Піўны бунт ІП

Канферэнцыя прадпрымальнікаў “Усебеларускі саміт прадпрымальнікаў “За права прадпрымаць! прайшла пад знакам піва. ІП выступаюць за вяртанне дазволу на гандаль пенным напоем праз шапікі і гандлёвыя павільёны. Нагадаем, у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях рашэннем аблвыканкамаў быў забаронены продаж піва ў шапіках і гандлёвых павільёнах.

“Перспектыва



Канферэнцыя прадпрымальнікаў “Усебеларускі саміт прадпрымальнікаў “За права прадпрымаць! прайшла пад знакам піва. ІП выступаюць за вяртанне дазволу на гандаль пенным напоем праз шапікі і гандлёвыя павільёны. Нагадаем, у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях рашэннем аблвыканкамаў быў забаронены продаж піва ў шапіках і гандлёвых павільёнах.

“Перспектыва


Канферэнцыя з удзелам прыкладна двухсот прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, на якой мусілі абмяркоўвацца многія праблемы ІП, збольшага звялася да абмеркавання сітуацыі з забаронай гандляваць півам праз шапікі ды дробныя павільёны. Паводле ацэнак некаторых прадпрымальнікаў, забарона ўраду вылілася для іх у істотнае скарачэнне выручкі. Так, прадстаўнікі гомельскіх ІП заявілі, што ад пачатку года прыблізна 40 працэнтаў уладальнікаў дробных шапікаў былі вымушаныя згарнуць сваю дзейнасць. Забарону на рэалізацыю піва ў шапіках індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць “спланаванай акцыяй па знішчэнні дробнарознічнага гандлю. “Мясцовыя ўлады спасылаюцца на тое, што продаж піва ў шапіках вядзе да алкагалізацыі насельніцтва. Гэта абвінавачванне тэндэнцыйнае і прадузятае. Нас проста знішчаюць, пазбаўляюцца ад канкурэнтаў вялікага бізнесу з дапамогай чыноўнікаў, — лічыць кіраўнік РГА “Перспектыва Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка


Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва прапаноўвае Аляксандру Лукашэнку правесці ў бліжэйшы час першы агульнанацыянальны з’езд прадпрымальнікаў для абмеркавання праблемаў малога бізнесу. Шумчанка лічыць, што з’езд неабходны, каб кіраўнік дзяржавы змог пагаварыць з прадпрымальнікамі без пасярэднікаў. Шумчанка выступае за цывілізаванае вырашэнне пытанняў і пошук кампрамісу з уладамі. Адна з удзельніц канферэнцыі не выключае, што магчымы выхад прадпрымальнікаў на вуліцу з акцыямі пратэсту, але спадзяецца на вырашэнне праблем мірным шляхам. “Я думаю, што магчымая акцыя на вуліцах. Яны маладыя, мусяць жыць, круціцца, працаваць. Таму, я лічу, калі не вырашыцца пытанне, гэта будзе кепска для нас. Сёння цяжка з працай. Знайсці працоўнае месца чалавеку пісьменнаму, з дзвюма вышэйшымі адукацыямі цяжка. Але ж спадзяюся, што да вуліцы не дойдзе, — лічыць прадпрымальніца з Віцебска.

У шэрагу праблем, з якімі цяпер сутыкаюцца ІП, не толькі забарона на продаж піва, але і абмежаванні па найму работнікаў, праверкі, штрафныя санкцыі і канфіскацыя тавараў.

Невыгоднае рашэнне

Рэалізацыя піва і спадарожных тавараў разам складалі да 70 працэнтаў ад выручкі аб’ектаў дробнай розніцы. Летась праз сетку дробнарознічнага гандлю было прададзена каля 35 працэнтаў агульнага аб’ёму рэалізацыі піва. “Забарона прывядзе да поўнага краху дробнай розніцы, дрэнна паўплывае на выкананне прагнозных паказчыкаў, прывядзе да росту беспрацоўя і да памяншэння падатковых паступленняў у бюджэт, — лічыць кіраўнік РГА “Перспектыва Анатоль Шумчанка.

Цяпер піваварная галіна краіны перажывае не самыя лепшыя часы. Брэнд-менеджэр піўзавода “Аліварыя Сяргей Рубец паведаміў, што аб’ёмы продажу піва сёлета ўпалі на 9,3 працэнта. Летась праз кіёскі рэалізоўвалася каля 30 працэнтаў прадукцыі піўзавода “Аліварыя. “Экспарт у беларускага піва невялікі, — расказвае спецыяліст. — Гэтаму ёсць многа прычын. Асноўны рынак для нас — мясцовы. Я не магу сказаць, што скарачэнне продажу адбылося толькі з-за закрыцця шапікаў. Важна, каб у людзей было яшчэ за што набываць. Аднак магу сказаць, што для нас шапікі — важны канал, і яго варта захаваць. Чакаецца, што да новага года магчыма яшчэ падзенне рэалізацыі піва на дзесяць працэнтаў.

Эканамісты Яраслаў Раманчук и Леанід Злотнікаў


Сяргей Рубец зазначыў, што продажы прадукцыі прадпрыемства не падаюць пакуль так, як агульны рынак Беларусі. “Нашае прадпрыемства перадавое, мы ўваходзім у сістэму прадпрыемстваў Carlsberg. І ў нас сітуацыя дастаткова нядрэнная, празмерных запасаў прадукцыі на складах пакуль не маем. Але, як і любыя іншыя бізнесмены, мы хочам, каб сітуацыя была стабільная, — падкрэсліў спецыяліст. Паводле яго слоў, найбольшым попытам карыстаюцца гатункі піва “мэйнстрым — сярэднецэнавай катэгорыі — “Аліварыя залатое і “Аліварыя дзесятка. Апошнія паўтара гады прадпрыемства займалася інавацыямі, выпусціла піва “экстра, якое атрымала шэраг узнагародаў на міжнародных выставах. Дастаткова вялікай папулярнасцю карыстаецца нефільтраванае піва “Белае золата.

Брэнд-менеджэр “Аліварыі паведаміў, што кіраўніцтва завода мела “дыялог на ўзроўні апытання меркавання. На пытанне: “Ці важны для нас такі канал збыту, як шапікі? адказалі, што “так важны. На пытанне: “Ці адбілася на нас забарона продажу? таксама атрыманы станоўчы адказ. “Я не валодаю падрабязнай інфармацыяй, але, магчыма, выказвалася пазіцыя, што ад закрыцця гэтага канала збыту страцяць і вытворцы, і гандляры. Як звычайны спажывец, я магу сказаць, што шапікі — важныя гандлёвыя кропкі, бо не хочацца ісці за нейкай дробяззю ў супермаркет, — сказаў спецыяліст піўзавода.

Што тычыцца рэакцыі прадпрымальнікаў, то яны згодныя гандляваць у шапіках выключна беларускім півам. Але адказу ад чыноўнікаў на сваю прапанову пакуль не атрымалі. Разам з тым на канферэнцыі была агучаная інфармацыя, што толькі ў маі з Брэсцкага піўзавода двойчы вывозілася на ўтылізацыю нерэалізаванае піва.

Радыкальная альтэрнатыва

Усе шышкі на канферэнцыі прадпрымальнікаў пасыпаліся на кансультанта дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Валерыя Хомчанку. У адказ чыноўнік толькі сціпла адказваў, што дыялог паміж дэпартаментам і грамадскімі аб’яднаннямі прадпрымальнікаў ідзе на сталай аснове, усё абмяркоўваецца і вырашаецца. “Створана працоўная група, якая займаецца рашэннем праблемных пытанняў. Цяпер аналізуецца сітуацыя наконт піва. Па выніках аналізу будзе прынята адпаведнае рашэнне. Але якім яно будзе, я цяпер сказаць не магу, — адзначыў Валерый Хомчанка.

На няўцямныя тлумачэнні прадстаўнікоў улады прадпрымальнікі выступілі з радыкальнай прапановай да кіраўніка Беларусі: разгледзець пытанне аб прафесійнай прыдатнасці і ступені адпаведнасці займаемай пасадзе міністра гандлю, міністра эканомікі, а таксама міністра па падатках і зборам. Выніковая рэзалюцыя канферэнцыі змяшчае і патрабаванне дазволіць суб’ектам малога прадпрымальніцтва гандляваць беларускім півам у шапіках і павільёнах, спыніць практыку канфіскацыі тавараў і накладанне вялікіх штрафаў, абвясціць мараторый на праверкі прадпрымальнікаў тэрмінам на два гады. Таксама прадпрымальнікі настойваюць адмяніць забарону па найму ІП працаўнікоў, аднавіць працу шапікаў у Мінску і іншых гарадах.

У рэзалюцыі гаворыцца, што прадпрымальнікі гатовыя дапамагчы дзяржаўным прадпрыемствам разгрузіць склады і стварыць новыя працоўныя месцы, “але без прымусу і навязвання нам коштаў, квот, рэжыму наймання і формы аплаты. Іпэшнікі выступаюць за “рэальнае партнёрства бізнесу і ўлады. “Мы пакідаем за сабою права абараняць нашы канстытуцыйныя правы, выяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю ўсімі законнымі сродкамі аж да страйкаў і дэманстрацый у выпадку далейшага ігнаравання патрабаванняў і прапаноў саміту, — гаворыцца ў выніковым дакуменце, які будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, абласныя выканкамы і Мінгарвыканкам.

Разам з тым палітык Уладзімір Нісцюк выказаў меркаванне пра негатыўныя наступствы палітызацыі супраціву прадпрымальнікаў, заявіўшы, што “дзіця, народжанае ад саюзу палітыкаў і бізнесу, не можа быць паўнавартасным. “Дзеячы палітыкі працуюць на больш віртуальны вынік, а прадпрымальнікі — на канкрэтны, яны зямныя людзі. Палітыкі заўсёды могуць неяк схавацца, чаго не скажаш пра прадпрымальнікаў. Не аднойчы было, калі прадпрымальнікі пайшлі за палітыкамі, а ў выніку мелі пасадкі ў турмы, страцілі свой бізнес, — рэзюмуе Нісцюк. Аднак жа варта заўважыць, што ў Беларусі эканамічныя пытанні непадзельныя з палітычнымі. І змены ў сістэме гаспадарання наўпрост звязаныя са зменамі ў галовах кіруючых асобаў. Таму ціха адседзецца да лепшых часоў у іпэшнікаў наўрад ці атрымаецца.

Светлае заўтра


Цяпер на складах беларускіх прадпрыемстваў знаходзіцца прадукцыі на суму 6,9 трыльёна рублёў. Стала вядома, што ўрад разглядае некалькі праектаў нарматыўных актаў, каб прыцягнуць да разгрузкі складоў індывідуальных прадпрымальнікаў. Для ІП, якія займаюцца экспартам беларускіх тавараў, можа быць устаноўлены адзіны гандлёвы збор у памеры базавай велічыні. Ад выплаты іншых падаткаў і збораў іх плануецца цалкам вызваліць. У якасці другой палёгкі можа быць спрошчаны механізм разлікаў прадпрымальнікаў з вытворцамі і ўладальнікамі тавару. Таксама ёсць прапанова вызваліць дробных гандляроў-экспарцёраў ад абавязковага пералічэння заробленай пры экспарце валюты на банкаўскія рахункі з наступным абавязковым яе продажам.

Каментаваць