Па кім звоніць звон сусветнага крызісу?

Насуперак аптымістычным заявам палітыкаў, сусветны крызіс яшчэ толькі пачынаецца, і ў «беларускай эканамічнай мадэлі» практычна няма шанцаў яго перажыць.

Сын аднаго майго прыяцеля вырашыў летам папрацаваць у ЗША па студэнцкай праграме. Месца яго працы — гасцініца ў адным з гарадкоў на ўзбярэжжы штата Луізіяна. Аднак нечакана ў яго паўсталі праблемы. Іх крыніца размешчана на дне Мексіканскага заліва, у тым самім месцы, дзе кампанія ВР змагаецца з уцечкай нафты з пашкоджанай свідравіны.



Насуперак аптымістычным заявам палітыкаў, сусветны крызіс яшчэ толькі пачынаецца, і ў «беларускай эканамічнай мадэлі» практычна няма шанцаў яго перажыць.

Сын аднаго майго прыяцеля вырашыў летам папрацаваць у ЗША па студэнцкай праграме. Месца яго працы — гасцініца ў адным з гарадкоў на ўзбярэжжы штата Луізіяна. Аднак нечакана ў яго паўсталі праблемы. Іх крыніца размешчана на дне Мексіканскага заліва, у тым самім месцы, дзе кампанія ВР змагаецца з уцечкай нафты з пашкоджанай свідравіны.

Далёка не кожны беларус здольны адшукаць Мексіканскі заліў на карце, тым не менш падзеі, што там адбываюцца, уплываюць на жыццёвыя планы нашых грамадзян. Глабалізацыя, аднак. Такімі словамі пракаментаваў бы праблему беларускага студэнта карэнны жыхар Чукоткі і, як заўсёды, меў бы рацыю.

З падзеямі, спароджанымі глабалізацыяй, мы сутыкаемся практычна штодня. Самы яркі прыклад — праблемы беларускай эканомікі і сусветны крызіс. І без падказкі афіцыйнай прапаганды большасці абывацеляў была зразумелая прычынна-выніковая сувязь паміж імі. Крызіс — прычына. Праблемы — вынік. З гэтым не паспрачаешся, але калі сусветны крызіс прытармазіў рост беларускай эканомікі, то што ж тады яго паскорыла ў канцы 2003 года?

Ад аднаўленчага росту да афшорнага


Звернемся да табліцы. У год першых прэзідэнцкіх выбараў падзенне ВУП было максімальным. Нядзіўна, што народ узбунтаваўся і падтрымаў харызматычнага кандыдата, які паабяцаў «запусціць заводы». Сваё слова ён стрымаў, і ўжо ў 1996 годзе статыстыка зафіксавала рост ВУП. Вынік наступнага года пераўзышоў чаканні самых адчайных аптымістаў. Але развіць поспех не атрымалася, і з 1998 года «беларуская эканамічная мадэль» пачала буксаваць.

Кароткатэрміновы ўсплёск эканамічнага росту ў другой палове 90-х гадоў назіраўся ў большасці былых савецкіх рэспублік, незалежна ад эканамічнай палітыкі, якую праводзілі ўлады. Эканамісты называюць такі рост «аднаўленчым». У адрозненне ад росту інвестыцыйнага, што мае патрэбу ва ўкараненні новых тэхналогій, аднаўленчы рост абапіраецца на актыўнае ўцягванне ў вытворчасць незадзейнічаных у перыяд крызісу магутнасцяў.

Да пачатку «нулявых» гадоў рэсурсы аднаўленчага росту ў Беларусі былі цалкам вычарпаныя. Рост рэальных прыбыткаў спыніўся, рэйтынг спецыяліста па запуску заводаў папоўз уніз. Здавалася, яшчэ трохі — і ўлада зноў «апынецца ў брудзе», але рымэйк сітуацыі 1994 года не адбыўся. На сусветных рынках цэны на нафту пайшлі ўверх. Лішак нафтадолараў згенераваў у Расіі попыт на беларускія тавары, а бязмытная расійская нафта дазволіла запусціць «нафтавы афшор».

Такім чынам, сваім палітычным даўгалеццем Лукашэнка шмат у чым абавязаны росту цэн на нафту. Але чаму яны пачалі расці? Без адказу на гэта пытанне нам будзе цяжка зразумець мінулае, сучаснасць і будучыню «беларускай эканамічнай мадэлі», а заадно і яе архітэктара.

Амерыканскі дысбаланс

Сусветны крызіс заняў першыя радкі на стужках інфармацыйных агенцтваў пасля банкруцтва банка «Lehman Brothers» (верасень 2008 года), але, што цікава, прычыны крызісу апынуліся на перыферыі грамадскай увагі. Веды, на жаль, спараджаюць смутак, а няведанне — аптымізм. Апошні надзвычай важны для палітыкаў. Яны навыперадкі кінуліся шукаць «зялёныя парасткі» (выраз старшыні Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Бена Бернанке), якія б сігналізавалі пра аднаўленне прамысловага росту. Хто шукае, той заўсёды знойдзе. Таму афіцыйныя заявы з нагоды заканчэння сусветнага крызісу паступаюць з перыядычнасцю марскіх прыліваў.

Калі мы паглядзім на графік сярэдняй заработнай платы ЗША ў супастаўных цэнах, дык выявім, што яе бурны рост пасля заканчэння другой сусветнай вайны змяніўся ў 1972 годзе падзеннем. Пасля 1980 года рост аднавіўся, але тэмп яго апынуўся вельмі далёкім ад папярэдняга перыяду. Думаю, шмат хто з чытачоў будзе здзіўлены, аднак сярэдняя заработная плата ў ЗША сёння не нашмат вышэй, чым у далёкім 1972-м!

На думку асобных эканамістаў, да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя эканамічнае развіццё, заснаванае на мадэлі навукова-тэхнічнага прагрэсу, сябе вычарпала. Разбіраць дэталёва іх аргументы ў газетным артыкуле няма магчымасці, таму абмяжуюся толькі згадваннем двух фактаў. Па-першае, у 1971 годзе ЗША абвясцілі дэфолт па долары, калі перасталі прывязваць яго да золата. З тых часоў адзінай мерай кошту ў свеце з’яўляецца долар, не забяспечаны нічым. Па-другое, у найбуйнейшай эканоміцы свету пачалася стагфляцыя (падзенне вытворчасці пры высокай інфляцыі), што не магло быць растлумачана ў рамках класічнай эканамічнай тэорыі.

Праблему стагфляцыі атрымалася вырашыць з дапамогай «рэйганомікі», сутнасць якой складалася ў грашовай напампоўцы за кошт эмісійных долараў, толькі накіроўваліся яны не на падтрымку бізнесу, а на крэдытнае стымуляванне канчатковага попыту — як дзяржаўнага, так і прыватнага (адсюль рост узроўню жыцця). Для абмежавання інфляцыі ў сектары спажывання стаўкі па крэдытах былі паднятыя да нябачанага раней узроўню (уліковая стаўка ФРС у 1981 годзе склала амаль 20%). Залішнюю ж ліквіднасць давялося «ўтылізаваць» за кошт раздзімання фінансавых бурбалак.

Вынікам «рэйганомікі», якая паслядоўна ажыццяўлялася на працягу 30 гадоў, стаў гіганцкі дысбаланс паміж узроўнямі вытворчасці і спажывання. Амерыканцы, якія вырабляюць 20 працэнтаў сусветнага ВУП, ухітраюцца спажываць 35 працэнтаў агульнасусветнага пірага. Пад залішняе спажыванне ў свеце створаныя адпаведныя вытворчыя магутнасці, і зараз, калі попыт у ЗША пачаў падаць, гэтыя магутнасці вызваляюцца.

У якасці асноўнай крыніцы эканамічнага росту ў свеце ў апошнія гады выступаў амерыканскі попыт. Эканомікі іншых краін раслі або за кошт абслугоўвання амерыканскага попыту, або за кошт абслугоўвання тых, хто абслугоўваў амерыканскі попыт. У ліку апошніх краін знаходзіцца і Беларусь.

Кітайскія тавары за кітайскія грошы

Масла ў агонь амерыканскіх праблем падліў і Кітай — дакладней, падлілі яго самі амерыканцы, калі масава пачалі пераводзіць прадпрыемствы бліжэй да танных працоўных рук. Навошта плаціць сваім 15 долараў у гадзіну, калі можна заплаціць чужым 50 цэнтаў. У выніку даражэйшыя працоўныя месцы ў амерыканскай прамысловасці сталі замяшчацца таннымі ў сферы паслуг, што таксама стрымлівае рост зарплаты.

Але адным фактарам танных рук роля Кітая ў лёсе сучаснай Амерыкі сёння не абмяжоўваецца. Сярэднестатыстычны кітаец 40 «капеек» з кожнага заробленага ім юаня адкладае на чорны дзень. Сярэднестатыстычны амерыканец з кожнага «зялёнага» не адкладае ні цэнта. Ён, як адзначалася вышэй, жыве ў пазыку. На кожнай амерыканскай хатняй гаспадарцы сёння вісіць фінансавая гіра, роўная 130 працэнтам гадавога прыбытку (сярэднестатыстычны беларус адкладае каля 5 капеек з рубля).

Нягледзячы на тое, што, паводле Лукашэнкі, «опыт Китая и опыт Беларуси весьма близки друг другу, они перспективны и успешно реализуются на практике», кітайскія таварышы не бяруць на сябе абавязанняў па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва, хоць і рэгулярна праводзяць Усекітайскія сходы народных прадстаўнікоў. Такая палітыка не дазваляе кітайцам у масавым парадку фармаваць «пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні». Вось і даводзіцца гаротнікам эканоміць і цяжка працаваць, цяжка працаваць і эканоміць.

Але вернемся да 40 «капеек» з кожнага заробленага юаня. Яны збіраюцца ў гіганцкую суму, пераварыць якую кітайская эканоміка не ў стане. На «лішкі» Кітай набывае амерыканскія казначэйскія абавязанні, што дазваляе амерыканцам не проста купляць кітайскія тавары, але купляць іх за кітайскія грошы.

У зачараваным коле

Апісаны механізм падвышэння жыццёвага ўзроўню патрабуе сталага павелічэння аб’ёму крэдытавання. Але як гэтага дамагчыся, калі прыбыткі пазыкадаўцаў не растуць, а таму ўвесь час узнікаюць праблемы з абслугоўваннем раней узятых крэдытаў. Выхад з гэтага становішча быў знойдзены ў перакрэдытаванні пазыкаў, зрабіць тое можна толькі пры ўмове стабільнага паніжэння кошту крэдытаў, да чаго і вымушаная была прыступіць ФРС. На мяжы 2003–2004 гадоў уліковая стаўка апусцілася практычна да нуля, і тым самым заблакавала магчымасці наступнага перакрэдытавання. Эпоха жыцця ў крэдыт, эпоха «рэйганомікі» завяршылася. Пачаліся масавыя банкруцтвы хатніх гаспадарак на фоне попыту, які сціскаўся.

Аб’ём міжнароднага гандлю таварамі ў 2009 годзе скараціўся на 12 працэнтаў (у коштавым вымярэнні — на 23 працэнты). У апошні раз такое было ў Вялікую Дэпрэсію. Каля 3 мільёнаў амерыканскіх домаўладальнікаў страцілі права на выкуп закладной. Для прадухілення калапсу было прынята рашэнне заліць пажар крызісу грашыма. Толькі за мінулы год для падтрымкі попыту, паводле дадзеных агенцтва «Блумберг», было выдаткавана 7,8 трыльёна долараў (з улікам інфляцыі на план Маршала — 115 мільярдаў, на «новы курс» Рузвельта — 500 мільярдаў).


Такія сур’ёзныя сумы не прывялі да павелічэння агульнанацыянальнага крэдытнага партфеля. Хатнія гаспадаркі не спяшаюцца браць падаражэлыя крэдыты, а карпарацыям, па вялікім рахунку, укладваць няма куды. У выніку асноўная маса грошай марнуецца на надзіманне чарговых фінансавых бурбалак, але гэтым разам не на рынку нерухомасці, а на рынку сыравіны (адсюль высокія кошты на нафту).

Страты прамысловых карпарацый і банкаў для прадухілення «эфекту даміно» ўсё часцей вымушаны браць на сябе дзяржавы. Аднак гэта азначае, што крызіс адкладваецца на пэўны час. Бо перад пагрозай банкруцтва могуць апынуцца самі дзяржавы, што ўжо і адбываецца ў Еўропе. Спробы ж адмовіцца ад эмісійнай падтрымкі эканомікі і перайсці да палітыкі скарачэння бюджэтных выдаткаў прывядуць да чарговага сціскання попыту.

Атрымліваецца зачараванае кола, выхад з якога ў рамках існай мадэлі эканамічнага росту не праглядаецца. Крызіс урэшце скончыцца. Якім будзе свет пасля яго — сказаць цяжка, але ў тым, што ён істотна зменіцца — сумневаў не ўзнікае. Няшмат шанцаў перажыць крызіс і ў «беларускай эканамічнай мадэлі», яна і да крызісу падтрымлівалася на плаву толькі дзякуючы вонкавым датацыям, ільвіная частка якіх ішла на подкуп электарату.
 

Каментаваць