 гадоў», — зразумела, што яно дасягнутае за кошт пераліку ў бюджэт расійскай экспартнай мыты на нафту. За 9 месяцаў $1,2 мільярда — гэта тыя, пра якія мы дамовіліся з Масквой ужо даўно. Так што ніякага цуду тут няма — мы па-ранейшаму сядзім на «нафтагазавай ігле».

З гэтым трэба нешта рабіць. Саўмін, як заўсёды, разлічвае на дырэктыўнае кіраванне. «Ад Савета Міністраў патрабуецца прыняцце аператыўных і сістэмных мер, каб пашырыць вузкія месцы ў эканамічным развіцці, не парушаючы збалансаванасці эканомікі», — рэзюмаваў Кабякоў.

У той жа час рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Рэспублікі Беларусь у студзені-верасні 2015 года знізіліся на 5,4% паведамляе Белстат. Што будзе тады, калі ў насельніцтва канчаткова скончацца грошы — невядома. У 2016-м годзе нам трэба аддаць па знешніх даўгах $3,5 мільярда. Дзе іх узяць, калі ВУП амаль на 4% «у мінусе»?

Перамовы з МВФ аб выдзяленні крэдыту ў $3 мільярда прыйшлі да завяршальнай стадыі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго «ні адзін пункт, які прапануецца, не выклікае ніякага адарвання, ніякай алергіі». На ягоную думку, гэтыя прапановы заснаваныя на абсалютна аб’ектыўных законах эканомікі, жыцця. «Формула адна: атрымліваеш паслугу — плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Ці то электрычнасць, цяпло, транспартнае абслугоўванне і гэтак далей. Пытанне толькі ў адным — у тэрмінах», — агучыў сваё пярэчанне беларускі кіраўнік.

Але і тут «нешта не так». У той жа час Лукашэнка паведаміў фонду, што не мае намеру «ламаць тую схему сацыяльнай дзяржавы, якая намі выпрацавана. Сэнс у тым, што мы не можам кінуць ніводнага дзіцяці, ніводнага старога, інваліда без дапамогі нашага грамадства, дзяржавы», — заявіў Лукашэнка.

Якім чынам «дапамога дзяржавы» можа сумяшчацца з «аплатай паслуг у поўным аб’ёме»? Гэта значыць, нас усё ж такі, у дадатак, чакае рэформа сістэмы сацыяльнага забеспячэння? Пра яе кажуць ужо багата часу. Але па сутнасці яна як была савецкай, так і засталася.

Ці пацягнем мы адразу дзве рэформы: тыя «сістэмныя», якія патрабуе МВФ, і сацыяльныя, якія, пэўна, мае на ўвазе Аляксандр Рыгоравіч? А можа, ён вырашыў, што рэформа сацзабеспячэння ўжо праведзеная?

Зноў «нешта не так».

Некаторыя эксперты (у прыватнасці, эканамісты Сяргей Чалы і Леў Марголін) сцвярджаюць, што ніякіх структурных рэформаў у нас не будзе. Проста патрабаваннямі МВФ кіраўнік краіны маскіруе плануемае падвышэнне коштаў на паслугі ЖКГ, электраэнергію, газ і ваду для насельніцтва. А таксама меркаванае падаражанне грамадскага транспарту.

Ці будуць грошы ў насельніцтва аплачваць гэтыя паслугі, часцяком не самай лепшай якасці? Перспектывы тут даволі невясёлыя. Той жа міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі падчас правядзення сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, што адбыўся ў Мінску, паведаміў, што ўлады на працягу бліжэйшых пяці гадоў маюць намер правесці вялікія скарачэнні на гігантах айчыннай вытворчасці.

Такія прадпрыемствы, як «МАЗ», «МТЗ», «Беларускі металургічны завод» і шэраг іншых машынабудаўнічых заводаў і фабрык чакае пераход ад «палітыкі захавання працоўных месцаў да палітыкі максімалізацыі аддачы кожнага працоўнага месца», — цытуе міністра «Радыё Рацыя».

Па ягоных словах, прадугледжваецца ўдасканаленне сістэмы кіравання эканомікай, укараненне новых падыходаў да мадэрнізацыі эканомікі, атрыманне дзяржпадтрымкі на выключна конкурснай аснове, фарміраванне паўнацэннага фінансавага рынку.

І зноў тут «нешта не так». Таму што ў Мінску — амаль 25% стратных прадпрыемстваў, якія выжываюць толькі дзякуючы дзяржпадтрымцы. А ўвогуле па краіне, як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, больш за 20% айчынных прадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі. Датацыі і льготныя крэдыты атрымліваюць больш паловы прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара эканомікі. Калі скараціць ім датацыі — не толькі МАЗ, МТЗ і БМЗ чакаюць скарачэнні. А беспрацоўе вырасце на чвэрць як мінімум.

І ўся гэтая чвэрць павінна будзе яшчэ і сплаціць падатак на дармаедства.

Але выратуе нас, як заўсёды, Расія. Мы ўжо пісалі, што Рассельгаснагляд правёў праверкі, паводле якіх 100% расійскага малака піць нельга — не адпавядае санітарным нормам. А зараз гэтае ж ведамства высветліла, што і стваралі гэтае малако невядома хто: у выніку праверкі вытворчасці і абароту малочнай прадукцыі выявіў 24 прадпрыемствы, якія былі паказаны на ўпакоўках тавараў як вытворцы, але адсутнічалі па заяўленых адрасах.

Так што — усе на фермы, да кароваў! А малако — расіянам. І будзе нам шчасце.

Каментаваць