Інтэграцыя з дэградацыяй

Нават звычныя да самапахвальбы беларускія кіраўнікі не спяшаюцца святкаваць перамогі, якія краіна атрымлівае ў сферы знешняга гандлю. Насамрэч, памеры таваразвароту, экспарту і імпарту значна павысіліся. Але адначасова павялічыўся знешнегандлёвы дэфіцыт: калі за 7 месяцаў мінулага года адмоўнае сальда ў гандлі таварамі склала 4,2 мільярда долараў, то за 7 месяцаў бягучага года — 4,3 мільярда.



Нават звычныя да самапахвальбы беларускія кіраўнікі не спяшаюцца святкаваць перамогі, якія краіна атрымлівае ў сферы знешняга гандлю. Насамрэч, памеры таваразвароту, экспарту і імпарту значна павысіліся. Але адначасова павялічыўся знешнегандлёвы дэфіцыт: калі за 7 месяцаў мінулага года адмоўнае сальда ў гандлі таварамі склала 4,2 мільярда долараў, то за 7 месяцаў бягучага года — 4,3 мільярда.

І гэта нягледзячы на значнае павялічэнне экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі, інвестыцыйных тавараў і прадуктаў харчавання. Небывалая дэвальвацыя рубля дзеля таго і рабілася, каб звузіць унутраны попыт на беларускія тавары. У выніку насельніцтва збяднела, а дзеля пастаўленай мэты з краіны вывезлі столькі мяса і малака, што гэтых твараў не хапіла нават на задавальненне яго нязначных патрэб.

У гэтай сувязі ўспамінаецца колішні румынскі дыктатар Чаўшэску, які даводзіў румынам, што спачатку трэба разлічыцца па знешніх пазыках, а ўжо потым можна будзе папіць удосталь румынскага віна. А пакуль экспарт перад усім. Як вядома, румынам крышку не хапіла цярпення, і яны брутальным спосабам скінулі свайго айца-правадыра.

Зразумела, параўнанні ў такой справе — рэч не вельмі ўдзячная, але ж адзначым, што ў нашы дні асобныя палітыкі робяць спробу аднавіць сітуацыю, якая існавала да 1991 года. Маем на ўвазе так званы Савет эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ), створаны ў 1949 годзе. Штаб-кватэра арганізацыі па сацыялістычнай інтэграцыі, якія была задумана як альтэрнатыва Еўрапейскай эканамічнай супольнасці («агульнаму рынку»), месцілася, зразумела, у Маскве. У розныя часы ў склад СЭУ ўваходзілі СССР, ПНР, ЧССР, ГДР, СРР, НРБ, МНР, НСРА (Народная сацыялістычная рэспубліка Албанія), Рэспубліка Куба, СРВ і СФРЮ ў якасці асацыяванага сябра.

У якасці назіральнікаў былі запрошаны Народная Рэспубліка Ангола, Народная Дэмакратычная Рэспубліка Йемен, Рэспубліка Нікарагуа, Лаоская Народна-дэмакратычная Рэспубліка, Народная Рэспубліка Мазамбік.

Як бачым, кампанія падабралася спрэс дэмакратычная, зразумела, народная і еўраафраазійская. Мэта дагнаць і перагнаць імперыялістаў шляхам калектыўнага выкарыстання перавагаў сацыялістычнай эканомікі над рынкавай. Шляхам сацыялістычнай інтэграцыі. На самай справе атрымалася нешта кшталту сацыял-эканамічнага, добраахвотнага гета, сяброўства ў якім стала гарантыяй кансервацыі тэхнічнага і тэхналагічнага адставання ад сусветных лідараў. У СЭУ СССР адводзілася роля донара інтэграцыі, астатнія выступалі спажыўцамі яго рэсурсаў. Толькі пастаўкі на льготных умовах нафты ў рамках СЭУ абышліся Савецкаму Саюзу ў 50 мільярдаў долараў у коштах 1970 года. А для сваіх патрэб краіна Саветаў змушана была пазычаць усюды, дзе можна.

Самае дзіўнае, што пасля фармальнай ліквідацыі гэтай унікальнай формы калектыўнага міжнароднага гаспадарання, СССР завінаваціў сваім ненажэрным хаўруснікам 15 мільярдаў інвалютных рублёў. І мусіў сплачваць.

Другім магутным цэнтрам сацыялістычнай інтэграцыі пад прыглядам «крамлёўскіх летуценнікаў» быў Варшаўскі дагавор, міралюбівая ваенная арганізацыя, у якую ўваходзілі амаль што ўсе сябры СЭУ.

У выніку Савецкую Армію давялося ратаваць ад голаду заходняй гуманітарнай дапамогай, а ці не ўсе былыя «браты па класу і па зброі» ў поўным складзе ўступілі ў NATO.

Добра, што ў савецкага народа хапіла пачуцця гумару. Маглі б разадраць на кавалкі сваіх кіраўнікоў, былых сацыялістычных інтэгратараў, якія пусцілі па ветру на мільярды долараў эканамічных даброт, што ствараліся дзесяцігоддзямі. А было за што і судзіць, і караць.

Якое дачыненне ўсё гэта мае да сучаснай Беларусі? Самае непасрэднае. Яна ці не адзіная засталася ў цесным хаўрусе з Расіяй, чым пагадзілася на кансервацыю сваёй тэхніка-тэхналагічнай і сацыяльна-эканамічнай адсталасці. Нават амаль усю сваю прамысловую прадукцыю Беларусь прадае ў Расію. Уяўляецца, не таму, што адчувае інтэрграцыйную еднасць, а таму, што больш ніхто не хоча яе купляць. А ў Расіі тое ж самае — ніхто, прыкладам, не хоча купляць расійскія легкавікі. Нават самі расіяне, нават беларусы, якіх змушаюць ратаваць расійскі аўтапрам вялікімі мытамі на іншамаркі. Яны будуць спажываць наша недапечанае, а мы іхняе недаваранае? Каму гэта патрэбна? Час, калі трэба было неяк прыстасоўвацца і лагодзіць адзін аднаму, даўно скончыўся. І Расіі, і Беларусі, і Казахстану даўно час адкрываць для сябе ўвесь свет, не абмяжоўваючыся рамкамі няўдалага, разбуральнага сацыяльна-эканамічнага эксперыменту.

Аб’ядноўвацца толькі дзеля таго, каб апаніраваць Еўрасаюзу ды іншым больш паспяховым і прадказальным супольнасцям, зусім не варта. Прыкладам, калі адкінуць Расію, Украіну, у некаторай ступені Казахстан, то астатнія краіны СНД для Беларусі, можна сказаць, не існуюць у эканамічным плане. На іх прыпадае меней за 10% беларускага экспарту. А імпарту яшчэ меней. Увогуле, можна пагадзіцца з Леніным, які лічыў, што перад тым, як аб’яднацца, карысна на нейкі час раз’яднацца. Каб паглядзець, хто і чаго варты.

Нейкія стасункі можна ладзіць з тымі краінамі, ад якіх можна атрымаць эканамічныя выгоды сёння і ў будучым. Прычым выгоды стратэгічнага кшталту ў выглядзе стварэння вытворчасцяў і прадпрыемстваў, у першую чаргу коштам прамых інвестыцый адказных капіталістаў, прадукцыя якіх будзе з цягам часу канкурэнтаздольнай не толькі на 1/6 частцы свету, населенай беднымі жыхарамі, не толькі ў Венесуэле ці іншых дастаткова экзатычных дзяржаўных утварэннях, а паўсюль, куды дападзе энергічны беларускі негацыянт.

Кажуць, што ніхто нас не чакае ў Еўропе, а Расія цягнецца з адкрытымі абдымкамі. Можа, яно і так, але патрабуюцца ўдакладненні. Каб трапіць у Еўропу, дастаткова ствараць у сябе еўрапейскія ўмовы, адпаведныя стандарты — і Еўропа з вялікім задавальненнем сама завітае да нас. Бо мы — краіна пакуль што еўрапейская, а не якая там еўразійская. Мільёны беларусаў, хто па сваёй волі, а хто і пад прымусам, удзельнічалі ў адбудове Расіі. Пераважна на яе малапрыдатных для камфортнага пражывання акраінах. Пуцін мусіць памятае пра гэта. І калі абяцае стварэнне для ўсіх адзінай эканамічнай прасторы, не забывае падкрэсліць, што для насельнікаў адзінай эканамічнай прасторы адмена міграцыйных, памежных і іншых бар’ераў, так званых «працоўных квот», зробіць магчымым выбіраць месца, дзе жыць без усякіх абмежаванняў, атрымоўваць адукацыю, працаваць. А не так, як у СССР — з яго інстытутам прапіскі, — дзе такой свабоды не было.

Хоць, мусіць, нейкая свабода ўсё ж была, бо не ўсіх дастаўлялі на месца працы ў таварных вагонах. Але ж у Расіі, як і ў Беларусі, замест прапіскі з’явілася рэгістрацыя. З адпаведнымі абмежаваннямі. Што казаць, Пуціна, мусіць, не прапісалі б у Маскве, калі б яго не запрасіла на працу ў Крэмль Таня Дзьячэнка. А каб Юры Лужкоў ведаў, што з гэтага атрымаецца, то, мусіць, не дапамагло б і хадайніцтва дачкі Ельцына.

А куды прапішуць шараговага беларуса, калі ён падасца ў гастарбайтэры, і гадаць не трэба.

Што прынцыпова, дык гэта ўнураныя праблемы нерэфармаванай эканомікі, якая не можа працаваць эфектыўна нават на таннай сыравіне, не кажучы пра дарагую.

Вось гэта праблема патрабуе тэрміновага вырашэння. Усё астатняе можна вырашаць у парадку паступлення.

Каментаваць